Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добры фатаздымак з вайны — заўсёды антываенны», — Яўген Фельдман


Расейскі фатограф Яўген Фельдман прадставіў менскай публіцы вынік сваіх працоўных камандзіровак ва Ўкраіну, увасоблены ў фотаальбом з канцэптуальнай назвай «Врозь».

Правёўшы цягам году больш за пяць месяцаў на Майдане, у Крыме, а таксама на ўсходзе Ўкраіны, штатны фатограф «Новой газеты», арганізаваў краўдфандынгавы праект, які пабіў расейскі рэкорд у галіне фотапраектаў, — людзі сабралі 1 750 000 расейскіх рублёў. І хоць кнігу не ўзялі на распаўсюд у буйныя кніжныя сеткі Расеі, попыт на яе ёсьць. Цяпер Яўген Фельдман прэзэнтуе фотаальбом у Расеі, Украіне і Беларусі.

«Досьвед Belarus Press Photo я ведаю»

«Врозь» выйшла накладам 1500 асобнікаў. Дзьве траціны накладу ўжо разышліся. Найбольшая колькасьць замоваў была з Масквы і іншых гарадоў Расеі. Шмат кніг адправілася ва Ўкраіну і Беларусь.

Каб фотаальбом не напаткаў лёс зборніка фатаздымкаў пераможцаў конкурсу «Belarus Press Photo», аўтар на ўсіх стадыях працы імкнуўся да максымальнай аб’ектыўнасьці і лічыць, што ў яго фатаздымках «няма нічога экстрэмісцкага».

«Я вельмі добра ведаю гісторыю з фотаальбомам „Belarus Press Photo“, але спадзяюся, што кнігу „Врозь“ у Беларусі такі лёс не напаткае. У маёй кнізе няма нічога экстрэмісцкага. Падчас адбору фатаздымкаў я ўвесь час ўяўляў, да чаго можна было б прычапіцца. А падчас працы з фатакамэрай імкнуўся да жорсткай нэўтральнасьці — адлюстроўваў усе бакі канфлікту. У кнізе няма ніводнага слова ці кадра, якія былі б заклікам. Гэта спакойны, негістэрычны, непрапагандысцкі аповяд. Апроч таго, у кнізе няма нічога пра Беларусь, таму я разьлічваю, што беларуская дзяржава ніякім чынам ня будзе рэагаваць. Вельмі хацелася б пазьбегнуць любых эксцэсаў».

«Добры фатаздымак з вайны — заўсёды антываенны»

Яўген Фэльдман спадзяецца: чытачы яго кнігі зразумеюць, што ў працэсе паглыбленьня ў рэчаіснасьць расейска-ўкраінскага канфлікту ён не заняў пазыцыю аніяводнага зь яго бакоў, а галоўны яго мэсыдж у тым, што вайна — гэта гора і няшчасьце.

«Нехта сказаў, што добры фатаздымак пра вайну можа быць толькі антываенным. Я кіраваўся гэтай думкай і імкнуўся паказаць, што вайна — гэта вельмі паскудна. Чым больш я паглыбляўся ў канфлікт, тым больш нэўтральным я станавіўся і тым менш разумеў, якія ёсьць выйсьці з сытуацыі. А калі ты не разумееш, якія ёсьць рашэньні, ты ня можаш падтрымаць нейкі адзін бок. Каб бачыць аб’ектыўна, трэба зь нейкай пэрыядычнасьцю наведваць розныя тэрыторыі, каб пабачыць розных удзельнікаў канфлікту. Я акурат стараўся наведваць розныя тэрыторыі падчас розных паездак, і гэта дало мне магчымасьць не пагрузіцца ў настрой і ўспрыманьне рэчаіснасьці ніякай зь іх. Праблема ў тым, што людзі, якія назіраюць за падзеямі праз Інтэрнэт, думаюць, што яны ведаюць і бачаць усё. А тыя, хто апынуўся ў эпіцэнтры падзеяў, разумеюць, што яны бачаць мінімум, на падставе якога нельга рабіць высновы».

«На Майдане не было наймітаў Дзярждэпа, а на ўсходзе Ўкраіны не будуюць імпэрыю зла»

Нягледзячы на тое, што ў фотаальбоме ёсьць і гісторыі пра актывістаў Майдана, і пра супрацоўнікаў міліцыі, і пра прыхільнікаў далучэньня Крыма да Расеі, на думку Яўгена Фельдмана, абвінаваціць яго ў суб’ектыўнасьці змогуць і ўкраінскія нацыяналісты і тыя, каго называюць «ватнікамі»:

Бывае, што тыя ж здымкі спачатку зьяўляюцца ва „Ўкраінскай праўдзе“ і суполцы Эўрамайдана, а пасьля — у суполках прыхільнікаў ДНР

«Бывае, што тыя ж здымкі спачатку зьяўляюцца ва „Ўкраінскай праўдзе“ і суполцы Эўрамайдана, а пасьля — у суполках прыхільнікаў ДНР. Я раблю выснову, што нешта ў такіх кадрах ёсьць такое, у чым кожны бок бачыць нешта, што трактуе на сваю карысьць. Гэтак жа сама кожны з бакоў можа пабачыць і нэгатыў, тое, што ён будзе лічыць хлусьнёй і правакацыяй.

Праз тое, што кніга распраўсюджваецца праз Інтэрнэт, кола чытачоў звужаецца да нэўтральных і праўкраінскіх. Але я спадзяюся, што кніга будзе цікавай і выкліча эмоцыі ў людзей зь любой пазыцыяй. Адзінае, што гэтыя эмоцыі будуць моцна адрозьніваецца ад таго, што я ўкладаў у здымкі. Але ёсьць базавыя рэчы, якія я б хацеў распавесьці сваімі фатаздымкамі ўсім: не было на Майдане ніякіх наймітаў Дзярждэпа, а на ўсходзе Ўкраіны ніхто не будуе імпэрыю зла».

«У расейцаў няма пасыянарнасьці ў дачыненьні да Наваросіі і Ўкраіны»

Яўген Фельдман кажа, што расейцы ўжо стаміліся ад «украінскага ўгару» і цяпер ставяцца да падзеяў хіба з пасіўным ухваленьнем:

«Зразумела, што мае погляды не супадаюць з поглядамі большасьці ў Расеі. Хаця ў маім прафэсійным асяродку ўсе — адэкватныя людзі. Калі казаць пра расейцаў увогуле, то праблема палягае ў тым, што ў Расеі няма традыцыі сачыць за навінамі ці пагружацца ў навіны. У Расеі рэагаваньне на навіны не пасыянарнае, ужо няма жарсьці нават ў дачыненьні да паведамленьняў пра Ўкраіну. Прапаганда не абурае прыхільнікаў дэмакратыі, якія выходзяць на апазыцыйныя мітынгі ў складзе 2-3 тысяч чалавек, ні прыхільнікаў Пуціна — зь іх боку няма рэакцыі «Ура, Наваросія!», замест гэтага толькі: «Наваросія? Ну о’к, у прынцыпе, я — за».

XS
SM
MD
LG