Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самаўхіленьне, сэкс і «маральная інваліднасьць»: 15 імпічмэнтаў, якія адбыліся і праваліліся


Прэзыдэнтка Бразыліі Дылма Русэф праз год пасьля інаўгурацыі апынулася пад пагрозай імпічмэнту

Прэзыдэнтка Бразыліі Дылма Русэф праз год пасьля інаўгурацыі апынулася пад пагрозай імпічмэнту

Бразылія распачала працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Дылмы Русэф — рэкордна непапулярнага палітыка ў гісторыі краіны. Свабода прыгадвае яшчэ 15 спробаў адхіленьня кіраўнікоў краінаў ад улады.

Ніжняя палата Нацыянальнага кангрэсу Бразыліі распачала працэдуру імпічмэнту адносна прэзыдэнта краіны, 67-гадовай Дылмы Русэф, перадае Reuters. Сьпікер ніжняй палаты заявіў, што прыняў зварот апазыцыі да разгляду. Цяпер адмысловы камітэт з прадстаўнікоў усіх партыяў будзе прымаць рашэньне: ці абвяшчаць імпічмэнт, ці не.

Каб рашэньне аб імпічмэнце было прынятае, патрэбныя 228 галасоў дэпутатаў з 342. Падобна, што Русэф можа ўратаваць толькі цуд: палітык б’е антырэкорды папулярнасьці. Штопраўда, зь лета яе рэйтынг крыху падрос: у ліпені ейны ўрад падтрымлівалі 7,7% бразыльцаў, у канцы кастрычніка — ужо 8,8%. У кастрычніку Вышэйшы выбарчы суд зноў распачаў расьсьледаваньне супраць Русэф і віцэ-прэм’ера адносна выкарыстаньня ў выбарчай кампаніі 3,8 млрд даляраў, атрыманых праз махлярскія схемы. Эканоміка краіны тым часам застаецца на «неінвэстыцыйным узроўні».

Каго яшчэ з кіраўнікоў дзяржаваў адхілялі ад улады, а каго адхіліць не ўдалося? Выпадкаў пасьпяховага імпічмэнту ў гісторыі небагата, часьцей кіраўнікоў скідалі праз рэвалюцыі, а ў выпадку пагрозы імпічмэнту яны часта самі адмаўляліся ад улады.

Сышоў перад 90-годзьдзем: Напалітана, Італія, 2015

Джорджа Напалітана

Джорджа Напалітана

На пачатку 2015 году ў адстаўку добраахвотна сышоў 89-гадовы прэзыдэнт Італіі Джорджа Напалітана, адзін з найстарэйшых кіраўнікоў дзяржаваў у сьвеце. Напалітана заступіў на пасаду прэзыдэнта ў 2006 годзе і ўпершыню ў гісторыі Італіі быў пераабраны (раней не выходзіла абраць прэзыдэнтам аднаго чалавека два разы) парлямэнтам у 2013-м.

За час прэзыдэнцтва некалькі раз рабіў значныя ракіроўкі ва ўрадзе, за што яго часам называлі «гарантам палітычнай стабільнасьці». Апазыцыя ж лічыла, што яго дзейнасьць прывяла да «радыкальнага скажэньня канстытуцыйнай сыстэмы». Галасаваньне па імпічмэнце на пачатку 2014 году скончылася зь лікам 8:28 не на карысьць прыхільнікаў імпічмэнту. Наступную спробу зладзіць не пасьпелі: увосень Напалітана анансаваў свой сыход з пасады «па ўзросьце» за пяць год да завяршэньня тэрміну.

Падобная гісторыя ў Італіі здарылася ў 1992-м, калі імпічмэнт не падтрымалі супраць прэзыдэнта Франчэска Касіга — ды праз пару месяцаў па галасаваньні ён сам сышоў у адстаўку за два месяцы да завяршэньня паўнамоцтваў.

Самаўхіліўся: Януковіч, Украіна, 2014

Сытуацыя з магчымым імпічмэнтам Віктару Януковічу была няпростая: прэзыдэнт у краіны ёсьць, а ў краіне — няма. 21 лютага 2014 году Януковіч пад ціскам пратэстаў «Эўрамайдану» падпісаў з апазыцыяй дамову аб канстытуцыйнай рэформе і датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, а на наступны дзень... зьнік. Як пазьней распавёў Пуцін, расейскія спэцслужбы па яго рашэньні эвакуавалі Януковіча з Данецкай вобласьці ў Крым, а затым таемна ў Расею.

Такога ўкраінскае заканадаўства не прадугледжвала: імпічмэнт можна праводзіць, каб звольніць з пасады, але што рабіць, калі прэзыдэнт уцёк, законы не казалі. У пастанове Вярхоўнай Рады ад 22 лютага гаварылася, што прэзыдэнт «самаўхіліўся» ад выкананьня паўнамоцтваў неканстытуцыйным спосабам. Але Януковіч меў фармальнае права (і карыстаўся ім) называць сябе прэзыдэнтам аж да ліпеня, калі яго фармальна пазбавілі званьня прэзыдэнта законам, які прыняла Вярхоўная Рада і падпісаў новы прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Уцёк у Беларусь: Бакіеў, Кіргізтан, 2010

Пасьля масавых мітынгаў апазыцыі супраць палітыкі прэзыдэнта Курманбека Бакіева і расстрэлу дэманстрантаў спэцслужбамі 7 красавіка 2010 году кіргізы пачалі стыхійна захопліваць ці проста паліць адміністрацыйныя будынкі, урад сышоў у адстаўку, а апазыцыя сфармавала часовы «ўрад народнага даверу». Бакіеў уцёк са сталіцы ў паўднёвую рэзыдэнцыю, заявіў, што не кантралюе сытуацыю ў краіне, але пакуль не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку і будзе спрабаваць вярнуць сытуацыю пад кантроль. Дэпутаты пачалі рыхтаваць працэдуру імпічмэнту, але не пасьпелі.

Пасьля перамоваў 15 красавіка зь лідэрамі апазыцыі Бакіеў падпісаў прашэньне аб адстаўцы ў абмен на гарантыі бясьпекі яму і сям’і ды быў вывезены ў Казахстан па ўказаньні Назарбаева. 19-га ён быў ужо ў Беларусі, дзе атрымаў палітычны прытулак і заявіў, што не прызнае адстаўкі. Бакіеў захоўваў права працягваць называць сябе прэзыдэнтам ня так доўга, як Януковіч: яго адхілілі ад улады дэкрэтам часовага ўраду 27 красавіка.

Прайграная недатыкальнасьць: Мушараф, Пакістан, 2008

Пэрвэз Мушараф

Пэрвэз Мушараф

Генэрал Пэрвэз Мушараф прыйшоў да ўлады ў 1999 годзе ў выніку бяскроўнага вайсковага перавароту, затым атрымаў пасаду прэзыдэнта па выніках рэфэрэндуму, захаваўшы пасаду кіраўніка войска. Зь легітымнасьцю гэтага не пагадзіліся і лідэр апазыцыі Бэназыр Бхута, і, ужо падчас наступных выбараў у 2007 годзе, Канстытуцыйны суд краіны. Мушараф разагнаў Канстытуцыйны суд, але ўсё ж зьняў зь сябе функцыі кіраўніка войска.

У канцы 2007 году ад тэракту загінула апазыцыянэрка Бхута — адказнасьць на сябе ўзяла «Аль-Каеда», але народ называў забойцам Мушарафа.

На 18 жніўня 2008 году была прызначаная працэдура імпічмэнту, але правесьці яе не пасьпелі — Мушараф апярэдзіў імпічмэнт і сам сышоў у адстаўку, паводле чутак, у абмен на недатыкальнасьць. Ён зьехаў у Брытанію. У Пакістане на яго завялі крымінальныя справы, выдалі ордэр на арышт. У 2013 годзе ён вярнуўся на радзіму, каб зноў узяць удзел у выбарах, але тут яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і арыштавалі.

Тройчы пазьбегнуў: Басэску, Румынія, 2007–2014

Траян Басэску

Траян Басэску

З 2004 па 2014 год Траяну Басэску, прэзыдэнту Румыніі, тройчы спрабавалі абвясьціць імпічмэнт — і тройчы не змаглі. Апазыцыя няспынна абвінавачвала Басэску ў злоўжываньні ўладай, празьмерным папулізьме, ганебных для краіны заявах на зьнешнепалітычнай арэне і «таталітарных схільнасьцях». Але народ так не лічыў.

У 2007 годзе на рэфэрэндуме 75% прагаласавалі супраць адстаўкі Басэску, затым у 2009 годзе пераабралі яго прэзыдэнтам. У 2012-м на ўжо другім рэфэрэндуме за адстаўку Басэску прагаласавалі ўжо 87,5%, але рэфэрэндум не адбыўся празь нізкую яўку — толькі 45,9%. У чэрвені 2014 году парлямэнт Румыніі прыняў дэклярацыю, якая заклікала Басэску падаць у адстаўку. Той усё ж дачакаўся выбараў, у якіх ужо ня меў права браць удзел. Яны прайшлі за 45 дзён да сканчэньня ягонага другога мандату, які Басэску дабыў да канца.

Права вярнуцца: Паксас, Літва, 2004

Раландас Паксас

Раландас Паксас

Раландас Паксас заступіў на пасаду прэзыдэнта Літвы на пачатку 2003 году. Ужо ў канцы году яго абвінавацілі ў сувязі зь міжнароднай злачыннасьцю і стварэньні «пагрозы нацыянальнай бясьпецы» праз уплыў на яго «шэрагу асобаў». У лютым 2004-га Сойм зацьвердзіў высновы камісіі пра грубыя парушэньні Канстытуцыі, у красавіку Паксаса адлучылі ад пасады прэзыдэнта. Пазьней яго прызналі вінаватым у разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы — ён нібыта паведаміў бізнэсоўцу і свайму спонсару Юрыю Барысаву, што таго адсочваюць спэцслужбы — але неўзабаве апраўдалі, прызнаўшы цалкам невінаватым.

Эўрапейскі суд па правах чалавека ў 2012 годзе прызнаў пажыцьцёвую забарону Паксасу ўдзельнічаць у выбарах у парлямэнт супрацьпраўнай, у наступным годзе Канстытуцыйны суд Літвы прызнаў, што забарона супярэчыць Канстытуцыі, у 2014 годзе Камітэт ААН па правох чалавека ўгледзеў у такой забароне парушэньне правоў Паксаса і абавязаў Літву прыняць усе законы, якія б давалі яму права зноў балятавацца на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах — і Літва такія законы прыняла.

Імпічмэнт за імпічмэнтам: Эстрада і Ароя, Філіпіны, 2000-2008

Джозэф Эстрада ў клетцы для падсудных

Джозэф Эстрада ў клетцы для падсудных

Джозэфа Эстраду абралі на прэзыдэнта Філіпінаў у 1998 годзе. Ужо ў 2000-м яго сталі абвінавачваць у карупцыйных схемах і ў тым, што мае на таемных рахунках вялікія грошы, здабытыя незаконна. У студзені 2001 году суд прагаласаваў супраць імпічмэнту зь лікам 11:10. «Баязьлівая адзінаццатка», як пазьней назвалі праціўнікаў імпічмэнту, не прыняла доказы па справе аб карупцыі, бо тыя не былі далучаныя да скаргі па імпічмэнце. Урэшце праз народныя пратэсты Вярхоўны суд усё ж пазбавіў Эстраду паўнамоцтваў.

Экс-прэзыдэнт Глорыя Макапагал-Ароя вяртаецца дамоў пасьля апэрацыі

Экс-прэзыдэнт Глорыя Макапагал-Ароя вяртаецца дамоў пасьля апэрацыі

На зьмену яму прыйшла Глорыя Макапагал-Ароя, якая была кіраўніком дэпартамэнту сацыяльнага разьвіцьця пры Эстраду, але пакінула пасаду на знак пераходу ў апазыцыю. Чацьвёртая ў сьпісе ўплывовых жанчын Forbes, Ароя сама сутыкнулася з абвінавачаньнямі, і ня толькі эканамічнымі: ёй ставілі ў віну махлярства з галасамі на выбарах, незаконныя арышты, катаваньні, забойствы. Чатыры разы парлямэнцкая апазыцыя спрабавала пачаць працэдуру імпічмэнту, але не дасягнула сваёй мэты ані разу. У 2010 годзе Ароя добраахвотна не ўзяла ўдзел у чарговых прэзыдэнцкіх выбарах. Затым перанесла шэраг хірургічных апэрацыяў, была пад арыштам у шпіталі, затым са шпіталя абралася ў Кангрэс.

«Трывалая маральная інваліднасьць»: Фухіморы, Пэру, 2000

Альбэрта Фухіморы

Альбэрта Фухіморы

За 10 год ва ўладзе японец Альбэрта Фухіморы, колішні рэктар сельскагаспадарчага ўнівэрсытэту і тэлевядоўца, якога сэнсацыйна абралі прэзыдэнтам у 1990 годзе, збудаваў у Пэру аўтарытарны рэжым. Ён разагнаў уласны ўрад, пашырыў свае паўнамоцтвы па выніках рэфэрэндуму, захаваўшы ў народзе рэйтынг каля 73%. Ён змагаўся зь леварадыкальнымі паўстанцамі праз тэрор адносна іхніх сем’яў ды цэлых вёсак, дзе тыя сем’і жылі, кідаў паўстанцаў у канцэнтрацыйныя лягеры, пашырыў межы Пэру ў вайне з Эквадорам. Жонка ад Фухіморы сышла і пасьля разводу (калі Фухіморы пакінуў пры сабе дачку) заснавала ўласную палітычную партыю.

Кангрэс дазволіў Фухіморы балятавацца ў прэзыдэнты на трэці тэрмін. Адзіны яго праціўнік зьняў сваю кандыдатуру і заявіў пра грубыя парушэньні выбарчага працэсу. Прэзыдэнт спрабаваў дамовіцца з апазыцыянэрам, але тэлевізія выкрыла, што Фухіморы даваў хабар, меў сувязі з наркамафіяй і аддаваў загады на прымусовую стэрылізацыю агульным лікам 300 тысяч жанчын Пэру. Пабаяўшыся паўстаньня, Фухіморы ўцёк і зь Японіі прыслаў факсам заяву аб адстаўцы. Але пэруанскі Кангрэс не прыняў адстаўкі, адхіліўшы яго ад пасады прэзыдэнта за «трывалую маральную інваліднасьць».

Папулярнасьць пасьля імпічмэнту: Гус Дур, Інданэзія, 2001

Абдурахман Вахід

Абдурахман Вахід

У 1998 годзе да ўлады ў Інданэзіі прыйшоў Бухарудзін Юсуф Хабібі. Яго папярэднік Сухарта, які быў прэзыдэнтам 30 год, сышоў у адстаўку пасьля таго, як у масавых беспарадках і сутыкненьнях з паліцыяй загінула больш за тысячу чалавек, і віцэ-прэзыдэнт Хабібі стаў прэзыдэнтам. Хабібі пачаў рэформы і больш-менш стабілізаваў эканоміку, а таксама дазволіў Усходняму Тымору атрымаць незалежнасьць. Але ягоная партыя страціла падтрымку, а ён сам асацыяваўся са старой элітай. У 1999 годзе Хабібі абвясьціў датэрміновыя выбары, першыя з 1955-га.

На іх перамог лідэр памяркоўнай ісламскай апазыцыі Абдурахман Вахід (гэта імя і імя па бацьку, многія філіпінцы ня маюць прозьвішча), больш вядомы як Гус Дур («прыгажун Дур»). Ён адмаўляўся ісьці на саступкі вайскоўцам і бізнэсоўцам, якія мелі нямала ўлады, і ня здолеў цалкам стабілізаваць эканоміку, а да таго ж пасварыўся з Кітаем. Ён стаў надзіва непапулярны і ў прадчуваньні імпічмэнту нават спрабаваў увесьці надзвычайны стан, але генэралітэт адмовіўся. У выніку імпічмэнт быў вынесены аднагалосна. Інданэзійцы кажуць, што «дысыдэнцкі» стыль Гус Дура ня ўпісваўся ў «офісную» працу прэзыдэнта. Многія лічаць, што ён, тым ня меней, заклаў фундамэнт дэмакратычных пераменаў і палітычных свабодаў у краіне. Гус Дур спрабаваў вярнуцца на прэзыдэнцкую пасаду ў 2004-м. Актыўную палітычную і дабрачынную дзейнасьць ён вёў аж да сьмерці ў 2009-м, пасьля якой дзяржаўныя сьцягі былі 7 дзён прыспушчаныя.

Непрызнаны сэкс: Клінтан, ЗША, 1998

Біл Клінтан штосьці шэпча сваёй жонцы Гілары, 1999 год

Біл Клінтан штосьці шэпча сваёй жонцы Гілары, 1999 год

Моніка Левінскі трапіла ў Белы дом як практыкантка ў 1995 годзе. Тут яна пазнаёмілася з прэзыдэнтам Білам Клінтанам. Затым перайшла на працу ў Пэнтагон, дзе паведаміла іншай супрацоўніцы, што мела сэксуальную сувязь з прэзыдэнтам. Тая вяла таемныя запісы тэлефонных размоваў — у выніку расьсьледаваньне заяваў трапіла ў прэсу. На сукенцы Левінскі знайшлі сьляды спэрмы, зь вялікай доляй імавернасьці — Клінтанавай. Клінтан заяўляў, што ня меў зь Левінскі сэксуальнай сувязі, прызнаваў толькі, што адносіны зь ёй былі «няправільныя» і «неналежныя».

Палата прадстаўнікоў ЗША вынесла рашэньне аб імпічмэнце Клінтану праз ілжэсьведчаньне на судзе і перашкоды правасудзьдзю. Рашэньне павінен быў зацьвердзіць Сэнат, патрабавалася дзьве траціны галасоў. Але дастатковай колькасьці галасоў сэнат не набраў: па першым абвінавачаньні «за» прагаласавалі 55 са 100 сэнатараў, па другім 50 — іншыя палічылі доказы ілжэсьведчаньня і перашкодаў суду недастатковымі. Клінтан застаўся прэзыдэнтам да завяршэньня тэрміну, а Левінскі пазьней выбачылася за сваю ролю ў справе.

«Маскоўскі дэсант»: Лукашэнка, Беларусь, 1996

Дэмакратычна абраны на прэзыдэнта, Лукашэнка хутка пачаў, як цяпер кажуць, «закручваць гайкі». Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году, на якім Лукашэнка атрымаў амаль бязьмежную ўладу празь зьмены ў Канстытуцыі, было багата падставаў да імпічмэнту: прэзыдэнт не выконваў рашэньні Канстытуцыйнага суду, некаторыя лічылі незаконнымі папярэдні рэфэрэндум 1995 году, які зьмяніў статус дзяржаўнай мовы і дзяржаўную сымболіку, і дамову аб інтэграцыі з Расеяй.

У 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня амаль дайшоў да пачатку працэдуры імпічмэнту, сабраўшы неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў. На ініцыятыву імпічмэнту Лукашэнка адказаў тым самым рэфэрэндумам. Некаторыя кажуць, што лёсавырашальным было рашэньне Канстытуцыйнага суду, які адклаў разгляд справы па імпічмэнце на дату пазьнейшую, чым рэфэрэндум — але пасьля рэфэрэндуму 11 дэпутатаў адклікалі свае подпісы пад зваротам. Іншыя ж кажуць, што вырашальную ролю меў «маскоўскі дэсант». У перамовах Лукашэнкі са старшынём Вярхоўнага Савету Шарэцкім пасярэднікамі выступалі расейцы: прэм’ер-міністар Чарнамырдзін, старшыня Дзярждумы Селязьнёў і старшыня Савету Фэдэрацыі Строеў. Па выніках перамоваў Лукашэнка мусіў прызнаць характар вынікаў рэфэрэндуму нібы «дарадчым», неабавязковым, а Вярхоўны Савет — прыпыніць справу аб імпічмэнце. Але Вярхоўны Савет не прыняў такога пагадненьня, на што Лукашэнка адказаў заявай пра абавязковасьць рашэньняў рэфэрэндуму. Так ці іначай, Лукашэнка скарыстаў вынікі рэфэрэндуму, каб распусьціць Вярхоўны Савет і скласьці новы парлямэнт, шэраг судзьдзяў Канстытуцыйнага суду падалі ў адстаўку — а новы склад суду не прызнаў за Лукашэнкам парушэньняў Канстытуцыі.

«Я стаміўся, я сыходжу»: Ельцын, 1993–1999

Першы прэзыдэнт Расеі быў пад пагрозай імпічмэнту ці не ад самага пачатку свайго знаходжаньня на пасадзе, на якой ён апынуўся таксама даволі рызыкоўным шляхам у 1991 годзе. Ужо ў 1992-м пачаўся палітычны крызіс, у 1993-м Зьезд народных дэпутатаў прыняў рашэньні, якія абмяжоўвалі самастойнасьць ураду і Цэнтрабанку. Ельцын адказаў на гэта тэлезваротам, у якім распавёў пра падпісаньне ўказу пра «асаблівы рэжым кіраваньня». Ня бачыўшы ўказу, Канстытуцыйны суд прызнаў дзейнасьць Ельцына неканстытуцыйнай. Пазьней выявілася, што ўказ ня ўтрымліваў грубых парушэньняў Канстытуцыі, але Зьезд скарыстаўся рашэньнем Канстытуцыйнага суду, каб запусьціць галасаваньне аб імпічмэнце. «За» прагаласавалі 617 з 1033 дэпутатаў, для імпічмэнту ж былі неабходныя 689 галасоў. Зьезд абвясьціў рэфэрэндум пра давер Ельцыну, згоду з эканамічнай палітыкай, датэрміновыя выбары прэзыдэнта і народных дэпутатаў. Расейцы добра запомнілі праельцынскую агітацыю па тэлебачаньні, «да-да-нет-да», і прагаласавалі станоўча — па пытаньнях пра давер і згоду, адмоўна — пра датэрміновыя выбары. Пазьней пытаньне пра імпічмэнт Ельцыну розныя дэпутаты ставілі ці не штогод.

Найбліжэй да мэты прыхільнікі імпічмэнту былі ў 1999 годзе, калі Дума спрабавала запусьціць працэдуру імпічмэнту праз абвінавачаньні ў развале СССР, расстрэле парлямэнту ў 1993 годзе, разьвязваньні вайны ў Чачні, развале Ўзброеных Сілаў і генацыдзе расейскага народу. Па ніводным пункце абвінавачаньня не набралася неабходныя дзьве траціны галасоў. Але перад галасаваньнем Ельцын адправіў у адстаўку ўрад Прымакова, прызначыў новым старшынём ураду спачатку Сьцяпашына, затым малавядомага ў той час Пуціна, якога раптоўна назваў сваім пераемнікам.

Неўзабаве Ельцын сышоў сам, за паўгода да заканчэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну. У навагоднім тэлезвароце ён прамовіў фразу, якая стала крылатай: «Я стаміўся, я сыходжу», адстаўку патлумачыў ня станам здароўя, а «сукупнасьцю ўсіх праблемаў», а на сваё месца ў якасьці выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта паставіў Пуціна —той адразу ж падпісаў указ, які гарантаваў Ельцыну абарону ад судовага перасьледу і матэрыяльныя палёгкі ягонай сям’і. Пазьней Пуцін перамог на выбарах у першым туры з 52,94% галасоў.

Футбол, здрада, імпічмэнт, упартасьць: Колар, Бразылія, 1992

Фэрнанду Колар

Фэрнанду Колар

Пабыўшы прэзыдэнтам футбольнага клюбу, Фэрнанду Колар ды Мэлу падаўся ў палітыку, дзе праявіў сябе як папуліст. Ад мэра горада Масэё ён «дарос» да губэрнатара штату Алагоас, а пазьней, у 1989 годзе, да прэзыдэнта — першага дэмакратычна абранага ў гісторыі Бразыліі. У 1991-м ягоны ўрад сутыкнуўся зь вялікім палітычным крызісам праз абвінавачаньні ў карупцыі, і хоць урад прыцішыў інфляцыю, але ня змог правесьці радыкальныя рэформы ў эканоміцы.

Яго родны брат абвінаваціў яго ў наданьні перавагаў пэўным групоўкам пры рэформах, супраць Колара пачалі расьсьледаваньне, вынікам якога стала пацьверджаньне абвінавачаньняў. У 1992 годзе ніжняя палата парлямэнту прагаласавала за імпічмэнт, але перад галасаваньнем у верхняй палаце прэзыдэнт сам падаў у адстаўку. Праз два гады з Колара зьнялі абвінавачаньні, але пакінулі ў сіле часовую забарону на палітычную дзейнасьць. Па сканчэньні забароны ў 2002-м Колар некалькі раз спрабаваў вярнуцца на пасаду губэрнатара штату, ды яму не хапала галасоў. У 2006-м ён быў абраны сэнатарам ад штату, двойчы працягваў тэрмін. У 2015-м генпракурор Бразыліі абвінаваціў яго па новай справе аб карупцыі.

Дым са стрэльбы Ўотэргейта: Ніксан, ЗША, 1974

Рычард Ніксан рэагуе на рашэньне адхіліць яго ад пасады прэзыдэнта

Рычард Ніксан рэагуе на рашэньне адхіліць яго ад пасады прэзыдэнта

За чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў 1972 году, на якіх рэспубліканцы спадзяваліся на пераабраньне Рычарда Ніксана, у штабе дэмакратычнага кандыдата ў комплексе «Ўотэргейт» затрымалі пяць чалавек, якія наладжвалі апаратуру для праслухоўваньня апазыцыянэраў. Сувязь Ніксана зь менавіта тымі пяцьцю людзьмі даказаная не была, самога Ніксана пераабралі на другі тэрмін, але праблемы ня скончыліся. Расьсьледаваньне цягнулася два гады, і ключавым у ім стала рэакцыя прэзыдэнта на расьсьледаваньне і рэакцыя прэсы на яго дзейнасьць.

Паседжаньні па Ўотэргейце дэманстраваліся на ўсю краіну па ТБ, тэхнічны арганізатар праслухоўваньня атрымаў 33 гады турмы, а Ніксан публічна перашкаджаў судоваму працэсу, карыстаючыся ўладай і спасылаючыся на недатыкальнасьць. Калі заключэньне па імпічмэнце ўжо было гатовае да падачы ў Сэнат на галасаваньне, Вярхоўны суд прадэманстраваў невядомыя раней запісы, на якіх Ніксан празь некалькі дзён ад пачатку скандалу называе Ўотэргейт «пісталетам, які дыміцца» (вобразны выраз для неабвержнага доказу, калі каго хапаюць на гарачым учынку). Практычна ўсе прыхільнікі Ніксана (ня кажучы ўжо пра праціўнікаў) заявілі, што будуць галасаваць за імпічмэнт — і Ніксан падаў у адстаўку добраахвотна, што дазволіла новаму прэзыдэнту Форду памілаваць яго за ўсе злачынствы, якія ён «мог зьдзейсьніць».

Самая першая спроба: Джонсан, ЗША, 1868

Эндру Джонсан

Эндру Джонсан

Да Ніксана мала хто ведаў слова «імпічмэнт». Працэдуру імпічмэнту практычна не спрабавалі ўжыць супраць вышэйшых асобаў дзяржаваў. Яна ўзьнікла ў XIV стагодзьдзі ў Англіі, дзе Палата абшчын змагла аддаваць каралеўскіх міністраў пад суд Палаты лордаў. Таксама працэдура ўжывалася супраць судзьдзяў. Кіраўнікоў жа дзяржаваў мянялі праз палацавыя перавароты, рэвалюцыі ці забойствы.

Першая спроба імпічмэнту кіраўніка дзяржавы адбылася ў ЗША ў 1868 годзе. Віцэ-прэзыдэнт часоў Лінкальна — Эндру Джонсан стаў 17-м прэзыдэнтам пасьля забойства «дзядзькі Эйба», але падчас праўленьня здрадзіў перамогам Лінкальна ў справе правоў чарнаскурых і аб’яднаньня Штатаў пасьля грамадзянскай вайны, парваў адносіны з рэспубліканцамі. Урэшце, ён спрабаваў звольніць з пасады вайсковага міністра, а Сэнат двойчы прызнаў звальненьне незаконным. Палата прадстаўнікоў распачала працэдуру імпічмэнту, але Сэнат не набраў неабходнай большасьці галасоў за імпічмэнт: 35 сэнатараў «за» і 19 «супраць». Нягледзячы на чуткі пра подкуп сэнатараў, Джонсан застаўся ў прэзыдэнцкім крэсьле. Ягоная гісторыя стала першым прыкладам цывілізаванага змаганьня ўраду з кіраўніком дзяржавы.

XS
SM
MD
LG