Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пяць гадоў пасьля аварыі на «Пінскдрэве» ахвярам так і ня выплацілі поўную кампэнсацыю


Пажар на Пінскдрэве, 2010 год

Пажар на Пінскдрэве, 2010 год

У адпаведнасьці з рашэньнем суду, прадпрыемствы «Пінскдрэў» і «Пінскдрэў-ДСП» абавязаны былі выплаціць сем’ям загінулых і пацярпелым ад выбуху на прадпрыемтве, які здарыўся пяць гадоў таму, грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды. Яна складае 30 мільёнаў рублёў ад кожнага прадпрыемства за кожнага работніка, піша сайт Медыя-Палессе.

«Пінскдрэў» рашэньне суду выканаў, а «Пінскдрэў-ДСП», як паведамляе газэта «Вячэрні Брэст», не.

Справа ў тым, што прадпрыемства існуе толькі на паперы, яго маёмасьць зьнішчана выбухам, а плошчы арандаваліся. Таму з даўжніка ўзяць няма чаго. І дапамагчы пацярпеламу боку ня могуць ні суд, ні пракуратура — юрыдычна ўсё правільна. А пазыцыя кіраўніцтва холдынгу засталася нязьменнай — кампанія нічога не павінна.

25 кастрычніка 2010 году на ўчастку па вытворчасьці паліўных гранул прадпрыемства «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся выбух, які забраў жыцьці 14 чалавек, каля дзесяці работнікаў атрымалі калецтвы. Трагедыя адбылася ў выніку парушэньняў правілаў пажарнай бясьпекі і эксплюатацыі абсталяваньня.

Летась у Пінску дату самай буйной у Беларусі тэхнагеннай аварыі адзначылі ўскладаньнем кветак да мэмарыяльнай дошкі загінулым працоўным.

Сёлета пра трагедыю не нагадвае ні сайт Пінскага гарвыканкаму, ні сайт холдынгу «Пінскдрэў».

У 2014 годзе сваякі пацярпелых работнікаў прадпрыемства былі незадаволеныя адсутнасьцю ўвагі да сваіх праблем з боку холдынгу і праз суды спрабавалі дамагчыся справядлівай кампэнсацыі.

Пазыцыя мэблевага холдынгу была непахіснай — усе законныя выплаты былі зроблены. І кампанія ня можа за кошт іншых работнікаў выплачваць дадатковыя сродкі.

Вінаватымі ў аварыі Берасьцейскі абласны суд прызнаў дырэктара «Пінскдрэва-ДСП» Леаніда Логвіна, галоўнага інжынэра прадпрыемства Ігара Логвіна і галоўнага інжынэра холдынгу Уладзімера Шастакова. Іх прысудзілі да розных тэрмінаў абмежаваньня і пазбаўленьня волі. Тагачасны гендырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч быў абвінавачаны ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, але схаваўся ад правасудзьдзя за мяжой. Паводле апошніх зьвестак, ён жывае ў Польшчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG