Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Шыльда ганьбы»: ці добра жыць у архітэктурным помніку


Забудова вуліцы Янкі Купалы

Забудова вуліцы Янкі Купалы

Аблезлая фарба, пад падлогай — вада, са столі зьвісае электраправодка — так жывуць віцябляне ў доме — помніку архітэктуры. А гэта мясьціны, якія памятаюць яшчэ Марка Шагала. Чаму ў Нямеччыне людзі жывуць у дамах, якім па 500 гадоў, а ў Беларусі не ўратуюць і стогадовы будынак, — рэпартаж Свабоды зь Віцебску.

Ёсьць зьвесткі, што ў Віцебску па адрасе «Бібкін завулак, 7» некаторы час жыў сусьветна вядомы Марк Шагал. Сёньня завулка з такой назвай у горадзе няма — ёсьць вуліца Янкі Купалы, адна зь нямногіх названых у гонар клясыкаў беларускай літаратуры.

Вуліцай гэты куток старога Віцебску стаў называцца ня так даўно — калі ўзяць пад увагу, што першыя пабудовы на гэтай тэрыторыі зьявіліся ў XVI стагодзьдзі. А сучасная забудова сфармавалася тут у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. І ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў гэты архітэктурны ансамбль значыцца пад № 213Г000041. Амаль увесь няцотны бок — гэта помнік архітэктуры: дамы пад нумарамі 17, 9, 7 — гэты апошні, верагодна, памятае Марка Шагала, — а таксама дом № 5, дзе ў аднапакаёвай кватэры жыве палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка.

Анатоль Гнеўка ў двары дома № 5

Анатоль Гнеўка ў двары дома № 5

Пераехаў у цэнтар і даведаўся, што ягонае жытло называюць «п’яны дом»

Спадар Анатоль жыве тут ужо не адзін дзясятак гадоў. Ён кажа, што абіраў гэтае месца жыхарства адмыслова:

«Гэта самы цэнтар Віцебску, побач вуліца Леніна. Як толькі ўбачыў у газэце аб’яву пра абмен, адразу ж вырашыў: мяняюся. Раней жыў у аднапакаёўцы ў панэльным доме. А гэты — цагляны, ды яшчэ гістарычны, 1902 году пабудовы. Столь 4 мэтры вышынёй! Карацей, зрабіў рамонт і пераехаў. І толькі потым даведаўся, што маё жытло ў домакіраўніцтве называлі „п’яным домам“. Бо ці ня ў кожнай кватэры жылі аматары алькаголю. Хтось выпіваў болей, хтось меней, адны ўчынялі бойкі з такімі самымі нецьвярозымі гасьцямі, другія „злоўжывалі“ самастойна, на самоце... І ніхто тут не задумваўся, што мы жывем у помніку архітэктуры, што яго трэба адпаведным чынам даглядаць. Хто якой фарбы дзесьці ўкрадзе, той у такі колер аконныя рамы і фарбуе! А бывала, і шкла ў раме няма — павыбівалі па п’янцы».

Суседзі Анатоля Гнеўкі мяняліся, нехта паміраў, нехта пераяжджаў... Аднойчы новыя ўладальнікі самастойна прабілі ў глухой сьценцы два акны — перарабілі двухпакаёвую кватэру ў трохпакаёвую. Ці ўзгаднялася гэта з архітэктурнай службай ды іншымі структурамі, якія павінны сачыць за захаванасьцю помнікаў архітэктуры, спадар Гнеўка ня ведае:

«Ды ніхто не глядзіць, ці гэта помнік, ці не! Шыльда вісіць на вонкавым баку з боку вуліцы. Я называю яе „шыльда ганьбы“. Хіба так павінны ўтрымліваць помнік архітэктуры? Рамонту ў нашым доме ня памятаюць нават старажылы! Хіба што зрэдзьчасу латаюць дах. Затое штогод напярэдадні „Славянскага базару“ фарбуюць фасад. Штогод адна сьцяна сьвежапафарбаваная. А другая — трэснула, дык яе зашылі ў „тэрмашубу“. Праўда, да самага даху „шубу“ чамусь не нацягнулі. Можа, таму, што гэта канструкцыйна цяжка: наш дом нахіліўся, гэта выразна відаць у параўнаньні з роўнымі вугламі суседняга дома № 3».

Анатоль Гнеўка каля «шыльды ганьбы»

Анатоль Гнеўка каля «шыльды ганьбы»

Суседні дом стаіць на рагу вуліц Янкі Купалы і Леніна, ён значна навейшы. Гэта таксама помнік архітэктуры, але ўжо часоў «сталінскага ампіру».

А пра дом, дзе жыве Анатоль Гнеўка, у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» напісана наступнае: «Пабудаваны ў пачатку 20 ст. з цэглы ў стылі позьняга клясыцызму. Двухпавярховы прамавугольны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае агульнае сымэтрычнае вырашэньне з рытмам лучковых аконных праёмаў. Яго плястыку ўзбагачаюць прафіляваныя ліштвы акон 2-га паверха, вуглавыя лапаткі, міжпаверхавы філёнгавы пояс. 1-шы паверх апрацаваны расшыўкай па тынку пад руст. Будынак мае сымэтрычнае пляніровачнае вырашэньне, цэнтральнай лесьвічнай клеткай падзелены на 4 жылыя сэкцыі. Уваход з двара».

Гэтыя вокны «прарубілі» самі жыхары

Гэтыя вокны «прарубілі» самі жыхары

Калі ж апісваць гэты будынак без выкарыстаньня архітэктурнай і мастацтвазнаўчай тэрміналёгіі, то выйдзе прыкладна так. Двухпавярховы дом на адзін пад’езд, 16 кватэр, па 4 на кожнай пляцоўцы. Усе камунальныя выгоды ёсьць: праведзены газ, гарачая вада. Ад колішняй сыстэмы пячнога ацяпленьня засталіся забруджаныя вэнтыляцыйныя шахты. Будынак без гаўбцоў і сутарэньняў. Некалі ў двары былі катухі-дрывотні, але іх пазносілі.

«Аконныя рамы згнілі. У пад’езд зайсьці страшна, усё аблезлае, электраправодка вісіць як павучыньне і сама ў павучыньні. Кранаць яе страшна, дужа старая, каб не закараціла. На першых паверхах няма чым дыхаць, бо пад падлогай стаіць вада, і яна выпарваецца, калі ўключаецца ацяпленьне. Таму сусед прабіў дзіркі ў сьценцы.

Дзіркі ў сьценках. Так насельнікі дома змагаюцца зь вільгацьцю

Дзіркі ў сьценках. Так насельнікі дома змагаюцца зь вільгацьцю

Вы кажаце — помнік архітэктуры, пашкоджаньне якога караецца законам! А як у гэтым помніку жыць? А ў нас нікому да гэтага няма справы, галоўнае — шыльду павесіць! Вось на нашым доме ахоўная шыльда вісіць, а шыльдачкі з нумарам дома — няма. Як нас знайсьці, прыкладам, хуткай дапамозе, калі на двары цёмна? Звонку ўвесь дом паабчаплялі ліхтарамі.

Дарэчы, цікава: ці гэта ўзгаднялася ў міністэрствах, бо зьмяненьне зьнешняга аблічча помніка архітэктуры відавочнае... А ў двары па вечарах цёмна, хоць вока выкалі. І добраўпарадкаваньне двара — цалкам наш клопат. Вось я клюмбу зрабіў, гартэнзіі пасадзіў», — працягвае Анатоль Гнеўка.

Ганкі гістарычнага помніка

Ганкі гістарычнага помніка

Пра мінусы жытла ў «ціхім цэнтры» распавядае супрацоўніца агенцтва нерухомасьці «Праспэкт»:

«У такіх дамах усё старое: перакрыцьці, трубы... Трэба было рамантаваць раней, але ж вы ведаеце, якая гэта рэдкая зьява — капітальны рамонт дома... Зрабіць добры рамонт у прыватным парадку цяжка, асабліва пэнсіянэрам. А іх якраз шмат жыве ў дамах — помніках старой віцебскай архітэктуры. Попытам карыстаюцца „сталінкі“ ў цэнтры. А такія „местачковыя“ дамкі, як на вуліцах Купалы, Урыцкага, у раёне вуліцы Чэхава, дзе няма ні гаўбцоў, ні сутарэньняў, попытам не карыстаюцца. Кватэры ў іх рэдка мяняюць або прадаюць, бо гэта справа безнадзейная!»

Людзям тут жыць няма як, але тут будзе фірма — магчыма, расейская

Можна лічыць, што насельнікам дома № 5 па вуліцы Купалы пашэнціла. Кватэры ў іхным доме выкупляе нейкая таямнічая фірма. Мабыць, расейская, але дакладна не вядома, працягвае Анатоль Гнеўка:

«Эпапэя працягваецца ўжо года паўтара. Аднойчы зьявіліся нейкія людзі і прапанавалі ўсім нам пераехаць у іншае жытло. Умовы такія: нам купляюць іншыя кватэры, і мы вызваляем нашы. У нашым доме нібыта зьбіраюцца зрабіць нейкую краму. Але пэўна ніхто нічога ня кажа.

Акно пад’езда са 100-гадовым пылам

Акно пад’езда са 100-гадовым пылам

Палова кватэр ужо стаіць пустая — насельнікі пераехалі. А я не хачу! Па-першае, я дужа люблю гэты раён Віцебску, а па-другое, я ўжо ня ў тым веку, каб звыкаць да новага жытла. Мне важна, каб побач была крама і транспартны прыпынак — даехаць у паліклініку ці на лецішча.

Зразумела, што наш дом — вельмі прывабны аб’ект для камэрсантаў, у яго добрае месцазнаходжаньне. Бліжэйшыя дамы ўжо выкупленыя: дом № 7 проста стаіць пусты, у доме № 9 разьмясьціўся нейкі банк. Гэта таксама былі жылыя дамы — помнікі архітэктуры!»

Пасярэдзіне — той самы дом, дзе, верагодна, жыў Шагал. Зараз ён пусты

Пасярэдзіне — той самы дом, дзе, верагодна, жыў Шагал. Зараз ён пусты

Пераробка жылога дома ў аб’ект іншага прызначэньня — справа працаёмкая, спрэчная і дужа адказная, лічыць віцебскі краязнаўца Міхась Паўлаў:

«Ахоўнае заканадаўства патрабуе ад уласьніка, каб было захавана гістарычнае аблічча будынку. Прынамсі фасаднай часткі. Хоць я лічу, што трэба захоўваць першапачатковы выгляд, асабліва ў тым выпадку, калі будынак цагляны. Тады ў зьнешнім выглядзе адчуваецца закладзены архітэктурны рытм.

А ў нас часьцяком усё любяць атынкаваць, зрабіць нібыта „прыгожа“. Унутраная пляніроўка чамусьці ня лічыцца каштоўнасьцю: у доме № 5 па вуліцы Купалы могуць зьнесьці ўсе ўнутраныя перагародкі, калі будуць перарабляць яго пад краму ці нешта такое. Гэты дом і так ужо перажыў зьмяненьні за савецкім часам — калі дэмантавалі пячное ацяпленьне, рабілі ванныя пакоі, тынкавалі цагляныя сьценкі і гэтак далей.

Як на маю думку, дык кожнаму новаму гаспадару гістарычнага помніка трэба прадаваць яго толькі на тых умовах, каб ён захаваў усё як ёсьць. Дакладней, як было паводле самага першага архітэктурнага пляну».

Такім чынам, пакуль у доме-помніку ёсьць насельнікі, ён захоўваецца ў больш-менш адпаведным стане. Аднак гэта зусім ня значыць, што жыць у такім будынку камфортна.

У нашым дворыку здымалі фільм пра Марка Шагала, а ў кватэры мэбля гніе ад вільгаці

Вуліца Ўрыцкага — былая Афіцэрская — за пяць хвілін хады ад вуліцы Янкі Купалы. Тут таксама «ціхі цэнтар» і забудова канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў.

Рэстаўрацыя фасадаў на вуліцы Ўрыцкага

Рэстаўрацыя фасадаў на вуліцы Ўрыцкага

Дамы №№ 5,7,9 ствараюць адзіную забудову, а мясцовыя жыхары скардзяцца, што ўзімку ў кватэрах холадна. Таўшчыня цагляных сьценак, паводле гаспадароў, — каля мэтра, і месцамі зьявіліся шчыліны. Аднак рамонтныя працы за дзяржаўны кошт абмяжоўваюцца тынкаваньнем фасадаў і перакрываньнем даху.

Рамонт будзе толькі звонку

Рамонт будзе толькі звонку

За цеплыню ў кватэрах насельнікі архітэктурнага ансамбля, які значыцца ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пад № 213Г000090, змагаюцца хто як можа: нехта самастойна ставіць плястыкавыя вокны, нехта марыць пра абшалёўку «тэрмашубай» за дзяржаўны кошт. Але ўсе разам цьвердзяць: раз помнік архітэктуры пад абаронай дзяржавы, значыць, дзяржава павінна ім як мае быць апекавацца.

У двары помнікаў архітэктуры

У двары помнікаў архітэктуры

А вось маладая маці Марына з дому № 7 А па вуліцы Чэхава ня супраць перасяліцца ў новую кватэру:

«Адна радасьць, што гэтую кватэру нам дазволілі прыватызаваць. Але жыць тут цяжка. У нашым доме 4 кватэры, і мы ня можам нават паставіць кодавы замок — нас мала, а жалезныя дзьверы і замкі дарагія. Так што ў нас тут прахадны двор.

«Гістарычны квартал» на вуліцы Чэхава

«Гістарычны квартал» на вуліцы Чэхава

Наколькі я ведаю, суседні дом № 7 пабудаваў купец Шнэр Шлёмаў Смалянскі. Той будынак быў жылы, а наш — гаспадарчы. На тым будынку ёсьць ахоўная шыльда, калісьці там жылі людзі, іх расьсялілі. А мы тут засталіся, толькі ахоўнай шыльды на доме няма — зьнялі, калі ўмацоўвалі сьценку.

Вуліца Чэхава, дом № 7А

Вуліца Чэхава, дом № 7А

Сьценкі тут сапраўды слабыя, нам з тае прычыны не праводзяць газ. Карыстаемся электраплітамі. Падлога прасела, тынк сыплецца, акно ў кухні — практычна на ўзроўні зямлі, канапа каля сьценкі проста гніе ад вільгаці.

«Рамантыка» віцебскага дворыка

«Рамантыка» віцебскага дворыка

У нашым дворыку здымалі фільм пра Марка Шагала, нібыта тут увасабленьне старога Віцебску. Толькі эстэтычнай прыемнасьці ня маем аніякае, бо жыць тут цяжка. Шмат разоў пісалі заявы, каб адрамантавалі наш дом ці далі іншае жытло, ды ўсе маўчаць».

Гатовыя зьнесьці, каб разруха ня кідалася ў вочы

Дом № 7 па вуліцы Чэхава, былой Ветраной, занесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пад № 213Г000103. У 1980-я гады ён быў аддадзены Віцебскаму краязнаўчаму музэю. У той час малодшым навуковым супрацоўнікам музэйнага аддзелу археалёгіі працаваў віцебскі гісторык Ігар Цішкін. У 1986-м ён стаў адным з заснавальнікаў клюбу «Ўзгор’е», дзейнасьць якога была скіраваная на абарону архітэктурнай і гістарычнай спадчыны Віцебску. Месцам працы спадара Цішкіна і быў дом № 7 па вуліцы Чэхава.

Сьляды «рэстаўрацыі»

Сьляды «рэстаўрацыі»

«Усе гэтыя дамы з чырвонай цэглы на скрыжаваньні вуліц Суворава і Чэхава складаюць адзіны архітэктурны ансамбль. Гэта пабудовы канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў, і варта было б рэстаўраваць усё разам. Аднак цяпер пра рэстаўрацыю ніхто ня думае, усе толькі скардзяцца, што ў дзяржавы няма грошай.

Акно кухні

Акно кухні

Фактычна мы зноў вярнуліся да таго пункту, зь якога пачыналі ў 1980-я. Тады нам удалося пераламіць грамадзкую сьвядомасьць, пераканаць, што больш пачэсна ня зносіць помнікі даўніны, а рэстаўраваць. І шмат чаго дамагліся, уратавалі ад зносу. Але, вядома, ня ўсё.

Старыя сьцены

Старыя сьцены

Цяпер вяртаемся на 20 гадоў назад: гатовыя зьнесьці, каб разруха ня кідалася ў вочы. Або прадаць кожнаму, хто гатовы набыць помнікі архітэктуры, амаль што на любых умовах, абы за грошы», — кажа спадар Цішкін.

Ён згадвае тое, што бачыў у Нямеччыне: дамы 16 стагодзьдзя, збудаваныя ў стылі фахвэрк, спраўна адрэстаўраваныя, выкарыстоўваюцца ў якасьці жытла і праз 500 гадоў. Дык няўжо ў Беларусі няма адмыслоўцаў, якія могуць правесьці інжынэрныя досьледы канструкцыяў збудаваньняў 100-гадовай даўніны і прапанаваць захады па аднаўленьні? Напэўна, ёсьць. Толькі фінансаваць іхную працу, як і працу будаўнікоў-рэстаўратараў, трэба годна і на дзяржаўным узроўні.

Архітэктурныя жарты па-віцебску. Вуліца Чэхава, № 7

Архітэктурныя жарты па-віцебску. Вуліца Чэхава, № 7

Палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка таксама бачыў, як аднаўляюцца гістарычныя помнікі за мяжой: ён служыў у той самай Нямеччыне, дзе паглядзець на адрэстаўраваныя старыя дамы водзяць турыстаў. І ня толькі там, але і ў іншых эўрапейскіх дзяржавах на турызьме зарабляюць грошы — і гэта адна з прычын, чаму там дбаюць аб рэстаўрацыі.

А віцяблянін спадар Гнеўка мае пэрсанальны дакумэнт, дзе значыцца, што ён нясе ўсю адказнасьць за ўтрыманьне свайго жытла ў гістарычным будынку. Прычым дакумэнт пад назвай «Ахоўнае абавязаньне» ён атрымаў толькі гады два таму — калі паўстала пытаньне пра выкуп усіх 16 кватэр нікому не вядомай фірмай, якая захацела займець помнік архітэктуры. Зь няяснымі для будынку пэрспэктывамі рэстаўрацыі і далейшага выкарыстаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG