Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя беларускія грошы, якія ўвойдуць у абарачэньне 1 ліпеня 2016 году, як манэты, так і банкноты, вырабленыя «эўрапейскім вытворцам».

Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Дзьмітры Лапко. Ён адмовіўся называць канкрэтна краіну-вытворцу, бо паводле дамовы, якая падпісаная паміж беларускімі ўладамі і банкам-вытворцам, гэта таямніца.

Дзьмітры Лапко сказаў журналістам, што гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства і, на яго думку, цяпер склаліся аптымальныя ўмовы для таго, каб яго правесьці. Ён сказаў, што пераход на новыя грошы будзе больш выгадны ў тым ліку і за кошт таго, што яны будуць у абарачэньні значна даўжэй за цяперашнія. Напрыклад, тэрмін дзеяньня манэты — звычайна ад 10 да 15 год, у той час як дробная банкнота трымаецца ў абарачэньні ня больш за 6–12 месяцаў.

Дзьмітры Лапко папрасіў журналістаў абавязкова данесьці да насельніцтва Беларусі, што калі хтосьці будзе прапаноўваць памяняць цяперашнія грошы на новыя да 1 ліпеня наступнага году, то гэта адназначна махляр. Да гэтага тэрміну новыя грошы ў абарачэньні ня будуць.

Што тычыцца коштаў у крамах і іншых месцах, дзе аказваюцца паслугі, то на першым часе яны будуць выстаўляцца як у новых грошах, так і ў старых.

Як вядома, на купюры ў 50 рублёў зроблена памылка: у слове «пяцьдзясят» ужыта літара «е» замест літары «я». Гэта тлумачыцца тым, як сьцьвярджае намесьнік старшыні Нацбанку, што калі гэтыя грошы замаўляліся, то ў той час правільным лічылася напісаньне празь літару «е». Нацбанк прыняў рашэньне не зьнішчаць гэтыя грошы, а карыстацца імі, а ўжо на новых купюрах надпіс будзе зроблены адпаведна зь дзейнымі правіламі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG