Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палачане супраць ператварэньня калыскі беларускай дзяржаўнасьці ў «шараговы райцэнтар»


Полацак. Помнік Скарыну

Полацак. Помнік Скарыну

Жыхар Полацку Мікола Шарах стварыў інтэрнэт-пэтыцыю за тое, каб вярнуць Полацку ранейшы статус. Бо цяпер калыска беларускай дзяржаўнасьці — цэнтар усяго цэнтар толькі Полацкага раёну.

Пашкоджаны помнік літары «Ў»

Пашкоджаны помнік літары «Ў»

«Полацак — найстаражытнейшы горад Беларусі, сталіца старажытнай беларускай дзяржавы — Полацкага княства. З 2013 году зьведзены да рангу шараговага раённага цэнтру. Горад прыходзіць у заняпад. Разбураецца гістарычная памяць беларускага народа. Трэба тэрмінова спыніць гэты працэс. Полацкам павінен ганарыцца кожны беларус!», — гаворыцца ў пэтыцыі, якую Мікола Шарах стварыў на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе www.change.org.

Брук на плошчы Свабоды

Брук на плошчы Свабоды

Подпісы, сабраныя пад пэтыцыяй, плянуецца даслаць у камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Але галоўнае — гэта даць землякам магчымасьць выказацца па гэтым балючым для іх пытаньні, кажа Мікола Шарах:

«Горка назіраць, як з кожным днём горад не разьвіваецца, а прыходзіць у заняпад. Полацак мог бы стаць выбітным турыстычным цэнтрам, але турыстаў тут надта і няма. У парадку падтрымліваюцца хіба што „хрэстаматыйныя“ аб’екты, як Сафійскі сабор.

Помнік Сімяону Полацкаму — адзін зь нешматлікіх дагледжаных аб’ектаў

Помнік Сімяону Полацкаму — адзін зь нешматлікіх дагледжаных аб’ектаў

Прымалася праграма разьвіцьця гораду, але не відаць, каб яна дзейнічала — дарогі разьбітыя, асабліва за пару соцень мэтраў ад цэнтру. Была праграма па рэгенэрацыі гораду, але не відаць, каб аднаўляліся помнікі архітэктуры...

Нядаўна палачане пісалі пэтыцыю супраць набыцьця райвыканкамам аўтамабіля для чыноўнікаў за 18 тысяч даляраў. Во на гэта дык грошы ёсьць, а помнік літары „Ў“ дагэтуль так і стаіць разламаны... І я таксама вырашыў стварыць пэтыцыю. Каб палачане выказаліся пра тое, што думаюць наконт цяперашняга стану Полацку, праявілі сваю грамадзкую актыўнасьць!»

Двор у цэнтры Полацку

Двор у цэнтры Полацку

Аўтобусны прыпынак

Аўтобусны прыпынак

Амаль кожны, хто падпісаў пэтыцыю, камэнтуе ініцыятыву Міколы Шараха — падтрымлівае ягонае імкненьне паспрыяць адраджэньню Полацку. Сам спадар Мікола гаворыць, што яго натхніла нядаўняе інтэрвію Ўладзімера Арлова, знакамітага пісьменьніка-земляка.

Уладзімер Арлоў адзначае, што тэндэнцыя да ператварэньня Полацку ў шараговы райцэнтар сталася відавочнай:

«Галоўная прыкмета гэтай тэндэнцыі да заняпаду Полацку ва ўсіх навідавоку. Ужо два гады як у цэнтры гораду турыстаў палохае разьбіты барбарамі-беларусафобамі ўнікальны, адзіны ў Беларусі і ў сьвеце культурны аб’ект — матэрыяльны сымбаль літары „Ў“. Пра гэта дзясяткі разоў пісала дзяржаўная і недзяржаўная прэса, прымала пастановы Таварыства беларускай мовы, але з раённых уладаў як з гусі вада!

Надпіс „Ад Эўфрасіньні да Скарыны, ад Полацку пачаўся сьвет“ ужо нечытэльны

Надпіс „Ад Эўфрасіньні да Скарыны, ад Полацку пачаўся сьвет“ ужо нечытэльны

Відавочна дэградуе адна з галоўных турыстычных вуліц — вуліца Ніжне-Пакроўская, на нашых вачох на ёй зьнікае драўляная забудова канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў. Незадоўга да таго, як горад ператварылі ў шараговы райцэнтар, з ініцыятывы віцебскага абласнога кіраўніцтва была прынятая праграма разьвіцьця Полацку, якая прадугледжвала рэгенэрацыю тэрыторыі Верхняга замка і расчыстку рэчышча Палаты ад Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра да Дзьвіны са стварэньнем так званай „сьцежкі Эўфрасіньні“. Гэтая праца на сёньняшні дзень спыненая. Разбураюцца незакансэрваваныя руіны бэрнардзінскага касьцёла ў Задзьвінні. І гэты сумны пералік я мог бы доўжыць і доўжыць».

Гістарычны будынак вымагае рэстаўрацыі ці хаця б рамонту

Гістарычны будынак вымагае рэстаўрацыі ці хаця б рамонту

Лёс Полацку, раней паўнавартаснага гораду, а цяпер шараговага райцэнтру, зьмяніў указ Аляксандра Лукашэнкі № 27 ад 14 студзеня 2013 году. Паводле гэтага дакумэнту, былі аб’яднаныя ў новыя адміністрацыйныя адзінкі Полацак і Полацкі раён, а таксама Ворша і Аршанскі раён. Былі скасаваныя органы гарадзкой улады — гарсаветы і гарвыканкамы. У Полацку цяпер існуюць толькі райсавет і райвыканкам, падпарадкаваныя Віцебскаму аблвыканкаму. Гэта было зроблена нібыта дзеля «канцэнтрацыі матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў». На справе рэсурсаў не паболела, а паменела: Полацак абласныя ўлады цяпер разглядаюць як шараговы райцэнтар, мала зважаючы на ягоную гістарычную ролю і турыстычны патэнцыял.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG