Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронца патрабуе спагнаць з мытнікаў 999 мільёнаў


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

14 кастрычніка начальнік аддзелу мытных дасьледаваньняў Гомельскай мытні Алег Швец склаў на праваабаронцу Леаніда Судаленку адміністрацыйны пратакол на падставе артыкулу 23.4 КоАП — непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службоўца.

Праз шэсьць дзён пратакол мае разгледзець суд Цэнтральнага раёну Гомеля.

Максымальнае пакараньне па артыкуле— 9 мільёнаў рублёў штрафу, альбо 15 сутак арышту.

«Гэтая гісторыя цягнецца ад 25 жніўня, калі я вяртаўся цягніком зь Вільні ў Менск. На памежным пункце пропуску „Гудагай“ я прайшоў мытны кантроль. Ніякіх заўваг інспэктары не зрабілі, бо я нічога забароненага ня вёз. Праблемы пачаліся пасьля праверкі пашпарта памежнікамі. Тыя нанова выклікалі мытнікаў і патрабавалі, каб у Маладэчне я пакінуў цягнік дзеля паглыбленага асабістага дагляду. Аднак пра падставы такога дзеяньня ні мытнікі, ні памежнікі нічога не патлумачылі. І паколькі я меў квіток зь Менску на гомельскі цягнік і спазьняўся на яго, я адмовіўся пакінуць вагон без тлумачэньняў. У Маладэчне памежнікі й мытнікі сілай вынесьлі мяне з вагона за рукі і за ногі», — апавёў Леанід Судаленка.

Адміністрацыйны пратакол супраць праваабронцы па даручэньні Менскай рэгіянальнай мытні гомельскія службоўцы зьбіраліся скласьці даўно, аднак, дзейнічалі з парушэньнямі заканадаўства, за што па скарзе Судаленкі атрымалі папярэджаньне ад пракурора.

У Маладэчне памежнікі й мытнікі сілай вынесьлі мяне з вагона за рукі і за ногі

Сам праваабаронца перакананы, што на дзяржаўнай мяжы памежнікі з мытнікамі выконваюць «далікатныя даручэньні» разьдзяваць апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў, што невядома якім чынам трапілі ў «чорныя сьпісы». Раней на той жа літоўска-беларускай мяжы Судаленку ўжо ўчынялі падобны асабісты надгляд з разьдзяваньнем.

І акурат 14 кастрычніка ў Судзе Гомельскага раёну прадстаўнікі вайсковай часткі 2044 Смаргонскай памежнай групы і Менскай рэгіянальнай мытні давалі на гэты конт свае тлумачэньні на папярэднім разглядзе пазову Леаніда Судаленкі.

«Ад фізычнага гвалту ў мяне падняўся крывяны ціск — мне выклікалі „хуткую дапамогу“. Я змушаны быў купляць лекі, каб паправіць здароўе, таномэтар для вымярэньня ціску. Набываў таксама новыя квіткі з Маладэчна да Менску і зь Менску да Гомеля. Маю чалавечую і грамадзянскую годнасьць прынізілі, я адчуў сваю безабароннасьць перад гвалтам і беззаконьнем. Пазьней з дакладной начальніка зьмены памежнікаў капітана Савіна дазнаўся, што мяне абшуквалі на прадмет наяўнасьці электронных носьбітаў інфармацыі, як сказана, „экстрэмісцкага зьместу“. Хто, якім чынам і на якой падставе залічыў мяне ў „экстрэміста“, невядома», — тлумачыць сваё патрабаваньне матэрыяльнай і маральнай кампэнсацыі спадар Судаленка.

Памер матэрыяльнай шкоды праваабаронца абумовіў выдаткамі на новыя квіткі, пакупку лекаў і мэдычнага таномэтра — агулам 1,8 мільёна рублёў.

Маральную шкоду, нанесеную мытнікамі і памежнікамі, Судаленка вызначыў у памеры 999 мільёнаў рублёў. Ён патрабуе таксама спагнаць з адказчыкаў і судовыя выдаткі.

Па сутнасьці пазоў праваабаронцы да памежнікаў і мытнікаў мае разглядацца ў судзе Гомельскага раёну 5 лістапада.

XS
SM
MD
LG