Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне аб дэнамінацыі сьведчыць, што Нацбанк адчувае сябе ўпэўнена, — экспэрт


Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць, што рашэньне аб дэнамінацыі сьведчыць пра ўпэўненасьць уладаў у сваёй здольнасьці ўзяць інфляцыю пад кантроль.

Такое меркаваньне экспэрт выказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Мяркуючы па ўсім, сёньня Нацбанк адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, ён лічыць, што ў наступным годзе зможа ўзяць інфляцыю пад кантроль, давесьці яе як мінімум да значэньня, якое ня моцна перавышае 10%, таму ўжо і праяўляе нейкую гатоўнасьць праводзіць дэнамінацыю. Заўважце, уводзяцца ў абарачэньне манэты — а гэта досыць дарагая прыемнасьць. Калі б рэгулятар адчуваў высокі ўзровень няўпэўненасьці ў магчымасьці кантраляваць інфляцыйныя працэсы, то ён бы дэнамінацыю ўсё ж такі не праводзіў», — адзначае фінансавы аналітык.

Палхоўскі лічыць, што сама па сабе дэнамінацыя ніяк не паўплывае на функцыянаваньне фінансава-эканамічнай сыстэмы Беларусі:

Якасьць самой фінансавай сыстэмы, тыя макраэканамічныя працэсы, якія аказваюць уплыў на стан самой фінансавай сыстэмы — на гэта парадак лічбаў ніяк не ўплывае.

«Бо гэта чыста адміністрацыйная працэдура. Проста раней мы працавалі ў адным парадку лічбаў, а цяпер будзем працаваць у іншым парадку лічбаў — на чатыры нулі менш. Але якасьць самой фінансавай сыстэмы, тыя макраэканамічныя працэсы, якія аказваюць уплыў на стан самой фінансавай сыстэмы — на гэта парадак лічбаў ніяк не ўплывае. Таму, я лічу, з-за дэнамінацыі якасна ў нашай эканоміцы нічога ня зьменіцца».

Палхоўскі таксама ўпэўнены, што ўлады ня будуць разам з дэнамінацыяй праводзіць дэвальвацыю.

«Я думаю, што наўрад ці такі сцэнар магчымы. Так, у нас ёсьць памяць такога кшталту падзей па мінулых дэнамінацыях, але ж трэба ўлічваць, што цяпер сытуацыя ў эканоміцы іншая і грашова-крэдытная палітыка, якую праводзіць Нацбанк, іншая», — нагадвае экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG