Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У арміі казалі: ну і няхай Беларусь стане часткай Расеі — затое будзем атрымліваць зарплаты як у Маскве»


Раман Васюковіч (у цэнтры)

Раман Васюковіч (у цэнтры)

Незалежны журналіст Раман Васюковіч, які з 2013 па 2014 год праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску, апавёў Радыё Свабода, як у арміі рэагавалі на падзеі ва Ўкраіне і ці будуць салдаты ваяваць за незалежнасьць Беларусі.

— Твая служба пачалася практычна адначасова з пачаткам Эўрамайдану ва Ўкраіне. Як на працягу гэтага году ўспрымаліся ўкраінскія падзеі ў беларускім войску?

— Падзеі ва Ўкраіне ня выклікалі нейкай маштабнай цікавасьці сярод салдат тэрміновай службы. Трэба сказаць, што немалая частка салдат у прынцыпе апалітычная. Пра тое, што адбываецца ў суседняй дзяржаве, узгадвалі ў асноўным падчас «Панарамы», калі паказвалі рэпартажы, дзе перастрэлка якая-небудзь або дом разбамбілі — маўляў, які жах, як хутка краіну развалілі!

Афіцэры ж нам пастаянна нагадвалі, што ў суседняй дзяржаве ідзе вайна — маўляў, трэба пільна несьці службу, бо «і ў нас хапае сіл, якія мараць пахіснуць стабільнасьць і парадак у Беларусі». Наагул, шчырых размоў на гэтую тэму было мала. Можна было пачуць: маўляў, справядлівасьць гістарычная перамагла, або — што Расея цяпер ня спыніцца, захопіць і іншыя тэрыторыі. І то гэтыя размовы вяліся паміж сабой або на курылках... Ніхто на палітычныя тэмы асабліва не разважаў.

— За каго ўсё ж была большасьць — за Расею ці Ўкраіну?

— Цяжка сказаць адназначна. Але, хутчэй, больш было тых, хто за Расею — маўляў, добрую справу робяць, народу дапамагаюць.

— А яны дапускалі, што ў далейшым Расея можа пайсьці «дапамагаць» беларусам?

— Далёка ня ўсе салдаты ўспрымаюць Расею як пагрозу нашаму сувэрэнітэту. Некаторыя ўвогуле ня бачаць у далучэньні краіны да Расеі нічога жудаснага. Даводзілася нават чуць: ну і няхай Беларусь стане часткай Расеі — затое будзем атрымліваць зарплаты як у Маскве. То бок вось такія эканамічныя тлумачэньні. Такія паняцьці, як «незалежнасьць», «сувэрэнітэт», ня надта прыгадваліся. Але паўтаруся: большасьць салдат тэрміновай службы, як правіла, апалітычныя, таму і размовы адпаведныя.

Раман Васюковіч

Раман Васюковіч

— А каго ў беларускім войску лічаць галоўным патэнцыйным ваенным праціўнікам?

— Ваенным праціўнікам Беларусі падаюць сілы НАТО. Нам увесь час казалі: НАТО ня дрэмле, не пасьпеем азірнуцца, як іх танкі ўжо пад Беластокам будуць, усе прыбалтыйскія аэрадромы натаўскімі самалётамі застаўленыя і г.д.

— Гэтую думку салдаты падзялялі?

— Тут трэба наагул разумець, каго прызываюць у войска. Там ёсьць розныя людзі. Тыя, хто мае адукацыю, з іроніяй ставіліся да падобных выказваньняў. А былі хлопцы, напрыклад, зь вёсак, якім увогуле было ўсё роўна — нават што такое НАТО, яны ведалі не да канца.

— На працягу гэтага году нейкія спэцыяльныя мерапрыемствы па ўкраінскай тэматыцы ў вашай часьці праводзіліся?

— Падчас выхаваўчай працы гучала ўкраінская тэма. Распавядалася, што ўкраінскі народ апынуўся ў няпростай сытуацыі, а нам трэба захоўваць пільнасьць і яшчэ раз пільнасьць. Але канкрэтыкі было мала. А што тычыцца менавіта вайсковых мерапрыемстваў... Аднойчы ў нас праходзіла нешта накшталт вучэньняў з такой легендай: каля брамы часткі мітынгуе народ, а мы ўзмацнілі патруляваньне тэрыторыі і працягваем несьці сваю службу. Нейкага дадатковага інструктажу не было, дзеяньняў не было — мы проста хадзілі з аўтаматамі па тэрыторыі, дый усё. Гэта даволі пацешна было.

— У СМІ за гэты год некалькі разоў падымалася пытаньне пра тое, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Беларусь можа быць у яе ўцягнутая як саюзьніца Расеі. Вось калі ўявіць такую фантастычную сытуацыю, што беларускіх салдат адправілі б ва Ўкраіну, матывуючы гэта неабходнасьцю абараняць Радзіму ад «пагрозы НАТО» або «ўкраінскіх фашыстаў», як бы, на твой погляд, паводзілі сябе салдаты?

Калі б быў загад — паехалі б ва Ўкраіну

— Калі б быў загад — паехалі б. Але думаю, што асаблівага геройства беларускія салдаты там бы не паказвалі, толку зь іх было б мала. Па-першае — з-за таго, што абараняюць не сваю дзяржаву, па-другое — таму што да рэальных баявых дзеяньняў яны не гатовыя: нельга ваяваць, калі страляў з аўтамата 2–3 разы...

— А калі б прыйшлося абараняць Беларусь, можна было б разьлічваць на гераізм нашых жаўнераў?

— Так, з упэўненасьцю магу сказаць, што беларускія салдаты ня кінулі б зброю і не паўцякалі б. Паміж сабой мы вялі размовы, што б мы рабілі, калі б наша краіна апынулася ў такім стане. Ніхто не адказваў, што пры першай магчымасьці ўцячэ дадому — наадварот, ахвочых пры неабходнасьці абараняць краіну было дастаткова.

— Наколькі баяздольная беларуская армія?

— У выпадку рэальных ваенных дзеяньняў наша боегатоўнасьць у мяне выклікае сумневы. Але тут я выключна са свайго вайсковага досьведу мяркую. Спадзяюся, што ўсё ж такі ёсьць людзі, якія сапраўды за час службы набылі вайсковыя навыкі, практыку і г.д. Наконт патрыятызму сярод салдат... ён у кожнага свой быў. Хтосьці насамрэч лічыў, што сьвятую справу робіць, камусьці ўсё роўна было, хтосьці проста чакае, калі скончыцца тэрмін службы. Не ўдавалася думаць, што ты абараняеш сваю Радзіму, падмятаючы асфальт, выкопваючы бардзюры і іншыя будаўнічыя працы выконваючы. І калі ты гэтым год ці паўтара года займаесься, то ўсе думкі пра высокае, пра доўг кудысьці зьнікаюць.

У войску досыць хлопцаў, якія прыходзяць служыць з нармальным настроем. Маўляў, я не хацеў «касіць» бо гэта мой абавязак — служба ў арміі. Проста потым, у ходзе службы, настрой можа памяняцца ў горшы бок. Плюс афіцэрскі склад далёка не ідэальны. За час службы асабіста я ня ўбачыў у іх так званых «бацькоў-камандзіраў», якія дапамогуць пры неабходнасьці. Стаўленьне афіцэра да салдата пакідае жадаць лепшага. На жаль, я не магу пералічыць звычайныя формы звароту афіцэраў да салдата тэрміновай службы — звычайна гэта мацюкі, мацюкі і мацюкі.

Калі ў ходзе службы цябе называюць, мякка кажучы, не зусім адэкватным чалавекам, пастаянна даводзіцца чуць пагрозы, што «ты сядзеш на губу, будзеш пераслужваць» і г.д., то і з твайго боку стаўленьне адпаведнае зьяўляецца. Хоць нічога супрацьзаконнага ты ня робіш. Таму пры такім стаўленьні адзін да аднаго ў рэальных ваенных дзеяньнях, мне здаецца, узьніклі б праблемы.

Гэта значыць, для абароны краіны знайшліся б людзі. Іншая справа, што яны змаглі б зрабіць?

— Ці будуць нашы афіцэры страляць у расейскіх «зялёных чалавечкаў», калі б тыя зьявіліся на беларускай зямлі?

— На маю думку, нашы афіцэры не стралялі б па расейцах, таму што ідэалёгія і прапаганда настолькі ўплывовыя, што ўявіць сёньня расейца ў якасьці ворага ім вельмі складана.

— А ці існуе праблема дзедаўшчыны ў беларускім войску?

— Той дзедаўшчыны, якая паказаная, напрыклад, у фільме «Жыве Беларусь», я ня бачыў. Трэба прызнаць, што зь нестатутнымі ўзаемаадносінамі ў войску была праведзена і праводзіцца сур’ёзная праца. Цяжка ўявіць, каб сёньня салдата малодшага прызыву зьбілі або давялі да самагубства. За праяву дзедаўшчыны цяпер даюць немалыя тэрміны, таму ніхто ня хоча ламаць сабе жыцьцё, знаходзячыся ў войску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG