Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар у начным клюбе ў Румыніі. Дзясяткі загінулых


У выніку выбуху і моцнага пажару ў начным клюбе Бухарэсту загінулі 27 чалавек, яшчэ 155 з рознымі траўмамі дастаўлены ў шпіталь. Улады асьцерагаюцца, што ахвяраў можа быць значна больш.

Выбух адбыўся ў клюбе Colectiv у пятніцу ўвечары падчас рок-канцэрту, уваход на які быў свабодным, перадае Бі-бі-сі http://www.bbc.com/news/world-europe-34684973. У той момант у памяшканьні знаходзілася каля 400 чалавек — па большай частцы маладыя людзі і падлеткі.

Пасьля ўзгараньня яны кінуліся да выхаду, узьнікла цісканіна.

Прычыны ўзгарання і выбуху пакуль невядомыя.

«Усё, што мы ведаем на гэты момант, — гэта тое, што ў клюбе была ўжытая піратэхніка, — сказаў Бі-бі-сі намесьнік міністра ўнутраных спраў Румыніі Раед Арафат. — Пасьля гэтага здарылася трагедыя. Вядома, гэтая вэрсія цяпер правяраецца. Паводле некаторых зьвестак, фаервэркі былі часткай выступу рок-гурта, які граў у жанры «хэві-мэтал».

Паводле сьведак, падчас выступу іскры перакінуліся на сьцены і столь, справакаваўшы ўзгараньне й выбух.

Людзі спрабавалі выбрацца з памяшканьня, аднак там было ўсяго два цяжкадаступныя выхады, прычым адныя дзьверы давялося выбіваць. Многія трацілі прытомнасьць ад удушша. Таксама ў шматлікіх наведвальнікаў клюбу, дастаўленых у шпіталь, дыягнаставалі сур’ёзныя апёкі.

Стан 25 пацыентаў ацэньваецца як вельмі цяжкі. У адным з шпіталёў паведамілі, што большасьць дастаўленых да іх пацярпелых — падлеткі ад 14 да 16 гадоў.

«Я ўзрушаны і глыбока засмучаны трагічнай падзеяй, якая адбылося сёньня ўначы ў цэнтры гораду, — напісаў у Фэйсбуку прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс. — Гэта вельмі сумны момант для ўсіх нас, для нашага народа і для мяне асабіста. У гэты цяжкі момант я выказваю сваё глыбокае спачуваньне і салідарнасьць зь сем’ямі тых, хто пацярпеў у гэтай трагедыі».

На гэтым відэа бачна, што вогненныя шоў былі звычайнай справай у клюбе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG