Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі сёньня на пэнсіянэра прыпадае 1,8 працаўніка — ніякая эканоміка гэтага ня вытрымае».


Пажылы чалавек прадае кроп каля рынку ў Менску

Пажылы чалавек прадае кроп каля рынку ў Менску

Ці можна сказаць, што з усіх эканамічных рэформаў беларускія ўлады пакуль ажыцьцяўляюць толькі падвышэньне цэнаў? Ці павінна ў Беларусі адбыцца падвышэньне пэнсійнага ўзросту і ці пойдзе на гэта цяперашняе кіраўніцтва?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Міхал Залескі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Сёньня прайшла нарада па эканамічных пытаньнях з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Таксама сёньня было абвешчана пра некалькі падвышэньняў цэнаў — на камунальныя паслугі, тэлефонную сувязь, інтэрнэт. Пасьля выбараў шмат казалі пра эканамічныя рэформы. Але ці не выглядае так, што пакуль адзіная «рэформа», якую ажыцьцяўляюць улады, — гэта падвышэньне цэнаў?

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Жаліба: Так, ёсьць такое ўражаньне. Пра гэта і папярэджвалі незалежныя эканамісты. Урад прапанаваў МВФ шырокую «дарожную карту» рэформаў, але яе ніхто ня бачыў з грамадзкасьці. Тое, што мы бачым, — гэта толькі новыя падаражэньні. Тое, што лацьвей зрабіць, — з таго ўрад і пачаў. Ніякіх рэформаў пакуль няма — ня з гэтага трэба пачынаць.

Цыганкоў: Камунальныя паслугі падаражэлі на 4–5 працэнтаў, гэтага вельмі мала, каб камунальная гаспадарка стала эфэктыўнай. Дзяржава па-ранейшаму аплачвае большую частку гэтых выдаткаў. Чаму ўлады ня робяць рэформаў у гэтай сфэры, каб зьнізіць нагрузку на бюджэт?

Міхал Залескі

Міхал Залескі

Залескі: З 1945 па 1985 гады ЦК КПСС прыняў 54 пастановы аб падвышэньні гаспадарчай самастойнасьці калгасаў. Так яны і памерлі. Тое самае адбываецца з камунальнай гаспадаркай. Паколькі гэта калгасная сыстэма, то яна не рэфармуецца, і ніхто не зьбіраецца яе рэфармаваць.

Цыганкоў: А чаму за 20 гадоў размоваў пра рэформы ў гэтай сфэры дзяржава так і не ідзе на перамены тут? Гэта ж нічым не пагражае.

Залескі: Бо гэта нясе калясальную пагрозу існуючай сыстэме, заснаванай на татальным кантролі над зямельнымі рэсурсамі, уласнасьцю і нерухомасьцю. Калі мы пачнём мяняць камунальную гаспадарку, то давядзецца здалёк пачынаць, ставіць з галавы на ногі ўсе адносіны вакол зямлі і жыльля на ёй.

Адразу зацікаўленыя людзі страцяць шмат чаго. Ёсьць вялікі слой зацікаўленых людзей, катэджы гэтага слою стаяць вакол кожнага гораду. Калі яны стануць плаціць за гэтая катэджы столькі, колькі павінны, — то ім стане кепска.

Хто жыве ў Драздах? Урад, парлямэнт, праўладныя бізнэсоўцы. Яны ніколі не паставяць пытаньне, каб перагледзець умовы аплаты ЖКГ — ім гэта ня выгадна

Жаліба: Міхал мае рацыю. Чаму не прыватызуюць сфэру ЖКГ? Гандаль жа прыватызаваны, і нічога страшнага не адбылося. Бо далей можа паўстаць пытаньне, што жытло ў нас рознай якасьці, і плаціць за яго трэба па-рознаму. Адны жывуць у панэльках, іншыя ў цагляных дамах, а нехта і ў катэджах. Хто жыве ў Драздах? Урад, парлямэнт, праўладныя бізнэсоўцы. Яны ніколі не паставяць пытаньне, каб перагледзець умовы аплаты ЖКГ — ім гэта ня выгадна.

Цыганкоў: Другая вельмі балючая для грамадзтва тэма, якая закраналася на нарадзе ў Лукашэнкі, — гэта патэнцыйнае падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Сёньня ў Беларусі пэнсійны ўзрост самы нізкі ў Эўропе — 55 для жанчын, 60 для мужчын. Ці можа беларуская эканоміка абысьціся без падвышэньня пэнсійнага ўзросту?

Залескі: Наш пэнсійны ўзрост на столькі гадоў ніжэйшы за сярэднеэўрапейскі, на колькі наша працягласьць жыцьця ніжэйшая за эўрапейскую. Зь іншага боку, усе, хто можа ногі валачы, — яны працуюць. І такім чынам плацяць падаткі на пэнсію і самі сабе забясьпечваюць пэнсію. Па-другое, у нас трэцяя частка пэнсіянэраў памірае, не дажыўшы да 65 гадоў. Можна, вядома, падвышаць, але ад гэтага ніхто ня выйграе.

Пэнсійны ўзрост у розных краінах

Пэнсійны ўзрост у розных краінах

Цыганкоў: Варта ўсё ж рэфармаваць пэнсійную сыстэму, каб пэнсію плаціла ня толькі дзяржава, але каб і людзі самі адкладалі сабе ў пэнсійныя фонды.

Жаліба: Так, на Захадзе пэнсіянэры звычайна атрымліваюць пэнсію зь некалькіх крыніцаў. Першая — дае дзяржава. Але там гэта заснавана на іншых прынцыпах. У нас салідарная адказнасьць, а там адкрываюцца індывідуальныя рахункі, назапашвальны прынцып. Другая крыніца — прыватныя пэнсійныя фонды, фонды, якія ствараюць фірмы для сваіх супрацоўнікаў, таксама фонды ад прафсаюзаў.

Што тычыцца пэнсійнага ўзросту, то такія заявы («мы ня будзем падымаць») заўсёды гучаць перад выбарамі — і я іх лічу чыста папулісцкімі. Разумныя людзі бачаць, што трэба падвышаць пэнсійны ўзрост. Калі сёньня на пэнсіянэра прыпадае 1,8 працаўніка, заўтра — паўтара, а хутка дойдзем, што гэтыя суадносіны будуць адзін да аднаго? Ніякая эканоміка гэтага ня вытрымае. Гэта пытаньне ўжо рытарычнае.

Наш пэнсійны ўзрост на столькі гадоў ніжэйшы за сярэднеэўрапейскі, на колькі наша працягласьць жыцьця ніжэйшая за эўрапейскую

Цыганкоў: Міхал, калі вы казалі пра працягласьць жыцьця, я хацеў удакладніць, што ў Беларусі працягласьць жыцьця жанчын — 78 гадоў (гэта цалкам эўрапейскі ўзровень), мужчын — 67 гадоў. Яна расьце ўсе апошнія 25 гадоў. А пэнсійны ўзрост застаецца нязьменны.

Залескі: Трэба паглядзець на прадукцыйнасьць працы. Давайце мы будзем даваць столькі даданай вартасьці, колькі амэрыканцы, японцы, ці палякі хаця б. Мы ж дзелім толькі тое, што самі зарабілі — таму, натуральна, на ўсіх не хапае.

Цыганкоў: Прадукцыйнасьць працы не падымеш да амэрыканскай за пару гадоў. Але пэнсійны ўзрост нават у самых сацыялістычных краінах Эўропы нашмат вышэйшы за беларускі.

Залескі: Ён настолькі вышэйшы, наколькі ў іх вышэйшая працягласьць жыцьця. Паглядзіце, колькі ў іх жыве на пэнсіі пэнсіянэр — і колькі ў нас. Бо ў нас, паўтаруся, усе, хто ногі валачэ — працуюць. Плацяць дзяржаве ў пэнсійны фонд, фактычна самі сабе плацяць пэнсію.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG