Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі ўрад стараецца імітаваць рэформы толькі за кошт насельніцтва», — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Урад Беларусі плянуе бліжэйшым часам абмеркаваць павышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі.

Пра гэта заявіў 1 сьнежня журналістам першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі. Ён пракамэнтаваў вынікі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі пра перамовы з МВФ па праграме пашыранага фінансаваньня.

«Кіраўнік дзяржавы на пачатку размовы сказаў, што ў самой праграме ня бачыць нейкіх супярэчнасьцяў з тым, што мы плянавалі для сябе. Іншая справа — хуткасьць рэалізацыі тых ці іншых дзеяньняў. Размова была вельмі няпростая, але даволі цікавая для ўсіх бакоў. Засталося яшчэ адно адчувальнае пытаньне — гэта ЖКГ, тарыфы. Бліжэйшым часам вернемся да гэтай тэмы і выйдзем на нейкае канчатковае рашэньне», — цытуе БелТА Васіля Мацюшэўскага.

Ён падкрэсьліў, што цяпер неабходна яшчэ раз прапрацаваць наступствы праграмы:

«Кіраўнік дзяржавы на самым пачатку досыць выразна ахарактарызаваў тое, чаго ён чакае ад нарады. Адбыўся глыбокі аналіз праграмы з МВФ, сур’ёзная размова».

Беларусь абмяркоўвае магчымасьць прыцягненьня крэдыту МВФ у 3 млрд даляраў пад 2,28% тэрмінам на 10 гадоў.

Раней падчас сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Формула адна: атрымліваеш паслугу — плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Няхай гэта будзе электрычнасьць, цяпло, транспартнае абслугоўваньне і гэтак далей. Пытаньне толькі ў адным — у тэрмінах».

На разглядзе ў адміністрацыі прэзыдэнта знаходзіцца дакумэнт, згодна зь якім тарыфы на газ і электрычнасьць могуць уключыць у сябе ПДВ (цяпер ён складае 20%), паведамляе tut.by.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў, што, па сутнасьці, беларускі бок ужо анансаваў, што павышэньне жыльлёва-камунальных тарыфаў будзе:

— У 2017 годзе будзе стоадсоткавае пакрыцьцё вытворчых выдаткаў на гэтыя паслугі. І справа толькі ў тым, як узгадніць з МВФ тэрміны гэтага рашэньня: ці гэта будзе за год, ці за два, ці за тры. Вось менавіта пра што ідзе гаворка. У гэтым кірунку таксама ўвядзеньне падаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, на электрычнасьць і газ з 2016 году. То бок усё гэта будзе ісьці. Я думаю, доля выдаткаў хатніх гаспадарак на гэтыя паслугі павялічыцца ў бліжэйшыя два гады.

— Якія тэрміны прымальныя для МВФ і чаго чакае беларускі бок?

Без правядзеньня рэформаў толькі падвышэньне тарыфаў манапалістаў ні да чога не прывядзе

— Я думаю, што МВФ пойдзе на тое, каб гэта былі 2016–2017 гады. А беларускі ўрад хацеў бы гэта расьцягнуць на пяць гадоў. Паглядзім, да чаго яны дамовяцца. Калі крэдыт будзе ісьці траншамі і калі першая транша будзе паўмільярда даляраў, то за гэты пэрыяд, напрыклад, тарыфы трэба будзе павысіць на столькі, а кошты паменшыць на столькі. Тут ужо будзе жорсткая тэхнакратычная гульня. Але, зноў жа, без правядзеньня рэформаў толькі падвышэньне тарыфаў манапалістаў ні да чога не прывядзе. Акрамя дадатковых выдаткаў для беларусаў.

— Але беларускія ўлады могуць зьвінаваціць у гэтым МВФ...

— Пры чым тут МВФ? МВФ не вінаваты. МВФ кажа: калі грошай у вас няма, а вы хацелі б правесьці нейкія рэформы, то трэба скарачаць дэфіцыт у тых галінах, якія ў вас існуюць. Гэта абсалютна стандартныя намаганьні крэдытора. Прычым трэба ня толькі падвышаць тарыфы, трэба рабіць паўнавартасную рэформу. Трэба ведаць, што значыць сто адсоткаў пакрыцьця гэтых выдаткаў. У гэтым кірунку ўлады не працуюць, яны наагул імкнуцца захаваць манаполію на гэтых інфраструктурных сэктарах. Такім чынам яны толькі часткова прымаюць форму рэкамэндацыяў МВФ, а па сутнасьці нічога ня робяць, каб стварыць інстытуты рынкавай канкурэнцыі ў гэтых сэктарах і ў эканоміцы ў цэлым. То бок урад выпячвае толькі затратныя рэчы для насельніцтва — зьніжэньне заробку, адсутнасьць індэксацыі пэнсіяў, павышэньне жыльлёва-камунальных тарыфаў. Але ўрад ня кажа, што МВФ таксама дамагаецца лібэралізацыі цэнаў, лібэралізацыі рынку працы і іншых рэчаў, якія безумоўна трэба рабіць. Так што, на жаль, беларускі ўрад стараецца імітаваць рэформы толькі за кошт насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG