Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія жанчыны змагаюцца за права правядзеньня мірных маніфэстацыяў


Суд Цэнтральнага раёну, Гомель

Суд Цэнтральнага раёну, Гомель

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Гомелю Віталь Маразюк 21 снежня адхіліў прэтэнзіі мясцовых актывістак Натальлі Шчукінай і Алы Раманчык да Гомельскага гарвыканкаму. Жанчыны аспрэчвалі забарону на правядзеньне вулічнага шэсьця.

«Мы меліся 15 лістапада прайсьці калёнаю ад гандлёвага цэнтру „Рэчыцкі“ да гіпэрмаркета „Гіпа“ зь лёзунгамі пра эканамічны крызіс у краіне і неабходнасьць правядзеньня эканамічных рэформаў. Аднак гарвыканкам забараніў шэсьце, спаслаўшыся, як заўсёды, на невыкананьне патрабаваньняў закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў і адпаведных выканкамаўскіх рашэньняў. Адначасова мы ставілі перад судом пытаньне наконт неправамернага вызначэньня гарвыканкамам толькі двух месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама на ўскладаньне на арганізатараў мірных сходаў абавязкаў заключаць дамовы на платнай аснове з мэдустановай і спэцаўтапрадпрыемствам па санітарнай ачыстцы гораду».

Да скаргі ў суд заяўніцы прыклалі рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека па справах гомельскіх палітыкаў Васіля Палякова і Ўладзімера Сякеркі, у якіх забароны на правядзеньня мірных сходаў у Гомелі былі прызнаныя на міжнародным узроўні як парушэньні правоў на такія сходы.

Аднак судзьдзя Маразюк ня ўзяў пад увагу высновы ўплывовай міжнароднай структуры, тым самым пацьвердзіўшы, што Беларусь ня мае намеру карэктаваць сваю судовую практыку ў адпаведнасьці з падпісанымі міжнароднымі пагадненьнямі. Гарвыканкам, маўляў, меў права не даваць дазвол на вулічнае шэсьце, і ён не дазволіў.

Натальля Шчукіна і Ала Раманчык будуць аспрэчвань пастанову судзьдзі Маразюка ў вышэйшых судовых інстанцыях і пракуратуры, а калі спатрэбіцца, то зьвернуцца і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

XS
SM
MD
LG