Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Андрэй Раўкоў: Пакуль няма сэнсу разьмяшчаць расейскую авіябазу ў Беларусі


Расейскі самалёт «Су-30СМ» у Крыме, ілюстрацыйнае фота
Расейскі самалёт «Су-30СМ» у Крыме, ілюстрацыйнае фота

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што кансультацыі па ўмовах разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы завершаныя, канчатковае рашэньне — за кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

Андрэй Раўкоў выступіў перад удзельнікамі сэмінара-практыкума для кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ, паведамляе беларускі тэлеканал ОНТ.

Міністар абароны заявіў, што ня бачыць сэнсу разьмяшчаць у Беларусі расейскую авіяцыйную базу. Ён лічыць больш эфэктыўным мець сродкі, якія здольныя зьнішчыць аб’екты праціўніка.

«Які сэнс разьмяшчаць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі? Пакуль сэнсу няма. Чаму? Разважаньні такія: нашы суседзі, асабліва зноў абраны прэзыдэнт Польшчы, ён просіць НАТО (і яны пагадзіліся) разьмясьціць чатыры базы рознага прызначэньня, у тым ліку і авіяцыйнага, практычна ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы зь Беларусьсю. І адказ просты: дык, можа, мы возьмем нейкія сродкі зьнішчэньня, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы ў патрэбны час нанесьці паразу гэтым аб’ектам? Гэта будзе нашмат больш эфэктыўна, чым авіяцыйная база», — цытуе ОНТ міністра абароны.

Паводле Раўкова, беларускія вайскоўцы працягваюць шукаць максымальна эфэктыўны спосаб абароны мяжы.

Алесін: Пуцін, відаць, пайшоў насустрач Лукашэнку

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначае, што перад цяперашняй заявай міністра Раўкова, камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Алег Двігалёў паведаміў, што пасьля 2020 году Беларусь плянуе атрымаць на ўзбраеньне расейскія Су30СМ.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Гэта сьведчыць пра тое, што ўсё ж Пуцін і Лукашэнка на сустрэчы ў Казахстане так ці інакш пытаньне пра базу абмяркоўвалі. Відаць, сытуацыя вырашылася ў тым рэчышчы, у якім хацеў бы Лукашэнка. То бок ён хацеў найперш, каб базаў не было, а каб беларусы атрымалі гэтыя ўдарныя самалёты ва ўласную эксплюатацыю. І выглядае, што Пуцін пайшоў у прынцыпе насустрач Лукашэнку ў гэтым пытаньні. То бок базы пакуль ня будзе, а самалёты будуць. Тым больш, што машыны гэтыя вельмі дарагія, па 30-40 мільёнаў даляраў. Гэта адзін з самых сучасных расейскіх зьнішчальнікаў. Таму можна зрабіць такую выснову: з улікам таго, што сытуацыя ва Ўкраіне крыху разрадзілася, вастрыня канфлікту паміж Расеяй і НАТО вакол Украіны крыху спадае, а інтарэс Расеі ляжыць цяпер ў раёне Сырыі і падобна, што бліц-крыгу там не атрымаецца, то расейская авіяцыя там будзе задзейнічаная надоўга. Абвастраецца і сытуацыя ў раёне Цэнтральнай Азіі, дзе таксама можа спатрэбіцца расейская авіяцыя. Таму пытаньне пра базу ў Беларусі, калі ня зьнятае, то адкладзенае. І паколькі ні міністар абароны, ні камандуючы Двігалёў не зьяўляюцца самастойнымі фігурамі ў такіх рашэньнях, можна меркаваць, што яны трансьлююць думкі галоўнакамандуючага Лукашэнкі. Ну а той, відаць, мае нейкія пагадненьні з Пуціным.

— То бок можна казаць, што Лукашэнка выйграў?

— Гэта толькі тактычны выйгрыш. Усё роўна Беларусь застаецца прывязанай да вайскова-стратэгічнай палітыкі Расеі, зьяўляецца яе хаўрусьніцай. І ў прынцыпе сытуацыя і ў нашым рэгіёне вызначаецца найперш рашэньнямі ў Маскве. Цяпер не стаіць так востра пытаньне пра авіябазу ў Беларусі, таму і нам палёгка выйшла. Як будзе далей дзейнічаць Крэмль, будзе залежаць ад разьвіцьця міжнароднай сытуацыі. Таму гэта тактычны выйгрыш. Але ў стратэгічным пляне ўсе застаецца па-ранейшаму.

Янукевіч: Такія заявы сьведчаць аб тым, што ідзе даволі інтэнсіўны гандаль

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў заяву міністра абароны Беларусі адносна разьмяшчэньня расейскай авіябазы:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Такія заявы, раней Лукашэнкі, а цяпер міністра абароны, сьведчаць аб тым, што ідзе даволі інтэнсіўны гандаль. Відавочна, што беларускія ўлады разумеюць усе магчымыя нэгатыўныя наступствы для зьнешняй палітыкі Беларусі, для пэрспэктываў. Але я думаю, што яны гатовыя разьмясьціць расейскую авіябазу, калі за гэта будзе прапанаваны даволі высокі кошт. Таму сёньняшнія заявы міністра абароны сьведчаць пра наяўнасьць даволі інтэнсіўных перамоваў. Пакуль яны ня скончаныя, таму афіцыйныя асобы Беларусі будуць рабіць заявы, што пакуль немэтазгодна, але калі будзе палітычнае рашэньне, мы гэта зробім.

Але відавочна, што ніякія прэфэрэнцыі з боку Расеі ня могуць апраўдаць разьмяшчэньня ў Беларусі такой базы. У любым выпадку яна вельмі моцна супярэчыць нацыянальным інтарэсам. Таму няма такога кошту, які мог бы апраўдаць разьмяшчэньне такой базы ў Беларусі».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 19 верасьня распарадзіўся падпісаць пагадненьне аб стварэньні расейскай авіябазы ў Беларусі. Расейскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы заявілі, што расейская авіябаза на тэрыторыі Беларусі пачне функцыянаваць ужо ў 2016 годзе.

4 кастрычніка ў Менску прайшла акцыя пратэсту супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы. 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на беларускай тэрыторыі размовы ніколі не вялося. 11 кастрычніка, выступаючы перад журналістамі, Лукашэнка яшчэ раз падкрэсьліў, што не абмяркоўваў з прэзыдэнтам Расеі пытаньне стварэньня ў Беларусі вайсковай базы.

«Сапраўды, з Пуціным, клянуся, не абмяркоўваў гэтую праблему. Гэта проста выцягнулі сродкі масавай інфармацыі, напэўна, з пасяджэньня расейскага ўраду і ўкінулі гэтую інфармацыю, незразумела навошта», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў: «Справа не ў базах, а ў тым, што мы з рускімі людзьмі будзем стаяць да сьмерці тут, у Беларусі». Ён адзначыў, што Беларусі неабходная не расейская ваенна-паветраная база, а свая сыстэма супрацьпаветранай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG