Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка пасадзілі, прадпрыемства ў даўгах, працоўныя зь мізэрным заробкам


Будынак швейнай фабрыкі «Вясьнянка»

Будынак швейнай фабрыкі «Вясьнянка»

У Магілёве судзяць былога кіраўніка швейнай фабрыкі «Вясьнянка» Максіма Шнэка. Яго вінавацяць у злоўжываньні ўладай, крадзяжах і службовым падлогу.

Само ж прадпрыемства задоўга да прызначэньня на пасаду дырэктара, цяпер ужо абвінавачанага, было стратным. «Вясьнянку» ня раз згадвалі ў гэтай якасьці на чыноўніцкіх нарадах.

Максім Шнэк на пасадзе дырэктара з красавіка з 2014 году. Як падаюць некаторыя крыніцы са спасылкай на прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачваньня, страты прадпрыемства ад дзейнасьці былога яго кіраўніка складаюць 2 мільярды рублёў. Гэтую суму ў судовай залі аспрэчваюць сваякі абвінавачанага.

Судовы працэс супраць Шнэка доўжыцца паўгода. Ён пад вартай. У судовай залі малады яшчэ мужчына сядзіць на лаве падсудных за кратамі. Выглядае спакойным і засяроджаным. Як уводзяць у залю, ён прыязна вітаецца з прысутнымі.

Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, сьведкамі па справе праходзяць пераважна прадпрымальнікі з Расеі, якім выдавалася прадукцыя «Вясьнянкі» на продаж безь перадаплаты. Непрададзенае бізнэсоўцы вярталі прадпрыемству. Сьцьвярджаецца, што грошы за рэалізаваны тавар перадаваліся Шнэку, які, нібыта, ня ўсе іх вяртаў прадпрыемству.

Цяпер у судзе агучваюцца матэрыялы справы. Заслуханыя паказаньні сьведак. Доўгі час за Шнэкам вялося сачэньне — запісваліся яго тэлефонныя гутаркі. На некаторых запісах Максім Шнэк характарызуе сытуацыю ў працоўным калектыве. Гаворыцца, што заробкі выплачваюцца з затрымкай, працоўныя незадаволеныя іх памерамі. «Швачкі бунтуюць», — зазначае на запісе былы кіраўнік прадпрыемства.

«Спрабуем утрымаць швачак. Перагледзелі памер заахвочваньня для тых, хто робіць норму выпрацоўкі, каб яны толькі не звальняліся, — наракае ў адной з гутарак Максім Шнэк. — Вядома ж, затрымалі ім заробак — і дванаццаць заяваў паклалі мне на стол. Ніхто іншы. Не працоўныя іншых спэцыяльнасьцяў. Таму падумалі, як іх лепей матываваць».

На запісах гучаць зьвесткі пра арыштаваныя рахункі прадпрыемства, шматмільярдныя даўгі ды нястачу грошай на заробкі працаўніка.

Пакуль былы кіраўнік «Вясьнянкі» на лаве падсудных, прадпрыемства спрабуе пераадолець цяжкасьці. Мела намер зьвярнуцца ў гаспадарчы суд, каб яго прызналі банкрутам. Але 15 сьнежня акцыянэры большасьцю галасоў выступілі супраць такога кроку. Кажуць, што ў прадпрыемства ёсьць замовы і рэсурсы, каб разьлічвацца па рахунках і выплачваць заробкі. Атрымаць камэнтар у цяперашняга кіраўніцтва прадпрыемства не ўдалося.

Працаўнікі ж дужа асьцярожна гавораць на тэму магчымага банкруцтва прадпрыемства і суду над былым яго кіраўніком. Некаторыя выказвалі спадзеў, што прызнаньне фабрыкі банкрутам магло б дапамагчы ёй.

«Гэта магло б выратаваць прадпрыемства, калі б знайшлася прымальная кандыдатура антыкрызіснага кіраўніка. Калі ж прызначаць чалавека з шэрагу аб’яваў „Ліквідуем хутка і без праблемаў“, то наўрад ці гэта дапаможа. Хіба што паскорыць закрыцьцё прадпрыемства», — выказваецца адна з працаўніц «Вясьнянкі».

Паводле суразмоўніцы, калектыў перажывае за лёс фабрыкі. «Усе хочуць працаваць, — кажа яна. — Цяпер такая сытуацыя, што на працу не ўладкавацца ў Магілёве».

Што да суду над былым кіраўніком акцыянэрнага таварыства, то яго працаўніца адзначае: калектыў чакае судовага выраку. Людзі кажуць: былы кіраўнік малады, мо куды ўлез бяз досьведу. Шкадуюць яго«.

Наступны суразмоўца пра лёс «Вясьнянкі» выказваецца без аптымізму:

«Хутчэй за ўсё, яна пойдзе з малатка. Цяпер прадпрыемства на лапатках ляжыць. Прадукцыя не карыстаецца попытам».

Некаторыя працаўнікі ў гутарцы з журналістам згадвалі былыя часы, калі прадпрыемства працавала ў дзьве зьмены. Было гэта дужа даўно. Цяпер жа сытуацыя, па іх словах, дужа кепская. Малыя заробкі і няма куды падацца. На пытаньне пра памер заробкаў ніводзін суразмоўца не адказаў.

«Раней, памятаю, працавала рэнтабэльна. Цяпер усім прадпрыемствам дужа цяжка, і многія з іх банкруты. Што паробіш», — асуджана зазначае яшчэ адна працаўніца.

Не так даўно «Вясьнянка» мела свае фірмовыя крамы. Дзьве ў Магілёве і адну Бабруйску.

«Калі вы журналіст, то мусіце ведаць, што „Вясьнянка“ ўжо зачынілася, і мы новыя ўладальнікі крамы. Тыдні тры як зьехалі яны адсюль», — паведамілі бабруйскія прадаўцы.

У Магілёве зачынілася адна з дзьвюх крамаў. У гутарцы з журналістам прадавец той, якая засталася, запэўніла: на прадукцыю «Вясьнянкі» попыт ёсьць.

«Паліто нашы падабаюцца. Мадэлі някепскія. Каб толькі шылі крыху паболей асартымэнту. У нас і якасьць даволі высокая, і цэны прымальныя. Паліто ў адзін мільён у цяперашняй эканамічнай сытуацыі — нармальная цана. Цяпер у нас і зьніжкі, — зазначае крамніца і дадае: — Найперш на прадпрыемстве хочуць людзей забясьпечыць хоць якой працаю. Каб працаўнікі хоць нешта зараблялі. Цяпер паўсюдна цяжка».

Некалькі месяцаў таму «Вясьнянка», каб прадаць сваю прадукцыю, езьдзіла па магілёўскіх прадпрыемствах. Такая стратэгія была пасьпяховай, цьвердзіць прадавец фірмовай крамы «Вясьнянкі»:

«Прадпрыемствы, на якія мы прыяжджалі, — даводзіць яна, — разьбівалі цану прадукцыі на некалькі месяцаў, і людзям было выгадна яе купляць».

Пра невысокія цэны кажуць і наведнікі крамы. Адзначаюць і яе якасьць:

«Вы ведаеце прадукцыя якасная. Ахайна сшытая, але мадэляў замала. Мы ж усе глядзім на мадэлі...»

Наступны суразмоўца не задаволеныя прадукцыяй «Вясьнянкі». «Колькі разоў мы сюды заходзілі зь сям’ёй — нічога толкам мы сабе і ня выбралі. Выбар дужа сьціплы. І больш я нічога сказаць не магу».

Якасьць і невысокія цэны прадукцыі «Вясьнянкі» адзначалі на запісах і расейскія прадпрымальнікі. Яны бралі на рэалізацыю буйныя партыі швейных вырабаў. У некаторых расейскіх рэгіёнах іх дужа хутка разьбіралі.

XS
SM
MD
LG