Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць Бакіева ў міжнародны вышук


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

У міжнародны вышук Інтэрпола ня трапілі зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, ягоны сын Марат, а таксама брат Каныбек.

Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Даірбек Казыбаеў, паведамляе kyrtag.kg.

«Мы ня можам перасьледаваць людзей па палітычных матывах, ваенных і расавых прыкметах згодна з артыкулам 3 статуту Інтэрпола. Курманбек Бакіеў займаў палітычную пасаду, і з гэтай прычыны Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць яго ў вышук», — паведаміў Казыбаеў.

Аднак гэтыя асобы разам зь іншымі братамі Курманбека Бакіева — Жанышам і Ахматам — абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў і яго родны брат Жаныш Бакіеў кіргіскім судом асуджаныя на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі з канфіскацыяй маёмасьці. Іх зьвінавацілі ў расстрэле дэманстрантаў і іншых асабліва цяжкіх злачынствах.

Яшчэ адзін брат, Каныбек Бакіеў, абвінавачваецца ў незаконным выдзяленьні зямельных участкаў. Справа на разглядзе ў Жалал-Абадзкім абласным судзе.

Старэйшы сын экс-прэзыдэнта Марат Бакіеў асуджаны на 20 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці, малодшы сын Максім — на пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці па двух прысудах.

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў быў зрынуты ў красавіку 2010 году, пасьля чаго разам са сваякамі ўцёк з краіны. Экс-прэзыдэнт атрымаў прытулак у Беларусі і цяпер жыве ў пасёлку Дразды, недалёка ад рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Кіргіскія ўлады ня раз патрабавалі ад беларускіх уладаў яго экстрадыцыі, але штораз ім адмаўлялі.

У кастрычніку 2015 году Курманбек Бакіеў зладзіў у Менску прэзэнтацыю сваёй кнігі «Боль, любоў і надзея: мой Кіргізстан».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG