Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як развальваюцца помнікі ў Полацку


Адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў мог бы стацца папулярным турыстычным цэнтрам — гэтаму найперш спрыяе гучная слава людзей, якія тут нарадзіліся. Толькі наўрад ці будзе прывабны для турыстаў горад, дзе помнікі, замест таго каб нагадваць нашчадкам пра слаўных продкаў, літаральна развальваюцца.

Напрыклад, помнік асьветніку і літаратару, царкоўнаму і грамадзкаму дзеячу Сімяону Полацкаму зьявіўся ў горадзе параўнальна нядаўна, 7 верасьня 2003 году, калі ў Полацку адзначалі Дзень беларускага пісьменства. Але пра тое, што яго варта даглядаць, мясцовыя ўлады неяк забыліся. Гранітная плітка адвальваецца ад пастамэнта, але гэтага нібыта ніхто і не заўважае.

Помнік Сімяону Полацкаму

Помнік Сімяону Полацкаму

Рамонту вымагае і пастамэнт значна старэйшага помніка — таго, які нагадвае палачанам пра славутага земляка, Францыска Скарыну. Помнік беларускаму першадрукару, асьветніку, навукоўцу, літаратару быў усталяваны на цэнтральнай плошчы ў 1974 годзе. Вышыня фігуры першадрукара, які ўславіў Полацак на ўвесь сьвет, надрукаваўшы першую ўсходнеславянскую Біблію, — 5 з паловай мэтраў. Помнік разам з пастамэнтам мае вышыню 12 мэтраў, і глядзеўся б ён велічна і ўрачыста, каб ягоны выгляд не псавалі дэталі, за якія міжволі чапляецца вока. І турысты, наведваючы Полацак, ня могуць не адзначыць, што пастамэнт разбураецца, дый увесь скульптурны ансамбль выглядае ніякавата: падмуркі клюмбаў даўно не фарбаваныя, прыступкі гойдаюцца пад нагамі, на гранітных плітах — нейкія брудныя рагі...

Яшчэ два месяцы таму полацкі краязнаўца Аляксей Бухавецкі, заўважыўшы разбурэньні, паспрабаваў зьвярнуць на гэта ўвагу грамадзкасьці і мясцовых уладаў. Помнік Францыску Скарыну нібыта пачалі рамантаваць, але ці стаў ён выглядаць лепей, калі цэмэнт на пастамэнце падмазалі чырвона-карычневай фарбай, — вялікае пытаньне. А да помніка Сімяону Полацкаму не дайшло ўвогуле...

Помнік літары "Ў"

Помнік літары "Ў"

Не дайшлі рукі і да яшчэ аднаго помніка, якім вядомы Полацак — да помніка літары «Ў», які стаіць паблізу, у сквэры імя Францыска Скарыны. Літара «Ў», якой няма больш у ніводным славянскім альфабэце і амаль у ніводным альфабэце сьвету, — сымбаль адметнасьці беларускай мовы. Помнік гэтай літары мае выгляд стэлы, якая можа служыць і стрэлкай сонечнага гадзіньніка. На стэле — увесь беларускі альфабэт, а на круглым «цыфэрбляце» — цытата зь верша Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацку пачаўся сьвет». Прачытаць гэтыя словы цяжка: аб’ёмныя літары пакрышыліся. Нехта мяркуе, што надпіс маглі пашкодзіць вандалы, а нехта — што літары проста ня вытрымалі ўзьдзеяньня ападкаў ды іншых прыродных зьяваў. Маўляў, вада трапляла ў шчыліны, замярзала і пакрысе разбурала сілумінавы помнік.

Улетку мінулага году помнік вывучала адмысловая камісія, якая прызнала ягоны стан нездавальняючым. Ёсьць меркаваньне, што рамонту помнік ужо не падлягае — трэба яго зносіць і адліваць нанава. Магчыма, ужо зь іншага, больш трывалага матэрыялу. Але ўсё ўпіраецца ў грошы, якіх у бюджэце Полацку няма.

XS
SM
MD
LG