Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблема беларускіх навінаў у тым, што пазытыўным альбо негатыўным лічыцца тое, чаго не адбылося. Але ня толькі. Радыё Свабода згадала добрыя навіны сыходзячага году.

Год глябальнай беларускай культуры

Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію. Гэта падзея ня толькі 2015-га, значнасьць яшчэ давядзецца ацаніць. Агулам для беларускай культуры гэта год міжнародных дасягненьняў — Brutto Міхалка скарае Ўкраіну, Свабодны тэатар Брытанію і ЗША, Віктара Марціновіча ставяць у Вене.

Тое, чаго не адбылося

У Беларусі не паўстала расейскай вайсковай базы, краіна не ўцягнулася ў канфлікты, разьвязаныя Масквой і нават стала пляцоўкай для перамоваў па Ўкраіне. Менск наведалі Алянд і Мэркель, тут былі падпісаныя дамовы па ўрэгуляваньні крызісу на Данбасе. З таго, што магло здарыцца і добра, што так ня выйшла, — улады не пайшлі на стрымліваньне курсу рубля (прывітаньне, 2011-ты) і не арыштавалі апанэнтаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў (згадаем 2006-ты і 2010-ты).

А з таго, што не адбылося, але добра, што хаця б чакалася — магчымыя рынкавыя рэформы. Пра гэта чыноўнікі хаця б пачалі размаўляць.

Бліжэй да Эўропы

Раней быў распаўсюджаны выраз пра тое, што Беларусь адстае ад Захаду на 50 год. Магчыма, жывучы ва ўмоўным Глуску ў гэта цяжка верыць, але часавую адлегласьць усё ж трэба скарачаць — буйныя гарады жывуць у рытме сусьветных падзеяў: у нас стартуюць афіцыйныя продажы новых айфонаў, на беларускі рынак прыходзіць Uber, у сталіцы запускаюць 4G, разьліваецца бясплатная кола ў Burger King і KFC, а ўнівэрсытэты нарэшце ў Балёнскім працэсе. Які-небудзь год дакладна стане годам пераможнай глябалізацыі, калі ўсё стане відавочным, а пакуль яна проста істотна набліжаецца.

Бліжэй да суседзяў

Яно, вядома, непрыемна, што толькі апошнія дзесяць год з нашай сумеснай васемсотгадовай беларуска-віленскай гісторыі нам трэба віза, каб трапіць у Літву, але ў 2016 мы сталі бліжэй і да суседзяў: Лічба выдаваных візаў набліжаецца да мільёна ў год, па колькасьці «шэнгенак» мы даўно на першым месцы ў сьвеце, а сёлета толькі палепшылі паказчыкі. У нас паўстаюць візавыя цэнтры, а зь Менску штодня дзейнічаюць тры рэйсы ў Кіеў, адчыніліся кірункі ў Днепрапятроўск і Івана-Франкоўск. Вядзецца пра пачатак вяшчаньня ўкраінскага тэлеканалу.

Белавія дакладна стала бліжэй, і ня толькі да суседзяў

Белавія дакладна стала бліжэй, і ня толькі да суседзяў

Бязь візаў

Пакуль перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ толькі ідуць (нават цягнуцца), сёлета тры краіны візы адмянілі. Гэта Ізраіль, Туніс і Віетнам. Такім чынам, беларус у 2016-м зможа бяз клопатаў наведаць 24 краіны. Цяжка паверыць, але тры новых краіны ў гэтым сьпісе — гэта самы вялікі дыпляматычны прарыў з 90-х.

Пагоня — побач!

Трэнд на нацыянальныя ўзоры на вопратцы і беларускую мову абазначыўся яшчэ ў 2014-м, а ў 2015-м бел-чырвоныя колеры пачалі паяўляцца паўсюль: на аўто і матацыклах, прыватных дамах, бялізьне, запалках, упакоўцы малака. БРСМ падтрымлівае Арт-сядзібу, тэлевядучая Ганна Бонд бярэ ўдзел у акцыі ў падтрымку кадэтаў з «Пагоняй» (не ў эфіры, але), Румас заступаецца за фанатаў у шаліках з нацыянальных гербам, бел-чырвона-белыя сьцягі мірна суіснуюць з чырвона-зялёнымі на выбарчых пікетах. Што будзе далей? Будзе лепш.

Вызвалілі і не пасадзілі

Ужо згадвалася, што добрай навіной можна лічыць тое, што новых палітвязьняў не зьявілася пасьля выбараў. А да выбараў выйшлі старыя. Упершыню за сем год у краіне не існуе людзей, якія за свае погляды знаходзяцца за кратамі. Мітынгі не разганялі падчас выбарачнай кампаніі, але ня сталі разганяць і пасьля. Беларусь стала больш інтэнсіўна кантактаваць з Эўропай і ЗША, і што з гэтага атрымаецца — пытаньне году наступнага.

Музыкі ў «шэрым сьпісе»

Вольскі можа выступаць у Беларусі (прынамсі, у мэтро:)), Brutto — яшчэ не. Кіно Курэйчыка з музыкай ад Neuro Dubel ня толькі паказваюць у асноўнай праграме на дзяржаўным фэстывалі «Лістапад», але нават арганізуюць дадатковы паказ. Хаця наўрад ці ў Менску легальна дазволяць існаваць «Свабоднаму тэатру». То бок, пра скасаваньне цэнзуры казаць ніяк нельга, забароненыя творцы засталіся (а ў Лёндане нават прайшоў культурны маратон з гэтай нагоды, арганізаваны тым жа Свабодным тэатрам), але сьпісы дакладна ўжо не наскрозь чорныя. Магчыма, там стала больш адценьняў шэрага.

Спорт замест ВУП

Калі няма посьпехаў эканамічных, а айчынныя музыкі не перамагаюць на Эўравізіі, то павінны хаця б быць спартовыя дасягненьні. І яны ёсьць. Мы, можа быць, звыкліся, але гэта год у тым ліку і год БАТЭ. Хай барысаўскі клюб ня першы раз грае ў групавым этапе Лігі Чэмпіёнаў, але кожны такі раз — падзея. Іншыя беларускія спартоўцы таксама радавалі ў 2015-м — Азаранка, Талай, хакеісты, Дзьмітры Варац. А «Крумкачы»?

Рэйтынг

Аўтарытарны палітычны рэжым вучыць таму, што любыя навіны могуць успрымацца пазытыўна. Лукашэнка перамог на недэмакратычных выбарах і, магчыма, будзе кіраваць краінай рэкордныя 26 год. Гэта сумная навіна, але тое, што на гэтых выбарах, паводле вынікаў апытаньня НІСЭПД, ён перамог ня так «элегантна» — навіна добрая і абнадзейваючая. Фактычна апошняя значная палітычная навіна 2015-га — на выбарах за дзейснага прэзыдэнта прагаласавала каля траціны (!) беларусаў, а дэмакратычная кандыдатка Тацяна Караткевіч мела падтрымку мільёна выбаршчыкаў. Гэтыя дадзеныя карэлююць з дасьледаваньнем Gallup.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG