Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Расея зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы ў Сырыі


Пасьля ўдару расейскай авіяцыі ў горадзе Ідліб у Сырыі, 20 сьнежня 2015 году

Пасьля ўдару расейскай авіяцыі ў горадзе Ідліб у Сырыі, 20 сьнежня 2015 году

Паводле зьвестак Amnesty International, расейскія авіяўдары сталі прычынай гібелі сотняў людзей і выклікалі маштабныя разбурэньні ў жылых раёнах.

Дзеяньні расейскай ваеннай авіяцыі ў Сырыі «могуць уяўляць сабою ваенныя злачынствы» у сувязі зь вялікімі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным у сераду дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Расейскія ВКС выкарыстоўвалі некіраваныя бомбы ў густанаселеных раёнах і касэтныя боепрыпасы, гаворыцца ў дакладзе.

Расейскія авіяўдары сталі прычынай гібелі сотняў людзей і выклікалі маштабныя разбурэньні ў жылых раёнах. Былі зьнішчаныя дамы, мячэць, рынак, мэдыцынскія аб’екты. Гэтыя атакі носяць прыкметы парушэньняў міжнароднага гуманітарнага права, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле зьвестак Amnesty International, за пэрыяд зь верасьня па лістапад у выніку расейскіх бамбаваньняў загінулі прынамсі 200 цывільных і толькі некалькі дзясяткаў баевікоў. Экспэрты адзначаюць, што да такой высновы яны прыйшлі, грунтуючыся на дадзеных відавочцаў, а таксама на відэадоказах і фатаздымках, якія захавалі наступствы расейскіх удараў.

«Існуе таксама сьведчаньне таго, што расейскія ВКС незаконна выкарыстоўвалі некіраваныя бомбы ў густанаселеных раёнах і касэтныя боепрыпасы, якія па сваёй сутнасьці зьяўляюцца зброяй, не накіраванай на канкрэтую мэту», — сьцьвярджаюць аўтары дакладу.

У дакладзе аналізуюцца паветраныя ўдары па мэтах у Хомсе, Ідлібе і Алепа, у раёнах, якія знаходзяцца пад кантролем апазыцыі, у далечыні ад пазыцыяў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Amnesty International заклікае правесьці бесстароньняе і незалежнае расьсьледаваньне парушэньняў міжнароднага гуманітарнага права і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці.

Раней з аналягічнымі абвінавачваньнямі на адрас Расеі выступілі праваабаронцы Human Rights Watch. У дакладзе арганізацыі гаварылася аб неразборлівасьці расейскіх удараў і актыўным выкарыстаньні касэтных боепрыпасаў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абверг гэтую інфармацыю. Ён растлумачыў, што апэрацыя расейскай авіяцыі ў Сырыі ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права. Масква і раней неаднаразова абвяргала абвінавачваньні ва ўдарах па мірных жыхарах ў Сырыі, а зьвесткі аб гібелі цывільных асобаў называла «інфармацыйнымі атакамі».

Справаздача, інфармацыя для якой зьбіралася дыстанцыйна, заснаваная на інтэрвію з 16 сьведкамі і лекарамі, а таксама праваабарончымі групамі.

Amnesty International прааналізавала 25 авіяўдараў расейскіх ВПС у пяці розных раёнах у пэрыяд з 30 верасьня па 29 лістапада — у Хомсе, Хаме, Ідлібе, Латакіі і Алепа.

У справаздачы Amnesty International вылучае 6 авіяўдараў, якія прывялі да дзясяткаў мірных ахвяраў, хоць ніякіх відавочных вайсковых аб’ектаў паблізу не было.

У прыватнасьці, авіяўдары прыйшліся на жылыя дамы, бальніцу, рынак і мячэць. Так, 29 лістапада 49 мірных жыхароў загінулі і яшчэ больш пацярпелі, калі 3 снарады ўпалі на рынак у горадзе Арыха ў правінцыі Ідліб.

Расея пачала наносіць авіяўдары ў Сырыі 30 верасьня, заявіўшы, што дзейнічае па просьбе прэзыдэнта краіны Башара Асада. Заходнія краіны неаднаразова абвінавачвалі Расею ў нанясеньні ўдараў не па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы», а па групах ўмеранай апазыцыі Асаду, якіх падтрымлівае Захад.

XS
SM
MD
LG