Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарка і скварка сталі бліжэй да народа. Але ці вялікае гэта дасягненьне?


Ілюстрацыя Аляксея Серады

Ілюстрацыя Аляксея Серады

Зьніжэньне рэальных заробкаў паводле вынікаў трэцяга кварталу «адкусіць» добры кавалак ад скваркі, а чарку можа спустошыць слабы рубель.

Аналітыкі дасьледчага цэнтру BIPART і праекту «Кошт Ураду» прадставілі чарговае дасьледаваньне індэксу «ЧаркаСкварка» (ЧС). Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў сьвініны і 100 грамаў гарэлкі і разьлічваецца штоквартальна на падставе дадзеных Белстату. Зь яго дапамогай можна вызначыць, наколькі рэальна абясцэнілася нацыянальная грашовая адзінка, параўнаць нашы даходы і выдаткі з суседзкімі.

Як адзначае экспэрт BIPART Вольга Яўсеева, ад пачатку бягучага году ЧС упэўнена таньнее. Калі ў І квартале прадуктова-алькагольны набор каштаваў у сярэднім 22 226 рублёў, то да ІІІ кварталу яго кошт зьнізіўся да 21 448 рублёў. Гарэлка з пачатку года крыху падаражэла, затое значна патаньнела сьвініна — у выніку зьніжэньне кошту ЧС на 3,5%.

Але, удакладняе спадарыня Яўсеева, каб зразумець, ці сапраўды ЧаркаСкварка стала больш даступнай, недастаткова прааналізаваць толькі яе кошт — важна параўнаць дынаміку ЧС з дынамікай сярэдніх заробкаў па краіне.

Аднак і ў гэтым выпадку ўсё складаецца даволі пазытыўна: нягледзячы на зьніжэньне заробкаў беларусаў у апошнія месяцы, пакупніцкая здольнасьць, выражаная ў ЧС, расьце. Калі ў І квартале сярэднестатыстычны беларус мог дазволіць сабе 280 умоўных ЧС на месяц, то да ІІІ кварталу лічба вырасла да 324 ЧС. Атрымліваецца, на 4,4 кг сьвініны і 4,4 літра гарэлкі больш.

Вольга Яўсеева кажа, што па пакупніцкай здольнасьці ў параўнаньні з суседнімі дзяржавамі Беларусь па-ранейшаму ў аўтсайдэрах. Горш справы стаяць толькі ва Ўкраіне, якую ўжо амаль два гады скаланае глыбокі эканамічны крызіс, выкліканы расейскім умяшаньнем. Мясцовыя жыхары за сваю сярэднюю зарплату могуць набыць усяго 221 ЧС.

Калі суаднесьці кошт гарэлкі і сьвініны ў Расеі, Украіне, Літве, Латвіі і Эстоніі зь сярэднімі заробкамі жыхароў гэтых краінаў, то выйдзе наступная карціна. Самыя заможныя — палякі: іх даходы дазваляюць набыць 633 чаркі і скваркі кожны месяц, амаль удвая больш, чым у Беларусі.

Літва і Латвія ідуць практычна ў нагу: пакупная здольнасьць заробкаў тамтэйшых жыхароў складае 501 і 505 ЧС адпаведна. Гэта таксама значна больш, чым у Беларусі.

Ня вельмі добрыя справы ў расейцаў: на фоне зацяжнога фінансавага крызісу іхняя пакупніцкая здольнасьць зьнізілася і практычна наблізілася да беларускіх рэаліяў. Сярэдні расеец у ІІІ квартале мог дазволіць сабе 356 ЧС у месяц — усяго на 32 больш, чым беларус.

Вольга Яўсеева працягвае, што сёлета беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб наблізіць народ да даступных «чарак-скварак». Што праўда, адносна скваркі ініцыятыў было ня так ужо і шмат — згадваюцца хіба што распродажы таннай сьвініны на менскай Камароўцы.

А вось чаркай улады заняліся ўсур’ёз. У чэрвені час продажу алькагольных напояў у крамах абмежавалі жорсткімі рамкамі — ад 09.00 да 22.00. Але не прайшло і трох месяцаў, як абмежаваньні былі зьнятыя.

Мала таго, больш як удвая зьніжана гандлёвая надбаўка на алькаголь беларускай вытворчасьці ў кавярнях і рэстарацыях: калі раней можна было накручваць на моцны алькаголь да 150%, то цяпер — ня больш за 60%. У выніку кошт беларускай гарэлкі ў пунктах грамадзкага харчаваньня наблізіўся да крамнага. А пры канцы верасьня Міністэрства гандлю абвясьціла, што можа быць зьнятая забарона на продаж алькаголю ў інтэрнэт-крамах.

Але ёсьць пэўныя эканамічныя працэсы, перад якімі ўлады бясьсільныя. Фінансавы крызіс у краіне ніхто не адмяняў, а інфляцыя, дэвальвацыя і зьніжэньне заробкаў робяць сваю чорную справу. Калі разгледзець не квартальную, а штомесячную дынаміку кошту ЧС, то становіцца зразумела: па выніках IV квартала вынікі будуць не такія пазытыўныя.

Ад жніўня цана чаркі і скваркі пачала расьці, і, не выключае Вольга Яўсеева, хутчэй за ўсё, гэты працэс будзе працягвацца. Скарачэньне сярэдніх заробкаў не дадае пазытыву. Акрамя таго, трэба ўспомніць, што інфляцыя ад пачатку году ў Беларусі ўжо склала 9,2%, а да канца 2015-га, мабыць, будзе вагацца ў межах 12–15%. Гэта азначае, што цэны на шэраг тавараў і паслугаў вырасьлі якраз на гэтыя 9,2%, а адной толькі чаркай і скваркай сыты ня будзеш.

У любым выпадку, падсумоўвае Вольга Яўсеева, зірнуць на вынікі апошняга кварталу і параўнаць гэты год зь мінулым будзе вельмі цікава.

Даведка. BIPART і «Кошту Ўраду»

Унікальны індэкс «ЧаркаСкварка» складаўся паводле мадэлі індэксу Біг Мака, які разьлічваецца часопісам «The Economist» з 1986 году і грунтуецца на тэорыі парытэту пакупной здольнасьці. Ён закліканы адлюстроўваць рэальны курс абмену валют у розных краінах. Ініцыятары ж «ЧаркіСкваркі» прыйшлі да высновы, што вызначаць пакупную здольнасьць беларускіх заробкаў лепш з дапамогай прадуктовага кошыка, які мае мясцовы калярыт.

XS
SM
MD
LG