Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблема беларускіх навінаў у тым, што пазытыўным альбо нэгатыўным можа лічыцца тое, чаго не адбылося. Але ня толькі. «Радыё Свабода» згадала кепскія навіны сыходзячага году.

Рэформы не адбыліся

І не адбудуцца ў 2016-м, бо ў грамадзтва няма на іх попыту. Так, прынамсі, мяркуе Кірыл Руды, памочнік прэзыдэнта, чалавек на якога ўскладалі вялікія надзеі ў пляне рынкавых пераўтварэньняў. Тое ж агучыў прэзыдэнт у сваёй інаўгурацыйнай прамове, дадаўшы, што адмова нешта зьмяняць выкліканая клопатам аб людзях.

Дадалося падаткаў

Гэта было б сьмешна, каб не было праўдай. Замест таго, каб прапанаваць ясную канцэпцыю эканамічнага разьвіцьця, улада прапанавала грамадзтву дадатковыя падаткі. Прычым, падала гэта ў самым кепскім выглядзе — спробу прымусіць людзей працаваць афіцыйна назвалі ў горшых савецкіх традыцыях «падаткам на дармаедаў». Мяркуецца, гэта прынясе бюджэту 90 млн долараў, а іміджавыя страты ў нас лічыць не прынята. Як і тое, што ўтрымліваць той жа «Гарызонт» (які ў сьнежні ня вырабіў ніводнага тэлевізара) і іншыя немадэрнізаваныя прадпрыемствы яшчэ больш стратна.

Упалі заробкі і вырасьлі цэны

Гэта не навіна, а тэндэнцыя. Тым ня менш сёлета ўсё стала зусім кепска. Калі для адных крызіс — гэта не паехаць на выходных у Вільню, то для іншых — гэта набываць толькі паўкіляграма мяса ў тыдзень. Сярэдні заробак у лістападзе 2015 — 380$. Калі ня браць Украіну, Беларусь самая бедная эўрапейская краіна.

Улада не з народам

Прэзыдэнт і чыноўнікі заклікаюць людзей эканоміць, больш працаваць і цаніць тое, што ёсьць. Праблема ў тым, што самі ўлады не гатовыя эканоміць, больш працаваць, затое цэняць тое, што ёсьць. Праблема ня ў тым, што даходы ўмоўных міністраў не падаюць сувымерна з падзеньнем заробкаў на МАЗе, а ў нежаданьні ўладаў прызнаваць праблемы, у папулізьме і падмане. Гэта тычыцца ня толькі эканомікі — фанатаў арыштавалі за бел-чырвона-белыя шалікі, міністар унутраных справаў не цураецца публічна і ўпарта вінаваціць іх у лаянцы матам.

Апазыцыя не з народам

У сьнежні паўстала новая апазыцыйная кааліцыя. Вы праўда за гэтым сочыце? А калі сочыце, ці ўзьнікае ў вас пытаньне, чаму яна паўстала пасьля выбараў? Чаму развалілася старая? Альбо чаму ў сяброў новай кааліцыі розныя меркаваньні адносна кааліцыйнага ж кангрэсу дэмакратычных сілаў, які адбудзецца ўвесну? Альбо чаму кангрэс павінен быў адбыцца ўвесну мінулага году перад выбарамі, а не адбыўся? Нават чалавеку, які спачувае беларускім дэмакратычным сілам, усё складаней разумець лёгіку палітыкаў, ня кажучы пра мільёны іншых беларусаў — для іх беларуская апазыцыя за год не прапанавала нічога новага. Апроч Тацяны Караткевіч. Але рэакцыя на яе большасьці палітыкаў — гэта яшчэ пара пытаньняў без адказаў.

83.5%

Выбары і іх прадказальны вынік можна не лічыць навіной. Так адбываецца дваццаць год і, верагодна, будзе адбывацца яшчэ як мінімум пяць. Праблема ў тым, што афіцыйныя 83.5 працэнты — гэта ўсё ж такі зашмат для Беларусі і рэаліяў 2015-га году.

Захад усё прыме

Іншая маральна і рэальна палітычная праблема ў тым, што Захад сёньня гатовы размаўляць з чалавекам, які так фальсыфікуе выбары. Бо сытуацыя зьмянілася, і ранейшыя прынцыповыя патрабаваньні сталі менш прынцыповымі. Ды і жарт пра тое, што беларусу «абы не было вайны» ўжо зусім ня жарт. Актуальна ня толькі для беларусаў.

Старыкаў і рускі сьвет

У лістападзе ў Мінск прыяжджаў адзін зь ідэолягаў «рускага сьвету» Мікалай Старыкаў. Гэта ня кепская навіна. Кепска тое, што на сустрэчу заганялі студэнтаў дзяржаўных унівэрсытэтаў і тое, што туды ж прыйшлі дзясяткі людзей добраахвотна. Прыйшлі і спакойна паглядзелі, як ахоўнікі Старыкава зьбілі маладафронтаўцаў, а пасьля паслухалі і паапладзіравалі самому госьцю, які на пытаньне аб незалежнасьці Беларусі назваў яе часткай «рускага міра».

Больш Расіі і пакуль бяз Захаду. Нават візава

2015-ты — год чарговай лібэралізацыі стасункаў з Захадам. Але на практыцы інтэнсыфікацыя кантактаў не выліваецца ў тое, што магло б замацаваць дасягненьні — у фармальныя дамовы. А фармальна мы маштабна паглыбленыя ў Расею і яе вайсковыя, палітычныя і эканамічныя праекты.

Культура безь дзяржавы

Калі тое, што беларуская культура ў 2015 стала глябальнай, навіна добрая, то кепска, што ў самой Беларусі культура ня стала сваёй. Замест адзначэньня Сьвятланы Алексіевіч Лукашэнка ўручае ордэн расейскаму сьпеваку Віктару Дробышу, кніжкі нобэлеўскай ляўрэаткі стаяць на вітрынах найлепшых кнігарняў Эўропы, але схаваныя падалей ад вачэй у беларускіх, песьні Міхалка прызнаюцца гімнам Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне, а яго новы гурт ня можа выступіць нават у перапынку на хакейным матчы ў Менску. Рост беларускамоўнай рэклямы суправаджаецца зьмяншэньнем беларускамоўных школаў, а каб стварыць белмоўную групу ў садку, бацькі павінны сур’ёзна пазмагацца.

XS
SM
MD
LG