Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста-фрылянсэра з Гомеля Кастуся Жукоўскага зноў аштрафавалі


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Другі цягам месяцу штраф за журналісцкую дзейнасьць без акрэдытацыі.

20 студзеня судзьдзя Кармянскага раённага суду Андрэй Аўсейцаў аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага на 30 базавых велічыняў (6 мільёнаў 300 тысяч рублёў) за парушэньне артыкулу 22.9 КоАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Пры канцы сьнежня мінулага году Кастуся Жукоўскага і яго знаёмага Аркадзя Малыша ў райцэнтры Карма затрымлівалі супрацоўнікі мясцовай міліцыі, выкліканыя намесьніцай начальніка аддзела ідэалёгіі райвыканкаму Тацянай Вяркеенка.

Жукоўскі рабіў відэаздымкі траншэі вадаводу, на якой вялася праца.

Мясцовыя жыхары скардзіліся на праблемы з водазабесьпячэньнем, і Жукоўскі, маючы пасьведчаньне індывідуальнага прадпрымальніка, наведаў Карму, каб падрыхтаваць інфармацыйны матэрыял на гэтую тэму.

У міліцыі ў Жукоўскага і Малыша праверылі дакумэнты, апыталі — і адпусьцілі. А праз колькі дзён маёр міліцыі Ўладзімер Марозаў склаў у дачыненьні да Жукоўскага адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 22.9 КоАП, які й разгледзеў 20 студзеня судзьдзя Аўсейцаў.

У судзе маёр Марозаў на пытаньні адваката Жукоўскага заявіў, што не запытваў у тэлеканала «Белсат», хто зьяўляецца аўтарам сюжэту пра праблемы водазабесьпячэньня насельніцтва ў Карме, не высьвятляў, перасылаў ці не адказчык відэаздымкі тэлеканалу «Белсат» альбо той узяў іх у адкрытым доступе ў сацыяльных сетках. Нарэшце, ня ведаў міліцыянт, што Жукоўскі зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і займаецца падрыхтоўкай інфармацыйных матэрыялаў.

«Я тэлефанаваў калегам у Буда-Кашалёва і Сьветлагорск, і там сказалі, што падобныя пратаколы яны складалі, і суды штрафавалі Жукоўскага. І я таксама склаў адміністрацыйны пратакол», — адкрыта патлумачыў міліцэйскі маёр.

Нягледзячы на такія тлумачэньні аўтара адміністрацыйнага пратаколу, судзьдзя Аўсейцаў пакараў Кастуся Жукоўскага 6-мільённым штрафам.

Сёлета гэта ўжо другі штраф журналісту-фрылянсэру за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ. 14 студзеня Кастуся Жукоўскага аштрафаваў на 7 мільёнаў 350 тысяч рублёў суд Калінкавіцкага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG