Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страхоўка. Гісторыя ад шляхціца Юркойця


Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік

Гэтую гісторыю распавядаў мне краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць.

На рамонце варнянскага касьцёлу працавала брыгада будаўнікоў-вышыньнікаў. Ставілі новыя крыжы на вежы, рамантавалі дах. І ў гэтай вышыннай брыгадзе вылучаўся адзін будаўнік. Немалады ўжо дзядзька. Ён працаваў без страхоўкі. Калі астатнія, маладзейшыя, надзявалі страховачныя пасы, ён – не. Ні на піжона, ні на панцёра дзядзька быў непадобны. Сваю адмову ад страхоўкі ён патлумачыў падчас перакуру. «Каб выжыць».

Ён не давяраў страхоўцы ад самага пачатку шабашнай дзейнасьці. Заўжды спадзяваўся толькі на сваю ўважлівасьць.

Але аднойчы ён надзеў страховачны пас. У той дзень дзядзька сядзеў на самым каньку высачэзнага касьцёлу. І ў нейкі момант адчапіў карабін. Інакш было не павярнуцца. Адчапіў машынальна і заставаўся ў пэўнасьці, што ён на надзейнай прывязі. Вядома ж, закон подласьці не прымусіў сябе чакаць. Вышыньнік дазволіў сабе аступіцца і сарваўся з канька, набіраючы хуткасьць на барочнай строме. Даляцеўшы да краю даху, будаўнік забалянсаваў на касьцёльным гзымсе. Нібы птушка, адчайна махаючы рукамі, каб прымусіць цела схіліцца на бок выратавальнага даху. І выраўняўшы раўнавагу, будаўнік зваліўся са стромы, пасьпеўшы ўхапіцца рукамі за гзымс.

Алесь Юркойць ведае сотні неверагодных гісторый. І, напэўна, кожная зь іх – гатовая прыпавесьць. Бываючы ў Варнянах, я заўжды пачуваюся здарожаным госьцем на хутары шляхціца Завальні. Ня лазьня, не гарэлка, ня Ганьніны прысмакі – галоўны пачастунак. Хоць і гэта ўсё непараўнальнае. Галоўнае – Алесевы гісторыі. І з часоў мінулых, і зь нядаўніх дзён. Легенды мясцовай шляхты і бытавыя показкі з жыцьця местачкоўцаў.

Слухаючы Юркойця, я кожнага разу пераконваўся, што там, дзе людзкімі жарсьцямі кіруе любоў і сьмерць, дэкарацыі ня маюць значэньня. І варнянская выспа з мураванай вежай нічым ня горшая за Эльсінор.

Вось толькі запісаць гэтыя гісторыі на дыктафон мне не выпадала. Бо Алесь страхаваўся. Чаго – я зразумець ня мог. Бо каму, як не яму, знаўцу кожнага каменя на Астравеччыне, расказваць пра гэты край? І калі я бачыў яго ў сінім кіцелі, асацыяцый са Шцірліцам не ўзьнікала. Наадварот, я радаваўся за наш мытны камітэт, дзе служаць такія патрыятычныя мытнікі. Адначасова спачуваючы варнянскім дзецям, якія маглі б мець такога! настаўніка гісторыі.

Я і пазнаёміўся зь ім, як кажуць, пры выкананьні. Напрыканцы 90-х любое перасячэньне мяжы было зьвязанае з абавязковай працэдурай запаўненьня мытнай дэклярацыі. І аддаючы свой насьпех запоўнены квіток высокаму прыгажуну-афіцэру, я зусім не чакаў пачуць ад яго пытаньне. «Вы Зьміцер Бартосік?» «Так». «Гэта вы на Радыё Свабода ў “Вострай браме” так апантана змагаецеся за беларушыну?» «Так». «А гэта ваша дэклярацыя?» «Так», – адказаў я мытніку чырванеючы. Мая дэклярацыя была запоўненая па-расейску. «Але ж я запоўніў на мове арыгіналу», – упалым голасам першаклясьніка, які ня вывучыў уроку, прамямліў я.

Пасьля таго ўроку, які даў мне мытнік Юркойць, я ўжо не страхуюся расейшчынай пры кантакце зь людзьмі ў форме. Кожнага разу з радасьцю адкрываючы для сабе – колькі ж патрыятычных сэрцаў б’ецца за мундзірамі памежнікаў і ДАІшнікаў. Дзякуючы мове штрафы альбо зьніжаліся ўдвая, альбо зусім адмяняліся.

А той юркойцеўскі вышыньнік з таго фатальнага дня ні разу не надзеў выратавальнага паса.

Неяк не па-беларуску стаў паводзіцца стары вышыньнік. Бо сапраўдныя беларусы вельмі ж любяць страхавацца. Гэтую народную рысу ўмее пахваліць правадыр. Колькі разоў я чуў ягоныя пахвалы на адрас мудрых беларусаў, якія ня кінуцца на злом галавы ў вір рэформаў, а удумліва пакураць, сто разоў памяркуюць, семдзесят разоў адмераць. І толькі тады!... Вось толькі гэтае «тады» ніяк не надыходзіць.

Ад самага пачатку дэмантажу СССР Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка пачала страхавацца. «Перш правер, а потым вер». І вось нацягнуты страховачны пас савецкіх сымбаляў, адроджанага камсамолу і ленінскіх суботнікаў. «Сем раз отмерь – один отрежь». І завязаны яшчэ адзін вузел. Расейская мова становіцца па-сутнасьці адзінай дзяржаўнай. «Бязь меры няма веры». І накінуты яшчэ зь дзясятак пасаў у выглядзе ўсялякіх «саюзных гасударстваў» ды адэкабэ. Беларусь застрахавалася ад самой сябе так надзейна, так апаясалася страхоўкамі, што яны даўно ператварыліся ў путы. І зусім забылася яшчэ адна старая прымаўка. Сем разоў глядзі, а назад не вядзі.

Аднойчы «савецкая» страхоўка не спрацуе. Ці хопіць спрыту разблытацца?

У мяне ў памяці не адна гісторыя ад шляхціца Юркойця. Але хочацца, каб вы іх пачулі ад самога апавядальніка. Хутчэй бы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG