Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў не ўключылі ў аргкамітэт па ўшанаваньні памяці ахвяраў «віцебскіх Курапатаў»


Ян Дзяржаўцаў на месцы масавага пахаваньня каля вёскі Хайсы

Ян Дзяржаўцаў на месцы масавага пахаваньня каля вёскі Хайсы

Высьветлілася, што склад камісіі зацьверджаны аблвыканкамам. А ўлады не прызнаюць вёску Хайсы месцам загубы ахвяраў сталінізму.

Прадстаўнікі ўладаў лічаць, што знойдзенае віцебскімі актывістамі не вядомае дагэтуль масавае пахаваньне адносіцца да часу Вялікай Айчыннай вайны. Таму, не дачакаўшыся канчатковых высноваў навукоўцаў або сканчэньня працы ў архівах, яны ўжо ўтварылі «аргкамітэт па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў».

Паколькі актывісты ініцыятывы «Хайсы» маюць іншую думку, яны прасілі, каб і іх уключылі ў склад аргкамітэту — каб падыход да праблемы быў больш аб’ектыўны. Гэтая просьба была адной з цэлага шэрагу прапановаў, выказаных у калектыўным лісьце, кажа стваральнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў:

«11 лістапада 2014 году мы знайшлі ў лесе пад вёскай „Хайсы“ чалавечыя парэшткі і распавялі пра гэта ў СМІ. Адначасова зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру. І ўжо зь першых крокаў зразумелі, што дзяржаўныя структуры прыхоўваюць ад нас вынікі праверак і схіляюць грамадзкасьць да меркаваньня, што забітыя ў лесе людзі — гэта ахвяры Вялікай Айчыннай вайны.

Мы ж сабралі сьведчаньні каля дваццаці мясцовых старажылаў, якія ўспамінаюць пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясьцінах.

А нядаўна мы зьвярталіся з калектыўным лістом у Віцебскі райвыканкам, дзе былі прапановы па ўшанаваньні памяці ахвяраў. Ніводнай зь іх не прынялі. І нас адмовіліся ўключыць у камісію, якая займаецца гэтым пытаньнем. Сказалі, што склад зацьверджаны аблвыканкамам і нас могуць толькі запрасіць на пасяджэньне. Калі палічаць патрэбным».

Пра тое, што ў камісіі грамадзкіх актывістаў бачыць ня хочуць, прыхільнікі ініцыятывы «Хайсы» даведаліся на сустрэчы ў Мазалаўскім сельсавеце. Сустрэча была арганізаваная ў якасьці адказу на калектыўны ліст. На сустрэчы прысутнічалі намесьніца старшыні Віцебскага райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях Ксенія Карабач, а таксама начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Марына Здольнікава, галоўны спэцыяліст гэтага аддзелу Ірына Тарасава ды старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна.

Спадарыня Тарасава агучыла высновы археоляга 52-га пошукавага батальёну Вадзіма Таміліна, які мяркуе, што час пахаваньня — гэта пэрыяд з 1936 па 1941 год. Разам з тым археоляг сьцьвярджае, што дакладнаму датаваньню пахаваньня перашкаджае тая акалічнасьць, што парэшткі страцілі анатамічную цэльнасьць, і што значная колькасьць знаходак зьнікла яшчэ да пачатку пошукавых працаў адмыслоўцаў батальёну. Бо да іх тут пагаспадарылі «чорныя капальнікі».

Таксама Ірына Тарасава азнаёміла прысутных з тым, што ўдалося даведацца аргкамітэту. На запыт яго ўдзельнікаў прыйшлі адказы, што ні Нацыянальны архіў РБ, ні Ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці ня маюць зьвестак пра месцы масавых пахаваньняў часу сталінскіх рэпрэсіяў і войнаў каля вёскі Хайсы.

Адказ прыкладна такога самага зьместу атрымаў па пошце і Ян Дзяржаўцаў. Ён кажа, што ў КДБ па гэтым пытаньні зьвярталіся і актывісты:

«Мы прасілі, каб нам паведамілі пра месцы масавых расстрэлаў ва ўсім Віцебскім раёне, але адказу на гэтае пытаньне нам не далі. Што да меркаваньня аргкамітэту, то яны спасылаюцца ўсяго на адну знаходку пошукавага батальёну — на кавалак тканіны, якую экспэрты вызначылі як фрагмэнт нямецкага вайсковага кіцеля. Тут няма нічога дзіўнага: у гэтых мясьцінах у час вайны ішлі баі, непадалёк быў спушчаны з рэек эшалён з матэрыяльнымі прыпасамі — пра гэта ёсьць архіўныя сьведчаньні. Але чаму аргкамітэт, усяляк падкрэсьліваючы „нямецкі сьлед“ у гэтай справе, не заўважае, што ня знойдзена гільзаў ад нямецкай зброі, а толькі ад той, якая была на ўзбраеньні ў НКУС? І чаму ігнаруюцца сьведчаньні старажылаў бліжэйшых вёсак?

Можа, ужо хопіць валіць усе няшчасьці на тых немцаў, а час зьвярнуць увагу на злачынствы савецкай улады?»

Ян Дзяржаўцаў і іншыя актывісты перадалі аргкамітэту зьвесткі з інтэрнэту, якія сьведчаць пра сталінскія расстрэлы пад Віцебскам, а таксама 18 відэафайлаў з запісамі аповедаў сьведак. Толькі гэта яны здольныя супроцьпаставіць пазыцыі мясцовых уладаў, упэўненых, што «вайна ўсё сьпіша».

Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся актывістам, — гэта абяцаньня запрасіць навукоўцаў з Акадэміі навук, каб яны больш дэталёва вывучылі мясцовасьць і знаходкі 52-га пошукавага батальёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG