Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 1000 чалавек узялі ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы УЖЫВУЮ

Індывідуальных прадпрымальнікаў заклікалі прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг 15 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Аляксандар Лукашэнка фактычна выказаўся супраць патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў: улады не зьбіраюцца скасоўваць указ № 222, празь які ў Беларусі паўтара месяца пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое раней плянавала мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў, адмовілася ад ініцыятывы і спадзяецца на перамовы з урадам.

Тым ня меней на мітынг 15 лютага заклікаў прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў — ён прапанаваў сабрацца а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На мітынг абяцалі прыйсьці палітыкі, у тым ліку Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ня стаў камэнтаваць магчымасьць свайго ўдзелу.

13:12 15.2.2016

Алесь Макаеў: Ірыну Яскевіч, Віктара Гарбачова і іншых сапраўды цкуюць улады. Салідарнасьць прадпрымальнікаў павінна быць па ўсіх рэгіёнах: "Я зьвяртаюся да ўсіх актывістаў, у тым ліку "Пэрспэктывы", сабрацца тут у наступны панядзелак".

13:10 15.2.2016

"Калі ўлада будзе ў народу, Беларусь будзе нармальнай пасьпяховай краінай. Жыве Беларусь!", — крыкнуў Статкевіч. Народ падтрымаў: "Жыве Беларусь!".

Макаеў тлумачыць: гэта мусіць быць ня лёзунгам апазыцыі, а лёзунгам народу. Народ на Плошчы гукае "Жыве Беларусь!".

13:09 15.2.2016

Статкевіч тлумачыць: трэба, каб улады рабілі так, каб праз чатыры гады людзі прагаласавалі за яе, але цяпер яны пра такое ня думаюць. Макаеў заклікае людзей падтрымаць Статкевіча, натоўп скандуе "Мікола! Мікола!".

13:07 15.2.2016

"Усё, што адбываецца, адбываецца таму, што ў нашага народу скралі ўладу", — Статкевіч да мітынгу.

13:06 15.2.2016

Мікола Статкевіч: "Паважаныя прадпрымальнікі! Купіце сабе мэгафоны! Калі не хапае грошай, скінемся".

13:05 15.2.2016

Пасьлязаўтра а 14:30 у судзе Маскоўскага раёну горада Менска будуць судзіць прадпрымальніцу Ірыну Яскевіч. Лябедзька заклікае прыйсьці да суду і падтрымаць яе.

13:04 15.2.2016

"Калі мы нічога ня зьменім, замест 222-га ўказу будзе 223-ці. Трэба мяняць эканамічную мадэль", — Лябедзька.

13:04 15.2.2016

Лябедзька дае заданьне наведнікам мітынгоўцам: у наступны панядзелак прывезьці на Плошчу 3-4-5-6 чалавек.

13:03 15.2.2016

Анатоль Лябедзька праз мэгафон пытае ў людзей на мітынгу: "Ці страшна вам?". Людзі хорам адказваюць "Не!". Ён кажа, што ўлады назвалі прадпрымальнікаў бандытамі, але насамрэч бандыты — улады, якія крадуць галасы людзей на выбарах, зарплаты ў прадпрымальнікаў.

13:01 15.2.2016

Павал Севярынец: "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя будзе дапамагаць прадпрымальнікам. У Шумчанкі згодніцкая пазыцыя, ён хоча дасягнуць усяго перамовамі з уладамі, але мы тут 22 гады жывем і ведаем, як улады вядуць перамовы".

12:57 15.2.2016

12:49 15.2.2016

Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут

12:47 15.2.2016

Паводле ацэнак БелаПАН, на гэты момант на Кастрычніцкай плошчы каля 1000 чалавек. Някляеў ацаніў колькасьць пратэстоўцаў у 1-2 тысячы чалавек.

12:39 15.2.2016

Алесь Макаеў прапанаваў стаяць на Плошчы да вечара.

12:38 15.2.2016

Уладзімер Някляеў у сваім выступе прапанаваў прыняць пасланьне да кіраўнікоў ЭЗ, каб не здымалі санкцыі з афіцыйнага Менску. Людзі прагаласавалі за гэтае пасланьне ўзьняцьцём рук.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG