Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пайшоў на саступкі: Брытанія атрымлівае адмысловы статус


Брытаніі ўдалося дамагчыся ад удзельнікаў саміту ЭЗ у Брусэлі саступак па пытаньнях дапамогі для мігрантаў, а таксама далейшай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі.

«Я дамовіўся, што Брытанія атрымае асаблівы статус у ЭЗ», — напісаў брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран у сваім Твітэры па выніках перамоваў, якія доўжыліся амаль 2 дні.

Згодна з дакумэнтам, ухваленым лідэрамі ўсіх 28 краінаў Эўразьвязу, Брытанія атрымала права не плаціць цалкам усе дапамогі новым мігрантам зь іншых краінаў ЭЗ на працягу сямі гадоў.

Задаволены былі і астатнія патрабаваньні Брытаніі, сутнасьць якіх — замацаваньні ў дакумэнтах асаблівага статусу Злучанага Каралеўства ў ЭЗ і яго права ня ўдзельнічаць у далейшай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі зьвязу.

«Прызнаецца, што Злучанае Каралеўства, улічваючы яго асаблівае становішча ў адпаведнасьці з дамовай, не нясе абавязацельстваў адносна далейшай палітычнай інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз», — гаворыцца ў дакумэнце.

Гэта палажэньне будзе ўключана ў наступныя рэдакцыі асноватворных дакумэнтаў Эўразьвязу, паведамляе Бі-бі-сі.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на сваёй прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту сказала, што, на яе думку, гэтае рашэньне паспрыяе станоўчаму для ЭЗ выніку рэфэрэндуму ў Брытаніі.

«Мы лічым, што Дэвід Кэмэран атрымаў ад нас такі „пакет“, які дазволіць павялічыць колькасьць брытанцаў, якія маюць намер прагаласаваць за тое, каб краіна засталася ў ЭЗ», — сказала Мэркель.

Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі Дэвід Кэмэран абяцаў правесьці ў Брытаніі рэфэрэндум аб членстве краіны ў ЭЗ. Паводле дадзеных сацапытаньняў, колькасьць праціўнікаў і прыхільнікаў знаходжаньня ў Эўразьвязе сярод брытанцаў прыкладна аднолькавая. Аднак на думку экспэртаў, калі ЭЗ пойдзе на пэўныя саступкі, яны гатовыя прагаласаваць за тое, каб застацца ў Эўразьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG