Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: Лібэралізацыя ў 2016 годзе не павінна «зачыніць» справы зьніклых


Алег Воўчак

Алег Воўчак

У студзені надышоў час чарговага падаўжэньня на 3 месяцы расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні былога міністра Юрыя Захаранкі. Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што расьсьледаваньне падоўжаць, але станоўчага выніку ад гэтага не чакае.

Што адбываецца са справамі зьніклых і якія ў іх юрыдычныя пэрспэктывы ў новым 2016 годзе? На пытаньні Свабоды адносна спраў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў адказаў праваабаронца Алег Воўчак.

— У справе Юрыя Захаранкі кожныя тры месцы адбываецца падаўжэньне, але лічу яго фармальнай дзеяй, толькі каб супакоіць нашу грамадзкасьць і Эўропу з ЗША ды запэўніць іх, што нібыта нешта робіцца. Але насамрэч нічога ўвогуле ня робіцца. Апошняе падаўжэньне было ў верасьні, таму вось-вось прыйдзе папера пра чарговае падаўжэньне. Мне гэтыя паперы прыходзяць з пракуратуры як прадстаўніку пацярпелай Ульяны Захаранкі. Але чакаць рэальных дзеяньняў уладаў у гэтым рэчышчы і не выпадае: пакуль Лукашэнка пры ўладзе, справы зьніклых рэальна расьсьледавацца ня будуць, бо гэта нанясе моцны ўдар па ўладзе, па яе іміджы. Праўда, і зусім у архіў справу Юрыя Захаранкі не здалі, і гэта, лічу, наша агульная перамога. Але прыйдзе час, і праўда ўсё роўна стане вядомая. Такія гучныя зьнікненьні, як гэтае, ня выкрасьліць з памяці, як бы гэтага каму ні хацелася.

— Вы працягваеце кантактаваць з маці Юрыя Захаранкі Ўльянай Рыгораўнай, са сваякамі зьніклага палітыка, якія жывуць у Нямеччыне. Як іхнія справы?

— Ульяне Рыгораўне пайшоў 92-гі год, але яна, пры ўсіх праблемах са здароўем, захоўвае бадзёрасьць і ясны розум. Кажа, што па-ранейшаму чакае свайго Юру і спадзяецца на тое, што пры яе жыцьці стане вядомая праўда пра тое, што зь ім адбылося. Вельмі добра, што раней мы змаглі сабраць грошы і ўцяпліць на іх яе хату, замянілі вокны, правялі газ, зьявілася гарачая вада. Уявіце, як бы яна жыла адна ў вясковай, па сутнасьці, хаце бяз гэтых рэчаў? Яшчэ Ўльяне Рыгораўне дапамагае яе пляменьніца Люба, гэта вельмі важна, што няма адзіноты. Што тычыцца жонкі, дачок, унукаў — яны па-ранейшаму ў Нямеччыне і сюды не прыяжджаюць. І гэта зразумела, бо тое, што тут адбылося зь іх мужам, бацькам, дзедам — гэта жах, і асабліва жахліва ад таго, як улада на гэта рэагуе.

— Летась крыху палепшыліся адносіны Захаду зь беларускім рэжымам. Як, на вашу думку, лібэралізацыя ўплывае на справы зьніклых? Можа, ёсьць верагоднасьць, што і тут беларускія ўлады пойдуць насустрач патрабаваньням Захаду і заварушацца?

— Хутчэй я назіраю адваротную тэндэнцыю. Бачу, што тэма зьніклых гасьне ў афіцыйных стасунках. Ці можна гэта пакінуць як ідзе і спадзявацца, што само сабой усё выправіцца? Ня думаю гэтак. Лібэралізацыя ў адносінах хай працягваецца, толькі яна не павінна прывесьці да таго, што эўрапейцы і ЗША забудуць пра гэтую праблему і перастануць патрабаваць ад Лукашэнкі ясных адказаў на пытаньні пра лёсы зьніклых. Таму мы, праваабаронцы, пра гэта ўвесь час нагадваем на сустрэчах з прадстаўнікамі эўрапейскіх і міжнародных структур. Прадстаўнікі ЗША, Польшчы, Германіі, Чэхіі гэта таксама разумеюць, і, наколькі мне вядома, гэта пытаньне з парадку дня не здымаюць. Але ёсьць краіны, дзе напамін пра нашы падзеі 15-гадовай даўніны не знаходзяць належнага водгуку, бо гэта нібыта перашкаджае рухацца ў адносінах наперад. Гэта ёсьць. Тым больш што за апошнія паўтара года шмат чаго адбылося ў сьвеце, што цалкам зьмяніла міжнародны парадак дня, праблемаў стала болей. Але і мы самі вартыя крытыкі. Прыкладам, беларускія праваабаронцы вельмі захапіліся тэмай вызваленьня палітвязьняў, на ёй сканцэнтравалі ўсю ўвагу і дазволілі адкласьці праблему зьніклых не на другі, а нават на трэці плян. У выніку, як толькі вызвалілі палітвязьняў, дык пра зьніклых некаторыя ўжо ня згадваюць зусім.

Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Зьміцер Завадзкі, Анатоль Красоўскі

Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Зьміцер Завадзкі, Анатоль Красоўскі

— А што адбываецца са справамі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, журналіста Зьмітра Завадзкага? Зразумела, што ўлады іх таксама адклалі ў далёкую скрыню, але які ў іх шанец адтуль зьявіцца?

— Мяркую, са справай Ганчара і Красоўскага адбываецца тое самае, што са справай Захаранкі — працягваюць на чарговы тэрмін, але выніку няма. Праўда, тут для нас крыху іншая праблема — сваякі Ганчара зь незалежнымі мэдыямі кантактуюць мінімальна, а жонка і дачка Красоўскага цяпер жывуць далёка ад Беларусі, кантактаў зь імі таксама стала меней. Але ведаю, што яны не зьмянілі пазыцыю адносна самой справы і таго, чаму яна дагэтуль не расьсьледаваная.

Што да справы Зьмітра Завадзкага, дык у 2016 годзе будзе ўжо 10 год, як яна фармальна спыненая і сьледчыя дзеяньні па ёй не вядуцца, а вядуцца толькі вышуковыя мерапрыемствы па лініі міліцыі. Але, мяркую, таксама толькі фармальна, а не на самой справе. У выніку сваякі журналіста, якія прызнаныя ў справе пацярпелымі, нават ня маюць фармальнага права нечага патрабаваць ад пракуратуры, а могуць толькі зьвяртацца ў МУС наконт пошуку. А адтуль адказваюць, што новых падстаў для аднаўленьня расьсьледаваньня няма, і на гэтым кропка. Ня думаю, што ў новым, 2016 годзе міліцыянты нешта знойдуць такое, што прымусіць іх зноў узяцца за гэтую гісторыю. Для ўлады яна «здадзеная ў архіў», але не для Дзімінай маці Вольгі Рыгораўны, не для яго жонкі Сьвятланы, сына Юрыя, не для нас, хто памятае Дзьмітрыя і лічыць, што яго зьнікненьне — гэта забойства з палітычнымі матывамі. Мы, праваабаронцы, гэта ведаем і ня здымем патрабаваньняў давесьці і гэтую справу да канца. Юрыдычна справа Завадзкага найбліжэй да заканчэньня, бо па ёй названыя і вінаватыя, хоць сумненьняў шмат. Што да справы Ганчара-Красоўскага, яна будзе вырашаная ў зьвязку са справай Захаранкі — тут відавочна адны карані. Прафэсійныя сьледчыя мяркуюць, што насамрэч гэтыя справы раскрыць проста, праблема толькі ў адсутнасьці палітычнай волі для гэтага.

Былы міністар унутраных спраў Беларусі, апазыцыйны палітык Юры Захаранка бясьсьледна зьнік у траўні 1999 году. У верасьні таго ж году зьніклі былы дэпутат Вярхоўнага Савету і былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі. У ліпені 2000 году зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Апазыцыя ў Беларусі мяркуе, што гэтых людзей выкрадалі і зьнішчалі «эскадроны сьмерці» — сакрэтныя аддзелы, створаныя беларускімі ўладамі для барацьбы з апанэнтамі рэжыму.

XS
SM
MD
LG