Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык: Працэдура дэнамінацыі — шалёна дарагая для эканомікі


Так будуць выглядаць новыя беларускія грошы

Так будуць выглядаць новыя беларускія грошы

Ад 1 ліпеня наступнага году Нацыянальны банк запусьціць у абарот беларускія рублі новага ўзору. Грошы будуць дэнамінаваныя, дзеля гэтага «адрэжуць» чатыры нулі.

Такім чынам, калі ўлічыць дзьве папярэднія грашовыя карэкцыі — у 1994-м і ў 2000-м, ад больш як 170 мільёнаў рэальных рублёў за 1 даляр налета застанецца штосьці бліжэй да 2 рублёў, калі ўлічыць плаўную дэвальвацыю. Самая буйная новая купюра вартасьцю 500 рублёў будзе адпавядаць 50 мільярдам з папраўкай на тры дэнамінацыі.

Чым выкліканая пасьпешлівасьць у прыняцьці рашэньня, якое не адважваліся рэалізаваць нават у больш спрыяльныя гады? Акадэмік, доктар эканамічных навук, колішні дырэктар Інстытуту эканомікі Акадэміі навук Генадзь Лыч лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі няма ніякіх падставаў, каб казаць пра мэтазгоднасьць падобнага кроку:

Пагроза новай дэвальвацыі не адмяняецца. Прынамсі, я ня бачу ніякіх канкрэтных захадаў, каб стрымаць інфляцыю.

«Мне ўяўляецца так, што гэтыя грошы стала папросту цяжка насіць (сьмяецца). Так шмат нулёў, каб купіць элемэнтарную рэч. У зьвязку з гэтым, магчыма, і ёсьць сэнс. Але справа ў тым, што пагроза новай дэвальвацыі не адмяняецца. Прынамсі, я ня бачу ніякіх канкрэтных захадаў, каб стрымаць інфляцыю. Працягнецца абясцэньваньне, калі ня будзе зроблена істотных крокаў. А я іх пакуль ня бачу, больш гавораць, чым робяць. Будзе простая тэхнічная замена, каб аблягчыць людзям падлікі пры набыцьці тавару, каб не абцяжарваць кішэню. І яшчэ баюся наступнага: падчас гэтай дэнамінацыі кошты на прадукцыю будуць акругленыя ў бок павелічэньня. Гэта на пачатку 1960-х прыдумаў яшчэ Хрушчоў, калі кошт рубля павялічылі ў 10 разоў, і тады, дзякуючы падвышэньню цэнаў, вельмі шмат дадаткова атрымаў бюджэт. Гэта заўсёды робіцца і з такой мэтай».

У Нацыянальным банку сьцьвярджаюць, што купюры былі надрукаваныя яшчэ ў 2008 годзе. Тады курс вагаўся ў межах 2–2,5 тысяч рублёў за даляр, і тагачасны кіраўнік установы Пётар Пракаповіч не стамляўся казаць пра фінансавую стабільнасьць. Але ці сапраўды настаў той спрыяльны момант, каб выпускаць у абарот «аблегчаныя» грошы? Ці ня можа быць так, што празь нейкі час беларускі рубель зноў пачне біць рэкорды абясцэньваньня? Генадзь Лыч кажа, што калі ад згаданага 2008 году рубель абваліўся ў 6–8 разоў, то няма ніякай гарантыі, што гісторыя не паўторыцца зноў:

Гэта каб за 7 гадоў у 6–8 разоў абваліўся рубель — ну дык чаго вартыя такія ўлады?

«Так, тады, у 2008-м, нешта пачало вымалёўвацца больш-менш уцямнае. Але пасьля 2009 году ўсё пайшло наперакасяк. Гэта каб за 7 гадоў у 6–8 разоў абваліўся рубель — ну дык чаго вартыя такія ўлады? Было дзесьці каля 2,5 тысячы за даляр, а цяпер пад 18 тысяч. Я ўвогуле быў па жыцьці аптымістам, але апошнім часам стаў закончаным пэсымістам. Ня бачна нават выхаду з гэтага становішча. Аднойчы я ўжо казаў: мабыць, пакуль у беларуса пуп з хрыбтом не спалучыцца, розуму ў яго не прыбудзе. Пакуль ёсьць бульба і агурок — будзе цярпець. А калі яшчэ чарка са скваркай — дык чаго яму шавяліцца? І гэта вельмі кепска. Чалавек, які не імкнецца ні да чога добрага, нічога не дасягае. Згодныя?».

Спадар Лыч дадае, што, апроч усяго іншага, людзям маральна будзе цяжка адмовіцца ад статусу «мільянэраў»: два разы на месяц атрымлівалі па колькі мільёнаў, а раптам пяройдуць на заробак у 200–300 рублёў.

Кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін выказваецца яшчэ больш радыкальна. Па-першае, кажа ён, рашэньне пра дэнамінацыю пасьпешлівае, па-другое, гэта выпампуе зь бюджэту вялізныя сродкі:

Андрэй Карпунін

Андрэй Карпунін

«Усё гэта дачасна і выглядае як нейкі дзіцячы садок. Інфляцыю не спынілі, эканоміка ў мінусавым стане і працягвае мінусаваць. Паняцьця наконт таго, якія менавіта рэформы, што менавіта і ў якой пасьлядоўнасьці рабіць, няма. А галоўнае, што сама па сабе працэдура дэнамінацыі і перазапуску грашовай сыстэмы шалёна дарагая як для Нацбанку, так і для ўдзельнікаў рынку. Нават немагчыма зараз пралічыць, колькі грошай павінна патраціць кожнае прадпрыемства, кожны банк, кожная крама на пераабсталяваньне, на перапраграмаваньне ўсёй сыстэмы. Мы змагаемся зь імпартам, але незразумела, колькі валюты давядзецца патраціць на закуп новых чыпаў, новых мэханізмаў для банкаматаў, для ўсіх апаратаў, якія зьвязаныя з прыёмам і апрацоўкай наяўных грашовых сродкаў. Яшчэ раз падкрэсьлю: гэта шалёна дарагая прыемнасьць. У тым ліку гэта ўдар па нашай валюце, па нашым імпарце. Не разумею, чаму ўсё трэба рабіць вось у такім пасьпеху, чаму так зоркі сышліся і склаліся. І ад чаго іншага глябальнага трэба адцягнуць нашу ўвагу, каб гэта зрабіць».

Андрэй Карпунін асабліва зьвяртае ўвагу на ўвод у абарачэньне манэтаў. На яго перакананьне, пры адсутнасьці ўласнага манэтнага двара капейкі будуць «залатымі» ў сабекошце, бо валюты на іх вытворчасьць запатрабуецца больш, чым можна ўявіць. Пры тым, што гэта якраз той выпадак, калі ніякай аддачы не прадбачыцца:

Спачатку трэба было б стварыць манэтны двор у Беларусі, а ўжо потым прадукаваць манэты.

«Калі мы кажам, што запускаем у абарот манэты, то гэта ўвогуле вельмі цікавая гісторыя. У нас няма ўласнага манэтнага двара, нават тыя памятныя манэты, якія робіць Нацбанк, мы б’ем за мяжой — на тым жа Літоўскім манэтным двары, Чэскім манэтным двары. І калі мы кажам пра тое, што будзем уводзіць манэты масава, то, як мне падаецца, тады лягічна было б стварыць манэтны двор тут, на тэрыторыі Беларусі. Майстры ў нас ёсьць, тэхналёгіі мы б хутка асвоілі. Таму, напэўна, спачатку трэба было б стварыць манэтны двор у Беларусі, а ўжо потым прадукаваць манэты. Справа ў тым, што мы вядзём гутарку не пра адну тону, бо калі будуць уводзіцца манэты так, як яны паведамілі, як паказалі карцінкі, то нават на пачатковым этапе гэта парадку 200 тон, калі ацаніць наўскідку. А як замаўляць за мяжой, то гэта будуць манэты „залатыя“, вось у чым справа. То бок гэта азначае — узяць жывыя даляры і проста іх туды аддаць».

Новыя грошы чакаюць сваёй пары ў цэнтральным сховішчы Нацыянальнага банку і трапяць у рукі да спажыўцоў 1 ліпеня 2016 году. Каб даць магчымасьць адаптавацца да цэньнікаў, на час паралельнага хаджэньня розных купюраў суб’екты гаспадараньня будуць абавязаныя пазначаць дзьве цаны — старымі і новымі. Старыя грошы плянуецца вымаць з абарачэньня паступова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG