Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны ліхтар у «стралялцы» Battlefield перадаў пасланьне азбукай Морзэ


Складаная пасьлядоўнасьць дзеяньняў, на якую намякае беларускамоўны ліхтар, дазваляе віртуальным ваярам атрымаць сакрэтны камуфляж.

У відэагульні Battlefield 4 блогер jackfrags знайшоў сакрэтнае пасланьне, якое намякала на доўгую пасьлядоўнасьць дзеяньняў, прыз за якую — сакрэтная форма для віртуальнага салдата.

На адным з магчымых месцаў баявых дзеяньняў, мапе «Даліна дракона», на адной з калёнаў будынку намаляваны ледзь заўважны чэрап, які гулец распазнаў як намёк на сакрэтны бонус. Побач з калёнай вісіць кітайскі ліхтар, які, калі пачакаць дастаткова доўга, пачне запальвацца і гаснуць. Як выявілася, такім чынам перадаецца пасланьне, зашыфраванае азбукай Морзэ. І гэтае пасланьне па-беларуску:

«Ты сумаваў па мне? Посьпехаў», — і подпіс JJJU.

Як высьветліў блогер, подпіс намякае на інжынэра Dice, кампаніі-распрацоўшчыка гульні, Джуліяна Манолава. Як кажуць геймеры, гэты інжынэр вядомы стварэньнем так званых «велікодных яек» («easter eggs») — схаваных сюрпрызаў у гульнях. Манолаў у сваім твітэры пацьвердзіў удзел у стварэньні пасланьня, але не патлумачыў, чаму яно напісана па-беларуску. Сам Манолаў, падобна, не беларус, а баўгарын — прынамсі, ён навучаўся ў Сафійскім унівэрсытэце, пасьля чаго пераехаў у ЗША.

Так ці іначай, само паведамленьне не дае ніякіх бонусаў, гульцам трэба разгадваць загадку далей. Побач зь «беларускамоўным» ліхтаром ёсьць іншыя, запаленыя і незапаленыя, і іх трэба запаліць усе. Яны запальваюцца кнопкамі, надзейна схаванымі пад камянямі ці ў пнях, пры чым камбінацыя кнопак для кожнага гульца розная і выяўляецца толькі экспэрымэнтальна (блогер нямала сядзеў за вылічэньнямі і схемамі на паперках). Пасьля таго, як ліхтары будуць запаленыя, актывуецца яшчэ адно схаванае пасланьне «марзянкай», якое намякае (ужо па-ангельску) на іншую мапу, дзе трэба будзе ўстаць на пэўны камень, каб пачуць наступнае шыфраванае паведамленьне, зь якога можна даведацца пасьлядоўнасьць лічбаў. Калі набраць гэтую пасьлядоўнасьць у гульні, актывуецца яшчэ адно паведамленьне з кодам для тэрміналу на іншай мапе. І толькі пасьля набору гэтага коду (індывідуальнага для кожнага) гулец атрымае сакрэтны камплект камуфляжу для віртуальнага пэрсанажу, які нельга купіць звычайнымі сродкамі.

Гульня Battlefield 4 выйшла ў канцы 2013 году для настольных кампутараў і гульнявых кансоляў, сюжэт распавядае пра падрыхтоўку Расеяй вайсковага перавароту ў Кітаі і пагрозу трэцяй сусьветнай вайны. Гульцу ў ролі амэрыканскага вайскоўца давядзецца ўзяць удзел у апэрацыях у Баку, Шанхаі, Сынгапуры, Тыбэце і на Суэцкім канале. Акрамя сюжэтных адзіночных місіяў гульня дазваляе ваяваць анлайн у баях з удзелам да 64 чалавек адначасова. Battlefield 4 была ацэненая крытыкамі прыкладна ў 8 зь 10 балаў і прададзеная накладам у больш за 7 млн копій — нягледзячы на забарону ў Кітаі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG