Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз скасаваў большасьць санкцыяў супраць афіцыйнага Менску


Былы прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі (зьлева) ня быў пад санкцыямі, а вось сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар і дзяржсакратар Савету бяспекі Леанід Мальцаў былі ў сьпісе.

Былы прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі (зьлева) ня быў пад санкцыямі, а вось сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар і дзяржсакратар Савету бяспекі Леанід Мальцаў былі ў сьпісе.

Рада Эўразьвязу на сёньняшнім пасяджэньні міністраў замежных спраў вырашыла адмяніць большую частку санкцый супраць беларускага рэжыму.

Рашэньне зьнімае блякаваньне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня, судзьдзяў і пракурораў, а таксама для трох кампаній.

Пад санкцыямі засталіся чатыры асобы, якія, як мяркуецца, адказныя за зьнікненьне прадстаўнікоў апазыцыі: Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.

Застаецца таксама эмбарга на пастаўкі зброі.

Рашэньне Рады Эўразьвязу аб адмене санкцый уваходзіць у дзеяньне 1 сакавіка.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што галоўнай прычынай зьняцьця санкцый стала вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.

***

Паводле выніковага дакумэнту па Беларусі, Рада Эўразьвязу вітае «актыўны ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве», пачатак перамоваў пра спрашчэньне візавага рэжыму паміж Брусэлем і Менскам, а таксама аднаўленьне дыялёгу па правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Дакумэнт адзначае, што Рада вырашыла паскорыць рэалізацыю мер, накіраваных на ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю ў шэрагу эканамічных і гандлёвых сфэраў з мэтай мадэрнізацыі Беларусі і яе эканомікі ў інтарэсах беларускага насельніцтва, з улікам далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі і ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Адначасова Рада Эўразьвязу застаецца крытычнай адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рада асуджае пакараньне сьмерцю і «заклікае беларускія ўлады ўвесьці мараторый у якасьці першага кроку да яго адмены».

У дакумэнце таксама ўтрымліваецца заклік да аднаўленьні грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных вязьняў і падкрэсьліваецца неабходнасьць забесьпячэньня свабоды сходаў і аб’яднаньняў ды рэгістрацыі палітычных і грамадзкіх арганізацый.

Брусэль заклікае беларускія ўлады «дазволіць грамадзянскай супольнасьці больш актыўна ўдзельнічаць у абмеркаваньні дзяржаўнай палітыкі» і «ліквідаваць усе перашкоды для ажыцьцяўленьня свабоднай і незалежнай працы СМІ, у тым ліку шляхам рэгістрацыі новых СМІ і акрэдытацыі журналістаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG