Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дзяржсакратар Рады бясьпекі крытыкаваў гісторыка Тараса і «Спутник и погром»


Станіслаў Зась, архіўнае фота

Станіслаў Зась, архіўнае фота

Новым кіраўніком Рады бясьпекі стаў Станіслаў Зась, які дагэтуль быў выканаўцам абавязкаў.

Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь 1». У ліпені 2015 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьніка дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Станіслава Зася выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара.

У чэрвені гэтага ж году Лукашэнка вызваліў ад пасады дзяржсакратара Рады бясьпекі Аляксандра Мяжуева па яго просьбе ў сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін так пракамэнтаваў Свабодзе прызначэньне Станіслава Зася:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гэта руціннае прызначэньне. Ужо вызначана сыстэма бясьпекі, яе структурныя элемэнты, вызначана палітыка, будзе прадстаўлена дактрына нацыянальнай бясьпекі. Асноўныя напрамкі нашай палітыкі ў галіне мадэрнізацыі арміі ў тым ліку тэхнічнай вызначаны. Цяпер неабходна гэту сыстэму проста кантраляваць. Асаблітва пасьля падзей ва Ўкраіне сытуацыя такая, што важнейшыя рашэньні прымае прэзыдэнт і ён жа ў многім і правярае гэтыя рашэньні, як паказаў яго візыт на завод у Дзяржынску. Таму цяпер пасада сакратара — гэта абсалютна распарадчая пасада, гэта чалавек, які заведуе канцылярыяй. Лукашэнку патрэбны менавіта такі чалавек. Ну і яго ляяльнасьць да кіраўніка краіны — на першым месцы».

Генэрал-маёру Станіславу Засю 51 год, ён нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.

У 1985 годзе скончыў Бакінскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, у 1996 годзе — Вайсковую акадэмію Беларусі, а ў 2005 годзе — Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Расеі. Кандыдат вайсковых навук.

З 2008 году працаваў намесьнікам дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі.

Увосень мінулага году Станіслаў Зась выступіў на рэспубліканскай канфэрэнцыі кіраўнікоў СМІ. Ён сказаў тады:

«Будзе выдатна, калі наш беларус з самых малых гадоў будзе жыць у атмасфэры беларускай культуры і традыцыяў. Калі ўжо ў садку будуць прысутнічаць нашы нацыянальныя гульні, касьцюмы, песьні, нацыянальная дзіцячая літаратура і кіно.

Пры гэтым ні ў якім разе нельга кідацца ў іншую крайнасьць — абмяжоўваць доступ людзей да культурных і навуковых каштоўнасьцяў іншых нацыяў і народаў. Але сваю самабытнасьць трэба ахоўваць».

Разам з тым Станіслаў Зась выказаўся наконт «дыскрэдытацыі подзьвігу народа», а таксама «інтэрпрэтацыі падзеяў 500-гадовай даўніны як вечнай вайны беларусаў і расейцаў». Паводле Зася, «пакідаць без увагі гэтыя выпады мы ня маем права».

Зась скрытыкаваў выдаўца Анатоля Тараса:

«Бацька Анатоля Тараса ў гады вайны доўгі час працаваў у Цэнтральным штабе партызанскага руху, у 1944-м — у Беларускім штабе партызанскага руху, а сын публічна называе ўсіх партызанаў ваеннымі злачынцамі».

Таксама ён згадаў артыкул Вадзіма Гігіна «Казкі Крапівенскага поля». Артыкул, паводле Зася, «выразна паказвае падаплёку гістэрыі, якая штучна нагнятаецца вакол бітвы 500-гадовай даўніны пад Воршай».

Таксама Зась заявіў:

«Накіраванасьць палітычнай прапаганды і „беларускіх“, і „расейскіх“ радыкалаў абсалютна аднолькавая — гэта генэраваньне нянавісьці да кіраўніцтва краіны і асабіста да кіраўніка дзяржавы. Дастаткова паглядзець сайты „Палітычны агляд з Андрэем Суздальцавым“ ці расейскі праварадыкальны сайт „Спутник и погром“. Як той казаў, камэнтары залішнія».

XS
SM
MD
LG