Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цікавасьць да працы судзьдзі давяла трох актыўных магілёўцаў да ізалятара часовага ўтрыманьня


Аляксандар Хамратаў (справа) і Юры Гарбацэнка ў судзе

Аляксандар Хамратаў (справа) і Юры Гарбацэнка ў судзе

Тры жыхары Магілёва захацелі папрысутнічаць на адкрытым судовым пасяджэньні і апынуліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Аляксандра Хамратава, Юрыя Гарбацэнку ды Дзьмітрыя Здубнікава зьвінавацілі ў непавазе да суду. Паводле пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня яны перашкаджалі працы судзьдзі і не рэагавалі на заўвагі. Самі ж абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэньні заяўляюць, што мелі намер паназіраць, як праводзіць судовыя пасяджэньні судзьдзя, якога прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасьці.

Усе трое затрыманых сваёй віны не прызнаюць. Заяўляюць, што ў іх дзеяньнях няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Як вынікае з тлумачэньняў Хамратава, Здубнікава і Гарбацэнкі яны наведаліся ў суд Магілёўскага раёну, каб пабачыць, ці згодна з працэсуальнымі нормамі праходзяць судовыя разьбіральніцтвы. У графіку такіх працэсаў яны выбралі пасяджэньне пад старшынствам судзьдзі Станіслава Леўчанкі. «Яно было найбліжэйшае па часе», — патлумачылі суду абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэньні.

«Мы кіраваліся сваім канстытуцыйным правам на атрыманьне інфармацыі. Для мяне судовае пасяджэньне Станіслава Леўчанкі было цікавым, паколькі раней ён атрымліваў дысцыплінарныя спагнаньні. Хацелася пабачыць, як гэты судзьдзя будзе весьці пасяджэньні. Намі рухаў грамадзкі актывізм», — тлумачыў у гутарцы з журналістам Аляксандар Хамратаў свой інтарэс да судзьдзі Леўчанкі, пакуль быў перапынак у разглядзе справы супраць яго.

Для мяне судовае пасяджэньне Станіслава Леўчанкі было цікавым, паколькі раней ён атрымліваў дысцыплінарныя спагнаньні

Паводле пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня Хамратаў, Здубнікаў і Гарбацэнка, знаходзячыся ў будынку суду, спрабавалі зайсьці ў кабінэт судзьдзі Леўчанкі. Перашкаджалі яму працаваць, не рэагавалі на заўвагі. «Сваімі паводзінамі выказвалі непавагу і грэблівасьць да суду», пазначана ў пратаколе.

Абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэньні ў судзе заявілі, што пратакол складаўся бязь іх прысутнасьці. Копіі гэтага дакумэнта, даводзілі яны, ім выдалі толькі ў судзе.

Паводле іх, яны сапраўды зазіралі ў кабінэт судзьдзі, але паводзілі сябе тактоўна. Іх цікавіла толькі, калі пачнецца судовае пасяджэньне. Судзьдзя не задаволіў іхнай цікавасьці, а неўзабаве зьявіліся міліцыянты. Актывістаў затрымалі. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

На разглядзе сваёй справы ў Ленінскім судзе Магілёва затрыманыя самі зьвінавацілі судзьдзю Леўчанку ў тым, што гэта ён справакаваў інцыдэнт, каб адпомсьціць ім.

Як даводзіў суду Юры Гарбацэнка, яго гэты судзьдзя пакараў адміністрацыйным арыштам на сем сутак, пазбавіўшы права на абарону. Пазьней, казаў Гарбацэнка, ён пісаў скаргі, каб судзьдзю пакаралі за гэтае парушэньне.

Аляксандар Хамратаў жа даводзіў у гутарцы з журналістам, што дамогся, каб Леўчанку прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за разгалошваньне таямніцы асабістага жыцьця аднаго з падсьледных.

«Гэта была нашумелая справа пра „трансвэстыта“, — казаў Хамратаў. — Дзякуючы маёй скарзе і, відаць, скаргам іншых грамадзян, мне старшыня Магілёўскага абласнога суду паведаміў, што Леўчанку прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці».

Судзьдзя Ігар Швэдаў задаволіў хадайніцтва трох абвінавачаных — выклікаў судзьдзю Станіслава Леўчанку, каб ён патлумачыў, якімі канкрэтна дзеяньнямі затрыманыя выказалі непавагу да суду.

22 студзеня судовае пасяджэньне будзе працягнутае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG