Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры-пагарэльцы — супраць антысацыяльнай дзяржавы


Мікалай Грысімаў з чарговай скаргай

Мікалай Грысімаў з чарговай скаргай

Два гады таму падчас капітальнага рамонту ў кватэры менскіх пэнсіянэраў Грысімавых здарыўся пажар, наступствам якога Мікалай Цімафеевіч і Соф’я Сьцяпанаўна ня могуць даць рады дагэтуль.

Радыё Свабода ўжо расказвала, як 6 верасьня 2013 году ў часе будаўнічых працаў на доме № 29 па сталічнай вуліцы Карастаянавай зваршчык прадпрыемства «Спэцбелбуд» праігнараваў правілы пажарнай бясьпекі. Іскры ад апарату трапілі на балькон кватэры Грысімавых і зрабілі пажар.

​Гаспадары — абое інваліды ІІ групы — у той дзень былі на лецішчы. Пільнасьць праявілі суседзі. Пажарная каманда прыехала хутка, але з вокнаў 4 паверху ўжо валілі клубы дыму і полымя. Выгаралі балькон, падваконьне і кавалак падлогі ў пакоі. Як удакладняе Мікалай Грысімаў, агонь зьнішчыў і маёмасьць, вынесеную на балькон на час рамонту — пыласос, цэнтрыфугу, дываны, занавескі і г.д.

«Калі мы былі на вёсцы, будаўнікі вынесьлі ўсе нашы рэчы на балькон, каб тыя не перашкаджалі фарбаваць падлогу і пераклейваць шпалеры. Гэтыя рэчы потым згарэлі, мы іх ацанілі ў суму 10 мільёнаў рублёў. Пазьней супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў падлічылі кампэнсацыю з улікам пашкоджаньняў на бальконе ў памеры 53 мільёны 500 тысяч рублёў, а агулам па кватэры, уключна з бальконнымі рамамі, міжпакаёвымі дзьвярыма і пераклейкай шпалераў, атрымалася парадку 150 мільёнаў. Але плаціць за страты вось ужо колькі часу ніхто ня хоча. Чаму так адбываецца? На падставе якіх законаў яны ўцякаюць ад адказнасьці? Тут жа і матэрыяльная шкода, і маральная, і страта здароўя ў выглядзе перадынсультнага стану — нічога не аплочана да гэтага часу».

Ад дывана застаўся толькі кавалак

Ад дывана застаўся толькі кавалак

83-гадовы Мікалай Цімафеевіч, якія мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам, за прамінулы час некалькі разоў трапляў у шпіталь — занадта адчувальны ўдар лёсу для такога веку. А паміж рэабілітацыяй вымушаны абіваць парогі дзяржаўных ведамстваў і рыхтаваць судовыя пазовы. ЖРЭА і «Спэцбелбуд» — заказчык і выканаўца, адпаведна — кампэнсаваць страты адмаўляюцца на той падставе, што... пэнсіянэры ня здольныя прадставіць пацьверджаньне рэальнага кошту зьнішчанай маёмасьці. У далейшым аналягічнай аргумэнтацыяй кіраваліся і судовыя органы.

Бальконная рама ледзь трымаецца

Бальконная рама ледзь трымаецца

Усталяваць сваім коштам бальконныя рамы мясцовыя камунальнікі ўрэшце пагадзіліся, але да якасьці тавару ўзьніклі прэтэнзіі ўжо ў Грысімавых. Як кажа Мікалай Цімафеевіч, канструкцыя некалькі месяцаў даходзіла да кандыцыі, а потым выявілася, што дошкі зусім трухлявыя, а сама яна нашмат меншая за праём. Што і прадэманстраваў на месцы з дапамогай няхітрага адвеса:

«Адпісваюць мне, што нібыта ўсё нармальна, што ўсё ў адпаведнасьці з ДАСТам. Калі яны сюды прыходзілі з інспэкцыяй, я ім таксама паказваў гэтую рэйку, прыкладаў да рамы — маўляў, няўжо ня бачыце, што на вуліцу завальваецца, што канструкцыя трымаецца на чэсным слове — дакладней, на трох шурупах? Нуль рэакцыі, усё спускаюць на тармазах...»

Працоўны стол пэнсіянэра Грысімава

Працоўны стол пэнсіянэра Грысімава

Не задавальняе суразмоўцу і якасьць рамонту, які сьпехам зрабілі камунальнікі ўнутры кватэры. Іхнюю працу спадар Грысімаў характарызуе адным словам — «халтура»:

«Вось, прыкладам, што зрабілі ў кватэры. У залі шпалеры яшчэ пераклеілі, бо ад іх пасьля пажару практычна нічога не засталося, а ў сенцах чорныя плямы ад дыму на сьценах як былі, так і цяпер ёсьць. Але інспэктары рукамі памацалі і сказалі: усё нармальна, проста трохі куродыму. На падлозе таксама невядома што за разводы, фарбы ўсякага колеру. У спальні дык ужо рабілі сваімі сіламі, не было моцы чакаць. Аддалі дзеўкам 200 даляраў, і тыя ўсё зрабілі як мае быць».

Гарадзкія ўлады раскашэльвацца не жадаюць

Гарадзкія ўлады раскашэльвацца не жадаюць

За гэты час у пошуках вінаватых пройдзеныя ўсе інстанцыі — ад мясцовых уладаў да Камітэту дзяржкантролю, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага суду, адміністрацыі прэзыдэнта. Стыль адказаў з усіх ведамстваў практычна аднолькавы: заяўніка кіруюць уніз па вэртыкалі, пакуль урэшце не ўзьнікае тупік у выглядзе ўсё тых жа непрабівальных ЖРЭА і «Спэцбелбуду». Спадзяваньні на адносна нядаўна прызначанага старшыню Менгарвыканкаму пакуль застаюцца гэтаксама бясплённымі:

«У жніўні адбылася нарада ў Менгарвыканкаме. Засядала камісія колькасьцю ажно 15 чалавек пад старшынствам самога кіраўніка выканкаму Андрэя Шорца. Я ім паказаў ваша карэспандэнцкае расьсьледаваньне, каб яны азнаёміліся і нарэшце прынялі нейкае рашэньне. Тыя сказалі, што ў іх гэтыя матэрыялы ёсьць, што яны ў курсе справы. Я ім яшчэ раз для пэўнасьці пераказаў сутнасьць прэтэнзіяў, на ўсялякі выпадак давёўшы, што майго бацьку, хворага на вострую язву, у 1937 годзе па даносе схапілі, вывезьлі на Асінторф і там расстралялі без суду і сьледзтва. Дык вось не хацелася б, каб сёньня справы вырашаліся паводле такога ж прынцыпу: няма чалавека — няма праблемы».

У двары дома-пагарэльца

У двары дома-пагарэльца

Адчаяўшыся знайсьці выйсьце з зачараванага кола мірным шляхам, Мікалай Цімафеевіч распачаў судовую эпапэю. Да ранейшых матэрыяльных прэтэнзіяў былі далучаныя маральныя страты, а таксама шкода здароўю, пацьверджаная мэдычнымі даведкамі. Агулам адбылося 10 паседжаньняў толькі ў судзе Цэнтральнага раёну. У часе апошняга агучана рашэньне: з 10 мільёнаў рублёў, заяўленых у пазове, кампэнсаваць 5 мільёнаў. Атрымліваць іх спадар Грысімаў адмаўляецца, бо ў такім выпадку справа будзе закрытая. Асабіста ён гатовы на кампраміс пры суме ў 10 разоў большай:

«Пажар у кватэры № 25 падобны да Хатыні. Як карнікаў спаленай вёскі шукаюць па сёньняшні дзень, так і ў нашым пажары нібыта ніхто не вінаваты, нібыта ніхто за яго не адказвае. Усе ўсё хаваюць, ажно да адміністрацыі прэзыдэнта. Мы згодныя нават на тое, каб нам кампэнсавалі страты ў памеры 50 мільёнаў рублёў і ліквідавалі недахопы на бальконе і ў кватэры, вось і ўсё. Нават на такую зьдзелку ўжо гатовыя, не закранаючы таго, што вакол адбываецца ў пляне карупцыі».

Аўтарскія коміксы з чыноўнікамі ў ролі антыгерояў

Аўтарскія коміксы з чыноўнікамі ў ролі антыгерояў

Мікалай Грысімаў кажа, што на цяжбу зь дзяржаўнай машынай патраціў усе свае «грабавыя», а прывідныя мільёны так і застаюцца на паперцы. Нядаўна напісаў нават на імя расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, з чыёй канцылярыі параілі шукаць праўду ў сваёй айчыне. Але за два гады змаганьня пэнсіянэр пераканаўся: свая дзяржава сацыяльную арыентаванасьць толькі дэкляруе, але не пераносіць прыгожыя словы на практыку. Усё часьцей свае крыўды 83-гадовы стары давярае паперы, вымалёўваючы заклятых ворагаў у выглядзе шулераў ды адмоўных пэрсанажаў саматужных коміксаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG