Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафаваныя журналісты-фрылансэры з Гомеля напісалі скаргі генэральнаму пракурору


Кастусь Жукоўскі і Натальля Крывашэй

Кастусь Жукоўскі і Натальля Крывашэй

Трое журналістаў-фрыласэраў з Гомеля — Натальля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі — накіравалі скаргі генэральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Яны аспрэчваюць судовыя пастановы наконт буйных штрафаў за супрацоўніцтва зь беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» (Польшча).

Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

Натальля сёлета мусіць сплаціць у бюджэт 24,3 мільёна рублёў, Ларыса — 3,6 мільёна, Кастусь — 31,5 мільёна. Афіцыйна фрылансэраў суды штрафавалі на падставе міліцэйскіх пратаколаў за тое, што яны здымалі на Гомельшчыне розныя сацыяльныя сюжэты, якія пасьля выкарыстоўваў тэлеканал «Белсат». Відэаздымкі фрылансэраў нібыта падпадаюць пад артыкул 22.9 КаАП — парушэньне заканадаўства аб СМІ, а менавіта — падрыхтоўка прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Як лічыць гомельскі праваабаронца, юрыдычны кансультант Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка, які дапамагаў рыхтаваць скаргі, у адміністрацыйных справах незалежных журналістаў судзьдзі "ўзялі на сябе адказнасьць за невыкананьне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага беларускай дзяржавай.

Пастановы аб пакараньні штрафамі журналістаў-фрылансэраў выносілі сёлета судзьдзі: Рагачоўскага раёну — Аляксандар Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага — Уладзімер Пракапенка, Гомельскага — Аляксандар Лісоўскі, Цэнтральнага раёну Гомеля — Аксана Осіпава, Марына Дамненка, Віктар Казачок, Чыгуначнага раёну — Мікалай Бакуноў.

Ня ўгледзелі парушэньняў правоў саміх журналістаў-фрылансэраў пры пераглядзе пастановаў на штрафы старшыня Гомельскага абласнога суду Сяргей Шаўцоў, судзьдзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч.

Аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансэры сьцьвярджаюць, што ад рэакцыі на іхнія скаргі Генэральнай пракуратуры будзе залежаць, ці пададуць яны заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.

XS
SM
MD
LG