Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лютаранскіх могілках у Магілёве разбурылі надгробкі і паламалі крыжы ФОТА


На многіх пашкоджаных надмагільлях надпісы на нямецкай мове

На многіх пашкоджаных надмагільлях надпісы на нямецкай мове

Сёлетнюю Радаўніцу Васкрасенскія могілкі Магілёва сустракаюць паламанымі крыжамі, разбуранымі надгробкамі ды зарослымі хмызьняком магіламі. Камунальнікі намагаюцца расчысьціць старадаўнія клады, але іхных высілкаў замала. Напярэдадні Радаўніцы яны актыўна выграбалі лістоту ды сьмецьце. Да сваіх памерлых, каб прыбрацца, прыйшлі іхныя родзічы.

«Тут жа такія раней былі прыгожыя могілкі. Столькі было помнікаў. Цяпер усё разьбіта, разварочана», — выказваецца пра стан кладоў спадарыня сталага веку.

«Яны ж і не ахоўваюцца. Няма вартаўнікоў, каб прыглядалі за імі», — працягвае кабета, — «Усё занядбана. Відаць, многія пазьяжджалі і няма каму глядзець за магілкамі. Тут добрыя могілкі раней былі. Людзі цяпер ня дбаюць пра памяць, і гэта страшна».

Многія пахаваньні разьбітыя не прыродай і часам, а чалавекам. Чыгунныя крыжы відавочна ламалі ўмысьля, каб здаць у лом. Цяпер іх абломкі тырчаць зь зямлі як напамін, што тут магіла. Прыкладаліся рукі чалавека і да разбурэньня помнікаў.

Надмагільлі са зьбітымі крыжамі

Надмагільлі са зьбітымі крыжамі

«Гэта дэфіцыт выхаваньня. Сярод нас жа ёсьць вырадкі розныя. Тое, як выглядаюць могілкі, страшна, вядома ж. Тут і простыя людзі пахаваныя, і заслужаныя. Тут наша гісторыя, якая, відаць, нікому не патрэбная», — адзначае яшчэ адна спадарыня.

Характэрная карціна — надмагільлі заваленыя і зарастаюць хмызамі

Характэрная карціна — надмагільлі заваленыя і зарастаюць хмызамі

Гэтыя клады яшчэ называюць лютаранскімі. Чыгунныя крыжы — на магілах вернікаў-лютаран. Хавалі тут і салдат вэрмахту. Іх парэшткі перавезьлі пад Бабруйск, на зборныя нямецкія могілкі Другой усясьветнай вайны.

У скляпеньні скідаюць сьмецьце

У скляпеньні скідаюць сьмецьце

«Я вяду сына паказаць магілу генэрала, якога пахавалі тут у сярэдзіне 19 стагодзьдзя», — тлумачыць яшчэ адна наведніца могілак.

Надмагільле са зьбітым крыжам

Надмагільле са зьбітым крыжам

«Суботнікі ж бываюць. Тыя, хто займаецца патрыятычным выхаваньнем і ідэалёгіяй, мусяць зьвярнуць увагу на стан могілак, сабраць моладзь і ўпарадкаваць іх», — выказваецца жанчына.

«Вось, бачыце помнік? Відавочна, яму дапамаглі паламацца. Наагул страх, што робіцца тут. Могілкі ў цэнтры гораду — і такія занядбаныя. Я шакаваная проста», — абураецца суразмоўніца.

Зьбітыя чыгунныя крыжы

Зьбітыя чыгунныя крыжы

Зьбіты крыж з надмагільля. Надпіс на нямецкай мове

Зьбіты крыж з надмагільля. Надпіс на нямецкай мове

Яе сын прызнаецца, што дагэтуль і ня ведаў, што ў цэнтры гораду ёсьць такія старыя могілкі. «Вось даведаліся пра іх ды вырашылі паглядзець. Цікава пабачыць старадаўнія пахаваньні», — зазначае маладзён.

Надмагільле расейскага вайскоўца пафарбаванае, а за ім — заняпад

Надмагільле расейскага вайскоўца пафарбаванае, а за ім — заняпад

Заціснутыя шматпавярховікамі могілкі становяцца месцам для выпівак. Парожнія бутэлькі — тут жа ля магілаў.

Каля агароджы могілак звальваюць бытавое сьмецьце

Каля агароджы могілак звальваюць бытавое сьмецьце

Васкрасенскія могілкі
Васкрасенскія могілкі

XS
SM
MD
LG