Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўратуе віцебскі гістарычны будынак ад зносу?


Былую капліцу 1859 году пабудовы, перабудаваную і ня ўнесеную ў сьпіс помнікаў архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай, спрабуюць ратаваць грамадой. Ня ў сэнсе «супольна» — разнастайныя захады робяцца паасобку — але шчыра.

Яшчэ на пачатку кастрычніка сайт «Народныя навіны Віцебска» надрукаваў інфармацыю, што да зносу рыхтуюць гістарычны будынак, які стаіць у Батанічным садзе. Адпаведнае рашэньне прыняў віцебскі гарвыканкам, і Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, у чыёй уласнасьці знаходзіцца будынак, ужо абвясьціў тэндэр на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі на знос, які будзе каштаваць 22 мільёны рублёў.

Каб адрэстаўраваць будынак, трэба 2 мільярды рублёў. Гэтак напісана ў лісьце, атрыманым каардынатаркай аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацянай Севярынец. У прыватнасьці, з гарвыканкаму ёй адказалі, што «будынак, які знаходзіцца на вуліцы Ўрыцкага, у Батанічным садзе, ня ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Па інфармацыі ўласьніка, адбылося абсьледаваньне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небясьпечных, неабходна правесьці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыцьцяўленьня рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 мільярдаў рублёў. У сувязі з адсутнасьцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласьнікам было прынята рашэньне аб зносе будынка».

Паводле зьвестак Тацяны Севярынец, у віцебскім унівэрсытэце ніхто ня супраць, каб будынак быў захаваны. Больш за тое: у ім ёсьць патрэба, бо ў батанічным садзе праходзіць навучаньне студэнтаў-біёлягаў, і былая капліца, як і раней, магла б выкарыстоўвацца ў якасьці адміністрацыйнага памяшканьня. Тацяна Севярынец зьвярнулася ва ўнівэрсытэт з прапановай абвясьціць дабрачынны збор сродкаў і такім чынам сабраць грошы на рэканструкцыю.

Старшыня ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч прапанаваў яшчэ больш неардынарнае разьвязаньне. Ён зьвярнуўся да кіраўніцтва Віцебскай вобласьці, Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Віцебскага гарвыканкаму з просьбай разгледзець магчымасьць перадачы будынка былой віцебскай капліцы грамадзкаму аб’яднаньню. Спадар Астаповіч абяцае, што таварыства прыме на сябе абавязак скласьці за ўласны кошт з дапамогай партнэраў праектна-каштарысную дакумэнтацыю для рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынка і распрацаваць канцэпцыю яго функцыянальнага прызначэньня. А таксама дапамагчы ў арганізацыі збору сродкаў для фінансаваньня прац па рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка.

Фундатар капліцы Сьцяпан Восіпавіч Дунін-Сьлепсьць быў вядомым у свае часы гарадзкім дзеячам. Кароткі агляд зьвестак пра ягонае жыцьцё прапанаваў чытачам рэдактар сайту «ННВ» Сяргей Серабро. Пагроза зносу будынка выклікала абурэньне віцяблянаў, гатовых падтрымаць любыя ініцыятывы па захаваньні гістарычнай спадчыны горада.

XS
SM
MD
LG