Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Юркойця і агульны крызыс даверу


Алесь Юркойць

Алесь Юркойць

Шкада, што Алесь Юркойць ня стаў героем нашай радыйнай рубрыкі «Сталкеры Свабоды». Не пагадзіўся б. Па-першае, «чалавек непублічны», па-другое, мытнік на дзяржаўнай службе.

Тым ня менш, на працягу многіх гадоў, мне (і шмат каму) было важна пачуць думку гэтага астравецкага актывіста, краязнаўца, чалавека, здольнага мысьліць у маштабе нацыі і дзяржавы. Якраз пра такіх людзей і распавядаюць «Сталкеры Свабоды».

Адметная іх рыса – аўтарытэт, створаны з супольнага даверу многіх людзей. А каму яшчэ верыць? Палітыкам? Сацыёлягам? СМІ? Здаецца, у камэнтарах у нас толькі і спрачаюцца пра недавер і адсутнасьць аўтарытэту той ці іншай асобы, лёзунгу, лічбы.

Але ж «ня вер, ня бойся, не прасі» – турэмны прынцып паводзінаў. Грамадзтва без даверу – прападае, без аўтарытэтаў замірае ў летаргічным сьне нацыя.

Пасьля публікацыяў пра арышт Юркойця камэнтатары нічога па сутнасьці дадаць не змаглі – справа засакрэчаная. Таму гаворка і зьвялася да пытаньня даверу.

Было нават адчуваньне, што чытаю вынікі сацыялягічнага апытаньня «Каму давяраюць беларусы». Тут і традыцыйнае «проста так не пасадзяць» (давер да ўладаў) і «хабар бяруць усе» (недавер да ўладаў). Праўда, ніяк ня згадваліся лідэры апытаньня – царква (самы высокі давер) і апазыцыя (самы нізкі).

Тонкая субстанцыя даверу ўзьнікае з досьведу прадказальнасьці. І калі такі досьвед маюць многія людзі, нараджаецца аўтарытэт.

Максім зь Менску зьвяртаецца да мяне: «Вы вельмі цёпла і аргумэнтавана выказаліся пра Алеся Юркойця. І ня толькі вы. У мяне такое пытаньне: ці мае на ўвазе разьвітая нацыянальная самасьвядомасьць абсалютную прыстойнасьць ва ўсіх справах? Іншы раз гэта падаецца як аксіёма. Як сонца бяз плям. Непагрэшнасьць ад пачатку. Гісторыя, калі чалавек, блізкі нам па духу, раптам аказваецца не зусім законапаслухмяным, ня першая ў нашай краіне. Я таксама спадзяюся, што Алесь патрапіў у турму ў выніку нейкага трагічнага непаразуменьня: бо абставіны справы не апублікаваныя. І колькасьць 40 чалавек (арыштаваных мытнікаў. – СД) таксама выклікае пытаньні… але, калі (ня дай Бог) выявіцца, што ўсё ж такі было за што… тады нехта можа працягнуць іншы лягічны ланцужок паміж нацыянальнай сьвядомасьцю і карупцыяй…»

Аксіёма ў тым, што нацыянальная сьвядомасьць – не прыкмета непагрэшнасьці. Як і не прыкмета граху.

Іншая рэч, што ў Беларусі нацыянальна сьвядомы чалавек апынаецца пад павелічальным шклом, у адрозьненьне ад літоўца ў Літве ці баўгарына ў Баўгарыі. І калі яго «садзяць», за крымінал (бо «за палітыку ў нас ня садзяць»), застаецца толькі здагадвацца, за што яго пасадзілі насамрэч. Пра яго грамадзкую актыўнасьць мы ведаем, пра карупцыю – не. І, нічога ня ведаючы, мы можам сыходзіць толькі з уласнага даверу да яго і быць перакананымі, што пасадзілі – за актыўнасьць. Бо ведаем, што за такое ў нас саджаюць.

З той самай прычыны (павелічальнага шкла) ў Беларусі нацыянальна сьвядомы чалавек часьцей робіцца аўтарытэтам для іншых – лепш відзён, болей ведае, неабыякавы.

І вось маем наступную апазыцыю. Абставіны справы засакрэчаныя (хоць, падумаўшы, каму трэба сакрэціць карупцыю чыноўнікаў?), а значыць, не выклікаюць даверу. Аўтарытэт Алеся, наадварот, публічны і трымаецца на даверы. У выніку крымінальная справа ніяк не ўплывае на аўтарытэт (бо мы ня ведаем справы), а аўтарытэт – на крымінальную справу (бо такія рэчы не бяруцца сьледчымі пад увагу).

Апроч маралі, ёсьць яшчэ фон часу, на якім разыгрываецца гэтая драма, калі масавыя арышты – як у 1930-я гады, а значыць, у прыватнасьцях ніхто разьбірацца ня будзе, бо пасадзілі шараговых, начальнікі на свабодзе. Калі тэма начальнік-грошы зусім не падкантрольная народу, а каставыя спайкі ўлады толькі спарадычна ўсплываюць у СМІ.

Варта нагадаць і пра змаганьне з аўтарытэтамі, якое ўлада вядзе ўсе свае 20 гадоў – пачынаючы ад закрыцьця газэты «Имя», ад сьціраньня імён Скарыны і Машэрава з цэнтральных сталічных вуліц і сканчаючы выгнаньнем у эміграцыю тых, хто карыстаўся ў беларусаў нефармальным даверам.

Аўтарытэт і давер – усё, што мае незалежнае грамадзтва, каб аб’яднацца. І не вакол інстытуцый (да гэтага далёка), а вакол асобаў, канкрэтнага чалавека, якога мы ведаем, «як свае пяць пальцаў».

Разам з многімі сябрамі Алеся я веру ў тое, што ён не датычны да карупцыі на мытні. Іншых «прыладаў» для ацэнкі сытуацыі ў нас няма. Але ж і вера – ня так мала. Памятаеце, што казаў Сталкер сваім спадарожнікам, якіх прывёў у Зону?

«Казаць нічога ня трэба. Трэба толькі… засяродзіцца і пастарацца ўспомніць усё сваё жыцьцё. Калі чалавек думае пра мінулае, ён становіцца дабрэйшым. А галоўнае… Галоўнае… верыць».

Аляксандар Кайданоўскі ў галоўнай ролі ў кінафільме Андрэя Таркоўскага «Сталкер»

Аляксандар Кайданоўскі ў галоўнай ролі ў кінафільме Андрэя Таркоўскага «Сталкер»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG