Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка трымае для некага пасаду дзяржсакратара Савету Бясьпекі, пакуль не завершацца выбары, — Алесін


Станіслаў Зась

Станіслаў Зась

Аляксандар Лукашэнка прызначыў выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара Савету Бясьпекі Станіслава Зася.

Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 1 ліпеня.

Дагэтуль генэрал-маёр Станіслаў Зась быў намесьнікам дзяржсакратара Савету Бясьпекі.

Зась нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны ў 1964 годзе.

У 1985 годзе скончыў Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, у 1996 годзе — Вайсковую акадэмію Беларусі, а ў 2005 годзе — Вайсковую акадэмію Генэральнага штаба Расеі. Кандыдат вайсковых навук.

З 2008 году працаваў намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі.

Чаму прызначаны толькі «выканаўца абавязкаў», няўжо так і не знайшлося кандыдатуры на гэтую пасаду? Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін на гэтае пытаньне адказаў так:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гэта надта адказная пасада перад выбарамі. Магчыма, прэзыдэнт чакае, што нейкая кандыдатура вызваліцца. Будуць яшчэ нейкія перасоўваньні. Я думаю, што ёсьць канкрэтны чалавек, якога ён хоча прызначыць. Напрыклад, спадар Мальцаў, які ўзначальвае памежныя войскі і займаў раней гэтую пасаду. Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць кандыдатура, але яна яшчэ ня вольная, яна яму патрэбная для рэалізацыі нейкіх іншых спраў, і да завяршэньня выбарчай кампаніі гэты чалавек яму больш патрэбны на той пасадзе. І калі ён забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, ён будзе перасунуты на гэтую пасаду. Магчыма, нават у выглядзе заахвочваньня. Бо гэта больш спакойная пасада, чым у страі, калі цябе могуць тузануць у любы момант. Ня можа быць, каб у нашай дзяржаве не было такога чалавека, які можа ўзначаліць Савет Бясьпекі. Тым больш што асноўныя кірункі вызначае сам прэзыдэнт. Тут проста павінен быць ляяльны, дастаткова ініцыятыўны, разумны, адукаваны выканаўца. Такі чалавек ёсьць. Але ён на гэтую пасаду заступіць пасьля завяршэньня выбараў прэзыдэнта».

Карэспандэнт: «Часта на значныя пасады прызначаюцца выхадцы з Расеі, а Зась паходзіць з Украіны, што адзначаюць многія аглядальнікі».

Алесін: «Я б на гэты конт ня парыўся. Я думаю, што Лукашэнка браў пад увагу дзелавыя якасьці, ляяльнасьць і, можна сказаць, асабістую адданасьць. Больш за тое, ён прызначае людзей, якія тут каранёў ня маюць і абавязаныя асабіста толькі яму».

24 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады дзяржсакратара Савету Бясьпекі Аляксандра Мяжуева «ў сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі». Далейшы лёс Мяжуева пакуль невядомы.

Сваю самабытнасьць трэба ахоўваць, — Станіслаў Зась

Увосень мінулага году Станіслаў Зась выступіў на рэспубліканскай канфэрэнцыі кіраўнікоў СМІ. Ён сказаў тады:

«Будзе выдатна, калі наш беларус з самых малых гадоў будзе жыць у атмасфэры беларускай культуры і традыцыяў. Калі ўжо ў садку будуць прысутнічаць нашы нацыянальныя гульні, касьцюмы, песьні, нацыянальная дзіцячая літаратура і кіно.

Пры гэтым ні ў якім разе нельга кідацца ў іншую крайнасьць — абмяжоўваць доступ людзей да культурных і навуковых каштоўнасьцяў іншых нацыяў і народаў. Але сваю самабытнасьць трэба ахоўваць».

Разам з тым Станіслаў Зась выказаўся наконт «дыскрэдытацыі подзьвігу народа», а таксама «інтэрпрэтацыі падзеяў 500-гадовай даўніны як вечнай вайны беларусаў і расейцаў». Паводле Зася, «пакідаць без увагі гэтыя выпады мы ня маем права».

Зась скрытыкаваў выдаўца Анатоля Тараса:

«Бацька Анатоля Тараса ў гады вайны доўгі час працаваў у Цэнтральным штабе партызанскага руху, у 1944-м — у Беларускім штабе партызанскага руху, а сын публічна называе ўсіх партызанаў ваеннымі злачынцамі».

Таксама ён згадаў артыкул Вадзіма Гігіна «Казкі Крапівенскага поля». Артыкул, паводле Зася, «выразна паказвае падаплёку гістэрыі, якая штучна нагнятаецца вакол бітвы 500-гадовай даўніны пад Воршай».

Таксама Зась адзначыў:

«Накіраванасьць палітычнай прапаганды і „беларускіх“ і „расейскіх“ радыкалаў абсалютна аднолькавая — гэта генэраваньне нянавісьці да кіраўніцтва краіны і асабіста да кіраўніка дзяржавы. Дастаткова паглядзець сайты „Палітычны агляд з Андрэем Суздальцавым“ ці расейскі праварадыкальны сайт „Спутник и погром“. Як той казаў, каментары залішнія».

Усе пытаньні, зьвязаныя зь Вялікай Айчыннай вайной, павінны вырашаць выключна гісторыкі, — Анатоль Тарас

Анатоль Тарас

Анатоль Тарас

Гісторык Анатоль Тарас сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня чуў выказваньняў Станіслава Зася і наагул нават нічога ня чуў пра гэтага чыноўніка:

«Усе пытаньні, зьвязаныя зь Вялікай Айчыннай вайной, павінны быць гістарычнымі, іх павінны вырашаць выключна гісторыкі. Але так здарылася на постсавецкай прасторы, што гэтымі пытаньнямі збольшага займаюцца палітычныя і некаторыя афіцыйныя дзеячы.

Чаму яны так балюча ставяцца да гэтых пытаньняў? Бо ў нас захавалася фактычна тая ж самая піраміда ўлады. Уверсе адзін нейкі чалавек, а ўнізе ўсе астатнія.

Ва ўмовах крызісу, эканамічнага і сацыяльна-палітычнага, яны былі б рады даць нейкі новы арыенцір народу, нейкія вышыні паказаць, як бы ідзем наперад і ўсё добра. Але ж гэтага няма.

І ў такіх умовах улады глядзяць у мінулае. І кажуць, што мы нікому не аддадзім нашу велізарную перамогу, бо мы ж выратавалі ўвесь народ.

Насамрэч не народ, а гэтую піраміду ўлады.

Таму ўсё, што не падыходзіць пад афіцыйны пункт гледжаньня, яны ганьбяць, крытыкуюць, крычаць „Здраднікі!“.

Замест гэтай праўды ёсьць міты. Ужо вельмі даўно ў нас ёсьць дзьве гісторыі — афіцыйная і неафіцыйная. Я зь лягера неафіцыйнай гісторыі».

XS
SM
MD
LG