Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саміт у Брусэлі: Вялікабрытанія пагражае выхадам з Эўразьвязу


Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран, які сустракаецца зь лідэрамі Эўрапейскага зьвязу на саміце ў Брусэлі, заявіў пра свой намер «біцца за Брытанію».

Галоўныя тэмы саміту ЭЗ — міграцыйны крызіс і пагрозы Брытаніі, якая заявіла пра магчымы выхад з Эўразьвязу.

«Я буду змагацца за Брытанію. Калі мы зможам дасягнуць задавальняючай нас дамоўленасьці, я пагаджуся на гэта. Але я не пагаджуся на тое, што нас не задавальняе. Я лічу, значна важней зрабіць усё правільна, чым рабіць нешта сьпехам», — заявіў Дэвід Кэмэран.

Кэмеран дамагаецца саступак ад лідэраў ЭЗ па сваім галоўным патрабаваньні, разьлічваючы прадставіць гэтыя саступкі на рэфэрэндуме, які адбудзецца ў гэтым годзе і на якім брытанцы вырашаць, ці заставацца краіне ў Эўрапейскім зьвязе.

Паводле яго слоў, дамоўленасьць можа быць дасягнутая ў духу добрай волі і дзякуючы дбайнай працы.

Першы дзень саміту ЭЗ (18 лютага) перайшоў у ноч: лідэры краінаў Эўразьвязу засядзеліся да трэцяй гадзіны ночы на працоўнай вячэры, абмяркоўваючы пытаньне ўцекачоў. Аб сумеснай палітыцы ў дачыненьні да хвалі мігрантаў дамовіцца змаглі, прынамсі, на ўзроўні дэклярацыі, а пра кампраміс з Брытаніяй — не.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер выказаў упэўненасьць у тым, што дамоўленасьць будзе дасягнутая, аднак прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд настроены больш стрымана.

Алянд сказаў, што дамоўленасьць магчымая і неабходная, аднак прынцыпы зьвязу павінны заставацца непахіснымі. Ні адна краіна не павінна мець права вета або патрабаваць для сябе выключэньняў з агульных правілаў.

Яшчэ адной вельмі складанай задачай, якая стаіць перад эўрапейскімі лідэрамі, зьяўляецца ўрэгуляваньне міграцыйнага крызісу. Дзяржавы-сябры ЭЗ разышліся ў меркаваньнях наконт таго, што рабіць з дзясяткамі тысяч уцекачоў, якія працягваюць прыбываць у Эўропу.

Прызнаўшы перамовы з Брытаніяй «даволі цяжкімі», прэзыдэнт ЭЗ Дональд Туск назваў гэты саміт «вырашальным» для лёсу Эўразьвязу.

XS
SM
MD
LG