Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фота на памяць» — выстава беларускага фатографа пра ўкраінскіх вайскоўцаў


Беларускі фатограф Аляксандар Васюковіч, правёўшы тры тыдні на ўсходзе Ўкраіны, выклаў свае фатаздымкі ў фэйсбуку. Свой праект ён назваў «Фота на памяць». На здымках — байцы, якія бралі ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данбасе.

«Гэтыя фатаздымкі былі зробленыя на памяць, калі я працаваў у мінулым годзе на ўсходзе Ўкраіны. Многія салдаты прасілі мяне зрабіць фатаздымак на памяць і па магчымасьці даслаць ім альбо іхнім сваякам, жонкам, сябрам, зь якімі даўно ня бачыліся. Я, вядома, усё адпраўляў. Потым, калі я вярнуўся ў Беларусь, я зрабіў вялікую падборку і ўсім даслаў. Яны даволі часта зьяўляліся ў сацсетках. І, разумеючы тое, што там адбываецца на вайне, людзі гінуць штодня, мне захацелася візуальна паказаць, што гэта даволі блізка да ўсіх. То бок на тых фотаздымках, якія мы бачым у сацсетках, людзі, якія, магчыма, ужо загінулі. Фатаздымкі былі зробленыя ў спакайнейшы час, калі была магчымасьць сфатаграфавацца на памяць», — распавёў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Васюковіч.

Аляксандар Васюковіч кажа, што пазьней сустракаўся з тымі, хто ваяваў у гэтым падразьдзяленьні. І ад іх даведваўся, што некаторыя загінулі. Аднак, магчыма, больш інфармацыі пра сваіх герояў ён атрымае праз сацсеткі. Фатаздымкі Аляксандар Васюковіч выклаў у сеціве 2 сьнежня.

«Я хацеў, каб, убачыўшы гэты праект, усе больш адказна ставіліся да сваіх словаў. І разумелі, што вайна — гэта ў любым выпадку ахвяры з двух бакоў, і ў выніку гэта ні да чога не прывядзе. Я хачу паказаць гэты праект як мага большай колькасьці людзей. І нават зрабіць асобную выставу».

XS
SM
MD
LG