Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхайлоўская: У адказе Сьледчага камітэту на скаргу Ўльяны Захаранкі прагучала новая нотка


Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі
Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі

Сьледчы камітэт адмовіўся аб’яднаць крымінальныя справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага ў адну вытворчасьць.

Пра гэта паведамляе Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, які ад імя Ўльяны Захаранкі падаў адпаведную скаргу ў Генпракуратуру, а тая пераадрасавала яе Сьледчаму камітэту.

БДЦ лічыць, што праваахоўныя органы не разгледзелі гэтую скаргу па сутнасьці, бо «ў адказе адсутнічаюць аргумэнтаваныя довады адмовы ў задавальненьні ўсіх пытаньняў, пастаўленых у скарзе».

«Спасылка на адсутнасьць у матэрыялах крымінальных спраў Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага, Д. Завадзкага доказаў, якія сьведчаць аб магчымым зьдзяйсьненьні названых злачынстваў адной і той жа асобай ці групай асобаў, выклікае зьдзіўленьне, паколькі ў скарзе Ўльяна Рыгораўна прыводзіць пералік доказаў з указаньнем іх крыніц, якія сьведчаць аб адваротным», — адзначае Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.

Ульяна Захаранка прасіла таксама кваліфікаваць злачынствы супраць яе сына і іншых зьніклых апазыцыянэраў паводле крымінальнага артыкула «злачынства супраць чалавечнасьці».

Паводле БДЦ, адказ Сьледчага камітэту, аднак, «усяляе надзею на тое, што гэтае пытаньне ня зьнятае з парадку дня Сьледчага камітэту і яго рашэньне магчымае на іншых стадыях дасудовай вытворчасьці, роўна як і абяцаньне праверыць падчас сьледзтва іншыя довады, выкладзеныя ў скарзе У. Захаранкі».

Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар таксама адзначае, што праваахоўныя органы ў сваіх адказах не даюць юрыдычнай ацэнкі бязьдзейнасьці сьледчага Юрыя Вараўкі, што, уласна, і было прадметам пададзеных скаргаў.

У скаргах на адрас старшыні Сьледчага камітэту і генпракурора прыводзіліся факты бязьдзейнасьці сьледчага па ўсталяваньні і прыцягненьні да адказнасьці асобаў, вінаватых у гвалтоўных зьнікненьнях палітычных апанэнтаў улады.

Паводле Ўльяны Захаранкі, папярэдняе расьсьледаваньне незаконна зацягваецца. Яна патрабавала завяршыць яго ва ўстаноўленыя законам тэрміны і накіраваць крымінальную справу ў суд. Як адзначае БДЦ, скаргі пакінутыя без задавальненьня.

Кіраўніца БДЦ Раіса Міхайлоўская напісала ў фэйсбуку:

«На сёньняшні дзень у ЭЗ засталася адна прэтэнзія да беларускіх уладаў — нерасьсьледаваныя справы зьніклых палітыкаў. Вось толькі яны асабліва і ня рвуцца іх расьсьледаваць. Яшчэ раз пра барацьбу маці Ю.Захаранкі за права ведаць праўду пра лёс сына».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды кіраўніца БДЦ Раіса Міхайлоўская пракамэнтавала адмову Сьледчага камітэту аб’яднаць справы зьніклых у адну.

Аб’яднаўшы справы, мы пакажам сыстэмнасьць зьнікненьня чатырох чалавек

— Яны цьвердзяць, што ў дадзены момант няма такіх працэсуальных магчымасьцяў. Але ў цяперашнім адказе прагучала нейкая новая нотка, што «ў дадзены момант» працэсуальна гэта немагчыма. Я лічу, што такая магчымасьць ёсьць. У такім выпадку можна неяк закрыць гэту справу і адкрыць па новым артыкуле, па тым, па якім мы патрабуем, які ня мае тэрміну даўнасьці. У адказе яны пішуць, што ў іх няма асобы, якая зьдзейсьніла злачынствы па ўсіх гэтых выпадках. І тут яны, канечне, хітруюць. У сваім лісьце Ўльяна Рыгораўна канкрэтна называе гэтыя асобы, якіх мы падазраём, якія маюць дачыненьне. І чаму не правяраць іх на гэтую датычнасьць?

— Якія гэта асобы?

— Гэта тыя чатыры асобы, якія засталіся ў сьпісе ЭЗ пад санкцыямі. Гэты сьпіс не зьмяніўся дагэтуль. Але, наколькі мы ведаем, ён не правераны. Больш за тое, пададзены вялікі сьпіс дадатковых асобаў, якіх Ульяна Рыгораўна просіць апытаць у сувязі з гэтым. Іх жа не дапытвалі. Ва ўсякім разе, у сваякоў зьвестак пра гэта няма.

— Чаму, на ваш погляд, важна аб’яднаць усе гэтыя справы аб зьнікненьнях у адну?

— Як вынікае з нашых дадзеных, аб’яднаўшы справы, мы пакажам сыстэмнасьць зьнікненьня чатырох чалавек. І прапанаваны намі 128 артыкул якраз прадугледжвае гэтую сыстэмнасьць зьнікненьняў і пазасудовых пакараньняў. Мы маем дадзеныя пра тое, хто браў удзел у гэтых злачынствах. Адны і тыя ж людзі. Прымяняўся адзін і той жа мэтад для гэтых пакараньняў — расстрэльны пісталет. Няхай улада гэта абвергне. Але яны нават гэтага ня робяць. Тады няхай яны раскажуць сваю вэрсію, абгрунтаваную расьсьледаваньнем. Гэтага мы таксама ня ведаем. Таму паводле таго, што мае грамадзкасьць, гэтыя справы павінны быць аб’яднаныя ў адну вытворчасьць.

— І ў якім стане на гэты момант знаходзіцца расьсьледаваньне спраў зьніклых?

— Чарговае падаўжэньне папярэдняга расьсьледаваньня справы да 24 сакавіка. Такія паведамленьні кожныя тры месяцы прыходзяць. Апошнім часам гэтыя падаўжэньні надакучылі. І была пададзена скарга фактычна на бязьдзейнасьць сьледчага Вараўкі. Цяпер Вараўка нібы і павінен на гэтыя скаргі адказаць. То бок скаргі накіроўваюцца таму, чые дзеяньні Ўльяна Рыгораўна абскарджвае. Мы атрымалі вось гэтыя лісты і цяпер будзем думаць, як змагацца далей.

— Як вы лічыце, улады хочуць усур’ёз займацца гэтымі справамі?

— Не. Па тым, як яны не хацелі прызнаць Ульяну Рыгораўну пацярпелай, можна меркаваць, што яны баяцца ўваходжаньня любога чалавека ў гэтую справу. Хоць гэта яны павінны былі зрабіць бесьперашкодна. Ідзе ігнараваньне сваякоў, іх не інфармуюць пра ход справы. Хоць бы яны паведамлялі пра працэсуальныя дзеяньні, каго яны апыталі. У той жа скарзе Ўльяны Рыгораўны ўсё выкладзена вельмі аргумэнтавана. Аднак ніякіх аргумэнтаваных адказаў на гэтыя скаргі няма. Вось такая імітацыя, як бы расьсьледаваньне працягваецца, аднак мы вам нічога ня скажам і ня хочам, каб вы нешта ведалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG