Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Хайсы» патрабуе расьсьледаваць «сталінскія расстрэлы» пад Віцебскам


Самаробны мэмарыял у лесе

Самаробны мэмарыял у лесе

Больш за год таму ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі — косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Вяскоўцы згадваюць, што тут адбываліся «сталінскія расстрэлы», аднак мясцовыя ўлады не прызнаюць гэта за праўду.

Ініцыятыва «Хайсы» была створаная з мэтаю дамагчыся праўдзівых высноваў пра даўнюю трагедыю, вынікам якой сталася невядомае масавае пахаваньне ў лесе. Грамадзкасьць даведалася пра яго, калі віцебскія актывісты заўважылі наступствы пошукаў «чорных капальнікаў» — вывернутыя зь зямлі чалавечыя косткі, якія былі літаральна раскіданыя пад нагамі.

Жахлівыя знаходкі ў лесе каля вёскі Хайсы

Жахлівыя знаходкі ў лесе каля вёскі Хайсы

Пра гэта актывісты напісалі заявы ў пракуратуру, міліцыю, Сьледчы камітэт і мясцовы выканкам. І пачалі зьбіраць сьведчаньні мясцовых старажылаў, якія згадвалі пра тое, што ў гэтым лесе ў 1936-37 гадах адбываліся расстрэлы мірнага насельніцтва. Аднак сьледчыя, якія праводзілі праверку па фактах знойдзеных парэшткаў, не жадаюць дзяліцца з актывістамі падрабязнымі высновамі: удзельнікам ініцыятывы «Хайсы» паведамілі толькі тое, што парэшткам больш за 50 гадоў і што частку костак, забраных зь месца трагедыі, перадалі на пахаваньне работнікам ЖКГ. Дзе яно адбылося і ці адбылося ўвогуле, ці ёсьць у тым месцы хоць нейкі знак пра перапахаваных ахвяраў, — нікому не вядома.

У раскопах былі знойдзеныя таксама фрагмэнты адзеньня і абутку

У раскопах былі знойдзеныя таксама фрагмэнты адзеньня і абутку

Стваральнік ініцыятывы «Хайсы», сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў лічыць, што ўсё гэта не па-людзку і варта дамагацца, каб ахвяры колішняй трагедыі былі пахаваныя тут жа, каля Хайсоў. Прычым месца гэтае трэба зрабіць мэмарыяльным:

Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

«Кіруючыся нормамі агульначалавечай маралі, розумам, сумленьнем і хрысьціянскімі каштоўнасьцямі, мы прапануем прызнаць гэтае месца месцам расстрэлу савецкіх грамадзянаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Бо ўжо больш за 15 чалавек, жыхароў навакольных вёсак, а таксама знаходкі адмысловага 52-га пошукавага батальёну пацьвярджаюць гэтыя факты. Мы прапануем пахаваць парэшткі ахвяраў каля вёскі Хайсы — у тым месцы, адкуль іх паднялі. А гэтаму месцу надаць статус мэмарыяльных могілак — гістарычнай каштоўнасьці, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах. У кожнага з нас ёсьць маці, бацька, і калі яны сыходзяць у іншы сьвет, мы адведваем іх на могілках. Дык чаму ж гэтага ня могуць зрабіць нашчадкі пахаваных тут дзядоў і бацькоў?».

Гэтыя прапановы актывісты выклалі ў лісьце да мясцовых уладаў — у Віцебскі райвыканкам. Ліст падпісалі 36 удзельнікаў ініцыятывы «Хайсы» і злучнасьці «Курапаты». Паводле спадара Дзяржаўцава, пахаваньні расстраляных у Курапатах і каля Хайсоў дужа падобныя: і там, і там знойдзеныя чалавечыя косткі, рэшткі прадметаў ужытку, фрагмэнты жаночага і мужчынскага адзеньня. Сьцьвярджаючы гэта, віцебскі актывіст спасылаецца на меркаваньне археолягаў Валянціны Вяргей і Мікалая Крывальцэвіча, якія пабывалі ў Хайсах на запрашэньне віцебскіх актывістаў.

Увосень мінулага году там працаваў і 52-гі пошукавы батальён, выкліканы старшынём мясцовага Мазалаўскага сельсавету Леанідам Дубінам. Пашукавікі сабралі парэшткі і іншыя знаходкі, прысыпалі яміны, дзе яны былі знойдзеныя, і зьехалі. Поўную справаздачу па іхняй працы віцебскім актывістам даць адмаўляюцца як мясцовыя ўлады, так і абласны ваенкамат. Тым часам у дзяржаўных СМІ пачалі зьяўляцца артыкулы, у якіх чытачам Віцебшчыны расказваюць пра знойдзенае пахаваньне, але суадносяць яго з часамі Вялікай Айчыннай вайны, а не пэрыядам сталінскіх рэпрэсіяў у 1930-я.

На думку Яна Дзяржаўцава, знаходкі вайскоўцаў сьведчаць якраз пра гэта і знарок інтэрпрэтуюцца іначай:

«Вынікі працы пашукавікоў цалкам пацьвярджаюць сьведчаньні жыхароў навакольных вёсак пра тое, што каля Хайсоў расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Падчас раскопак былі знойдзеныя манэты 1931-34 гадоў, абутак 1936-37 гадоў, а самае галоўнае — мноства гільзаў ад куль да пісталетаў „кольт“ і „наган“, вінтоўкі Мосіна, што былі ў той час на ўзбраеньні НКУС. 97% гільз — ад патронаў пісталета „кольт“. Нас, неабыякавых грамадзянаў Беларусі, хвалюе, што супрацоўнікі Віцебскага гарвыканкаму замоўчваюць, ня хочуць прызнаць відавочныя злачынствы, што адбыліся ў часы сталінскіх рэпрэсіяў ва ўрочышчы Хайсы. А там ляжыць яшчэ шмат ахвяраў, ня знойдзеных пашукавікамі празь недахоп часу! Просім, каб з боку Віцебскага райвыканкаму ў Акадэмію навук даслалі афіцыйны ліст — каб супрацоўнікі акадэміі прыехалі і больш дакладна дасьледавалі ўрочышча. Бо, па сьведчаньнях мясцовых жыхароў, плошчы, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінізму, значна большыя. І вяскоўцы гатовыя паказаць месцы расстрэлаў».

Яшчэ адна просьба з боку ініцыятывы да мясцовых уладаў — перадаць ужо знойдзеныя каля Хайсоў парэшткі і артэфакты навукоўцам для дэталёвага вывучэньня і аналізу. Бо высновы пра тое, што пахаваньне належыць да пэрыяду Вялікай Айчыннай вайны, аніяк не стасуюцца са сьведчаньнямі старажылаў пра «сталінскія расстрэлы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG