Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аскар Акаеў: У Лукашэнкі і Бакіева аднолькавае стаўленьне да ўлады


Былы прэзыдэнт Кыргызстана Аскар Акаеў (1990–2005) тлумачыць, чым, на ягоную думку, падобныя Аляксандар Лукашэнка і Курманбек Бакеіў.

Першы прэзыдэнт Кыргызстана Аскар Акаеў — удзельнік спэцыяльнага праекта Радыё Свабода «Расея і я». З 1990 года па 2005 год — прэзыдэнт Кыргызстана (да 1991 года — Кіргізскай ССР). У красавіку 2005 годзе ў выніку народнага пратэсту, названага «цюльпанавай рэвалюцыяй» склаў з сябе паўнамоцтвы, парлямэнт дэ-юрэ прыняў адстаўку. Жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю ў Маскве ў Інстытуце матэматычных дасьледаваньняў складаных сыстэм ім. Прыгожына. Аскару Акаеву — 70 гадоў.


Ганна Соўсь: Як вы лічыце, чаму беглы прэзыдэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў абраў Беларусь? Пасьля гэтых чатырох гадоў, як прытуліў яго Аляксандр Лукашэнка, ці зьмянілася ваша стаўленьне да яго?

Аскар Акаеў: Не, я ня той чалавек, які мяняе стаўленьне ў сувязі з кан’юктурнымі падзеямі, ці то па палітычных ці то па іншых матывах. Вядома, што сам Лукашэнка заўсёды сьцьвярджаў, што яны людзі блізкія па духу, што ў іх аднолькавыя погляды ў палітыцы, што ў іх аднолькавае стаўленьне да ўлады — таму, напэўна гэта заканамерна, што Бакіеў апынуўся менавіта ў Беларусі.

Ганна Соўсь: Вы неаднаразова казалі пра тое, што вернецеся на Радзіму, «калі ў краіне будзе канстытуцыйны парадак, калі ў краіне будуць выконвацца правы і свабоды, будзе забясьпечаная асабістая бясьпека вам і сям’і». Ці абмяркоўвалі вы зь цяперашнімі ўладамі Кыргызстана магчымасьць вярнуцца і гарантыі бясьпекі?

Аскар Акаеў: Вядома, абмяркоўваў. Калі казаць аб статусе, то я зьяўляюся экс-прэзыдэнтам Кыргызстана, ніхто мяне ў канстытуцыйным парадку гэтага не пазбаўляў. Вы ведаеце, пазбавіць мяне можа толькі парлямэнт, вось як цяпер прэзыдэнт Украіны Парашэнка спрабуе зрабіць у адносінах да свайго папярэдніка — праз парлямэнт, Канстытуцыйны суд. Таму Бакіеў найперш заклапаціўся тым, каб пазбавіць мяне статусу экс-прэзыдэнта, але тады яго ж парлямэнт прагаласаваў супраць. Так што я застаюся экс-прэзыдэнтам. Так, рашэньне было прынятае часовым неканстытуцыйным урадам Кыргызстана на чале з Атунбаевай, я лічу, што гэта часовы ўрад складаўся з палітычных авантурыстаў. І іх рашэньне, вядома, не зьяўляецца канстытуцыйным, таму што яно праходзіла праз толькі парлямэнт.

Ганна Соўсь: Калі вы вернецеся зараз, ці вы будзеце ў бясьпецы?

Аскар Акаеў: Не, вядома, калі казаць аб недатыкальнасьці, спадзявацца на гэта не выпадае, таму што Кыргызстан дзесяць гадоў таму перастаў быць прававой дзяржавай, там кіруюць рэвалюцыйны лідэры, спачатку Бакіеў, потым Атунбаева, цяпер Атамбаеў. Вось яны трое якраз узначальвалі дзяржаўны пераварот у сакавіку 2005-га года. С той пары Кыргызстан перастаў быць прававой дзяржавай. Неправавая дзяржава. Пра якую недатыкальнасьць можна казаць? Але я хацеў бы падкрэсьліць, што ніякім чынам, ні ў якім пляне сваім статусам не карыстаўся, але, тым ня менш, факт ёсьць факт, мяне парлямэнт кыргызскі не пазбаўляў гэтага статусу.

Ганна Соўсь: У вас шмат калег, былых калег, прэзыдэнтаў-доўгажыхароў. Нурсултан Назарбаеў, Аляксандр Лукашэнка больш за 20 гадоў кіруюць дзяржавамі. Шмат прэзыдэнтаў ёсьць, якія ня могуць, ня хочуць, баяцца, напэўна, сыходзіць, вельмі доўга застаюцца ва ўладзе самымі рознымі спосабамі. Якую параду вы маглі даць, напрыклад, прэзыдэнту Лукашэнку — чаму ня трэба баяцца быць былым? І якія, можа быць, ёсьць перавагі ў тым, каб быць былым?

Аскар Акаеў: Я чамусьці думаю, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ня мае патрэбы ні ў чыіх саветах. Ён сам мудры прэзыдэнт, актыўны, дзейны, дай Бог яму здароўя, посьпехаў і ўдачы на карысьць беларускага народа. Ну што тычыцца даўгалецьця на пасадзе прэзыдэнта... Калі яны запатрабаваныя сваім народам, яны пасьпяхова кіруюць дзяржавай, то чаму б не? Чаму нават у Злучаных Штатах Амэрыкі прэзыдэнт Рузвельт чатыры разы пераабіраўся, хоць па Канстытуцыі, па традыцыях не паложана было больш за два тэрміны? Таму я лічу, што пераход ад адной фармацыі да іншай фармацыі — гэта таксама такі ж цяжкі момант, як і вайна. Я ведаю прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У мяне шмат сяброў-казахаў, яны бываюць тут у Маскве вельмі часта. Яны яго любяць, яны лічаць, што ён вядзе іх да прагрэсу, да росквіту, і яны падтрымліваюць.

Ганна Соўсь: А якія ўсё ж перавагі ў былога прэзыдэнта?

Аскар Акаеў: Я вольны чалавек, я займаюся тымі праблемамі, якія мяне цікавяць, і атрымліваю ад гэтага велізарнае задавальненьне, атрымліваю асалоду ад свабоды. Я адразу вярнуўся ў сваю родную стыхію, я заняўся навуковай працай, павінен сказаць, што я аддаваў гэтаму ўсе сілы, таму што, пачаўшы другое навуковае жыцьцё, мне трэба было паказаць, найперш сабе, сябрам, што я яшчэ не сказаў апошняе слова у навуцы...

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс і былы прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію пазьней на нашым сайце.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG