Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодні баль у Палацы Рэспублікі ператварыўся ў закрытае мерапрыемства


Афіша балю ўжо зьнікла з сайту Палаца Рэспублікі
Афіша балю ўжо зьнікла з сайту Палаца Рэспублікі

Ранейшае паведамленьне мэдый пра тое, што навагодні баль у Палацы Рэспублікі, які нібыта ўпершыню заплянаваны на навагоднюю ноч, не адбудзецца, абверглі ў структурным падразьдзяленьні палацу пад назвай «Служба грамадзкага харчаваньня і гандлю».

«Баль адбудзецца, але ўсе месцы ўжо забралі. Адзін заказчык усё скупіў. Хто? Да пабачэньня, з надыходзячым Новым годам!», — адказала карэспандэнту Свабоды супрацоўніца службы грамадзкага харчаваньня і гандлю.

Іншая супрацоўніца, з канцэртнага аддзелу, згадала, што ў пачатку 2000-х гадоў навагоднія балі ў Палацы Рэспублікі праводзіліся. «Гэта быў банкет з танцамі і музыкай, на які мог трапіць кожны, хто жадае, калі ёсьць вольнае месца. Як ва ўсіх установах. Але сёлета наш аддзел у гэтым не задзейнічаны», — сказала супрацоўніца.

Чаму навагодні баль пройдзе ў закрытым рэжыме, у адміністрацыі Палаца Рэспублікі не патлумачылі, спаслаўшыся на тое, што гэтае пытаньне ў кампэтэнцыі службы грамадзкага харчаваньня і гандлю. Таксама ў адміністрацыі сказалі, што ня ведаюць кошт квітка на мерапрыемства.

Палац Рэспублікі — дзяржаўная ўстанова кіраўніцтва справамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG