Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

HRW: расейская і сырыйская арміі выкарыстоўваюць у Сырыі касэтныя бомбы


Абалонка кассэтнай бомбы, якая выбухнула ў сырыйскім горадзе Дума. 5 лістапада 2015 году

Абалонка кассэтнай бомбы, якая выбухнула ў сырыйскім горадзе Дума. 5 лістапада 2015 году

З 30 верасьня 2015 году, калі расейская авіяцыя пачала паветраныя атакі ў Сырыі, ня менш за 20 разоў былі выкарыстаныя касэтныя бомбы, гаворыцца ў справаздачы праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch ад 20 сьнежня. Праваабаронцы кажуць пра задакумэнтаванае выкарыстаньне прынамсі сямі тыпаў касэтных боепрыпасаў у Сырыі з 30 верасьня 2015 году.

«HRW зьбірае падрабязную інфармацыю аб нападах у дзевяці месцах, дзе загінулі ня менш за 35 мірных жыхароў, у тым ліку пяць жанчын і 17 дзяцей, яшчэ дзясяткі былі параненыя. Дзьве атакі былі ажыцьцёўленыя на лягеры для перамешчаных асобаў. Што тычыцца іншых нападаў, Human Rights Watch атрымала візуальнае пацьверджаньне аб выкарыстаньні касэтных боепрыпасаў», — гаворыцца ў справаздачы.

Экспэрты адзначаюць, што выкарыстоўваць забароненае ўзбраеньне могуць або расейскія войскі, або ўрадавая армія Сырыі, паколькі сірыйская апазыцыя не эксплюатуе паветраныя судны.

«Узброеныя апазыцыйныя групы не выкарыстоўваюць паветраныя судны, а гэта значыць, што расейскія ці сырыйскія ўрадавыя сілы адказныя за скід з паветра касэтных боепрыпасаў. Чатыры тыпы выпушчаных касэтных боепрыпасаў, выкарыстаных у апошні час, былі скінутыя зь вялікіх транспартных сродкаў, складаных у выкарыстаньні і такіх, якія ніколі не былі ў распараджэньні ўзброеных апазыцыйных груп», — гаворыцца ў справаздачы.

Праваабаронцы зьвярнуліся да Расеі і Сырыі з заклікам адмовіцца ад выкарыстаньня касэтных бомбаў.

«118 краінаў забаранілі касэтныя боепрыпасы праз шкоду, прычыненую падчас нападаў і таму, што боепрыпасы часта не выбухаюць і пагражаюць мірным жыхарам і ваенным, пакуль не будуць абясшкоджаныя і зьнішчаныя. Human Rights Watch настойліва заклікае Сырыю і Расею далучыцца да Канвэнцыі па касэтных боепрыпасах», — адзначылі ў арганізацыі.

1 кастрычніка HRW папярэдзіла Расею, каб яна не выкарыстоўвала ніякіх касэтных боепрыпасаў у Сырыі, каб прадухіліць небясьпеку для грамадзянскіх. Расея факт выкарыстаньня касэтных бомбаў ніяк не пракамэнтавала. Рэакцыі ад афіцыйнага сірыйскага боку таксама няма.

XS
SM
MD
LG