Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады спрабуюць давесьці, што расстраляныя ў «віцебскіх Курапатах» — ахвяры вайны, а ня Сталіна


Віцебскія актывісты, якія знайшлі чалавечыя парэшткі ў лесе каля вёскі Хайсы, гатовыя прадставіць запісы аповедаў сьведак, што тут адбываліся расстрэлы ў 1937-38 гадах.

У абласной газэце «Витебские вести» зьявіўся артыкул «Актывісты знайшлі забытае пахаваньне ў Віцебскім раёне». У ім цытуюцца словы археоляга 52-га асобнага спэцыялізаванага пошукавага батальёна Вадзіма Таміліна пра эксгумацыю парэшткаў, якая праводзілася ў кастрычніку гэтага году. Паводле адмыслоўца, «сувязь дадзенага пахаваньня з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны відавочная». Віцебскі райвыканкам яшчэ толькі даслаў запыты ў архівы, а чытачам ужо прапануюцца высновы: маўляў, у лесе пад Хайсамі знайшлі пахаваньне ваеннага часу.

У сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Яна Дзяржаўцава, стваральніка грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», артыкул у дзяржаўнай газэце выклікае шмат пытаньняў.

Найгалоўнейшае — чаму высновы археалягічных досьледаў працытаваныя ня поўнасьцю.

Спадар Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы спрабавалі атрымаць поўны зьмест гэтых высноваў, але атрымалі адмовы і з ваенкамату, і зь Віцебскага райвыканкаму. У лістах з абедзьвюх установаў утрымліваюцца вельмі сьціслыя зьвесткі: высілкамі 52-га батальёну эксгумаваныя парэшткі 172 чалавек, на пэўнай колькасьці чэрапаў маюцца кулявыя адтуліны рознага дыямэтра. Выяўленыя таксама фрагмэнты мужчынскага і жаночага абутку, адзеньня, у тым ліку «кіцель ваеннага ўзору, якія насілі нямецкія вайскоўцы». Яшчэ знойдзены «кулі, гільзы, манэты і г. д. 1936 — 1941 гадоў».

Ян Дзяржаўцаў каля крыжа на месцы расстрэлаў

Ян Дзяржаўцаў каля крыжа на месцы расстрэлаў

Астатняя інфармацыя, як вынікае з афіцыйных лістоў, засакрэчаная. З ваенкамату напісалі, што яна даступная толькі службовым асобам. А з райвыканкаму паведамілі, што даслалі дадатковыя запыты ў Дзяржаўны архіў і ў абласную ўправу КДБ.

Ян Дзяржаўцаў кажа, што ў яго шмат сумневаў наконт працытаваных высноў адмыслоўцаў. Па-першае, знойдзены не «кіцель ваеннага ўзору», а фрагмэнт, кавалак тканіны. Па другое, колькасьць людзей, чые парэшткі знайшлі ў лесе пад Хайсамі, была куды большая, чымсьці 172 чалавекі. Бо Сьледчы камітэт цягам году двойчы забіраў парэшткі з гэтых мясьцін, і таму ў падліках «страціліся» яшчэ каля 30-ці невядомых ахвяраў. Дарэчы, з вынікамі тых экспэртызаў актывістам пазнаёміцца так і не ўдалося, а ў адмовах было пазначана, што парэшткі перададзеныя службам ЖКГ для пахаваньня. Атрымалася, што ўлады гатовыя прызнаць частку загінулых ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, а іншыя будуць або былі пахаваныя невядома дзе і без вызначэньня статусу.

У адказах з афіцыйных устаноў пазначана, што час і прычыну сьмерці ахвяраў вызначыць немагчыма. Між тым актывісты на ўласныя вочы бачылі ў раскопах гільзы ад «Кольтаў» — пісталетаў, якімі карысталіся карнікі НКВД. І падкрэсьліваюць, што не было знойдзена ні салдацкіх касак, ні зброі, якія б вызначылі прыналежнасьць масавага пахаваньня да часу Вялікай Айчыннай вайны. На падэшвах абутку часта сустракаецца дата вырабу — 1930-я гады. А галоўнае, актывісты зафіксавалі аповеды мясцовых старажылаў, якія згадваюць менавіта «сталінскія» расстрэлы, і цьвердзяць, што ў гэтым лесе не расстрэльвалі ваеннапалонных або вязьняў канцлягераў.

На месцы загубы невядомых ахвяраў віцебскія актывісты ўсталявалі мэмарыяльныя крыжы. Яны выказваюць сумневы, што пры сучасным узроўні навуковага разьвіцьця па чалавечых костках сапраўды немагчыма ўстанавіць дату сьмерці, з дакладнасьцю хаця б да аднаго году. Высьвятленьне гэтай акалічнасьці ўрэшце паставіла б кропку ў спрэчках пра паходжаньне масавага пахаваньня пад вёскай Хайсы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG