Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына ня хоча мяняць выбарчую працэдуру


Падлік галасоў вачыма назіральнікаў

Падлік галасоў вачыма назіральнікаў

«Цэнтравыбаркам не зьбіраецца нічога мяняць у выбарчай працэдуры». Пра гэта заявіла старшыня камісіі Лідзія Ярмошына пасьля завяршэньня паседжаньня ЦВК.

На пытаньне Свабоды — ці будуць уносіцца зьмены ў працэдуру падліку галасоў, якая выклікала шмат нараканьняў з боку назіральнікаў, — спадарыня Ярмошына адказала, што ніякіх зьменаў не плянуецца:

«Што там можна мяняць? Там усё прапісана, што яшчэ можна дадаць? Трэба проста правільна лічыць. У нас такія зразумелыя інструкцыі, што падвесьці вынікі выбараў могуць нават дзеці, якія ўмеюць лічыць».

Карэспандэнт Свабоды таксама пацікавіўся ў Лідзіі Ярмошынай, ці магчымы пераход парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца ўвосень 2016 году, на зьмяшаную сыстэму, калі частка дэпутатаў абіраецца ў акругах, а частка — па партыйных сьпісах. Менавіта з ініцыятывай аддаць 30% месцаў у парлямэнце партыйным дэпутатам выступаюць нядаўнія ўдзельнікі прэзыдэнцкіх выбараў — Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч.

На гэта спадарыня Ярмошына адказала адмоўна: «Я думаю, гэта немагчыма. Справа ў тым, што калі на такое пайсьці, то трэба зьмяняць Канстытуцыю. У Асноўным Законе прапісаная працэдура адкліканьня дэпутата. Там указана, як гэта робіцца, калі чалавек абраны па акрузе. А вось працэдуры адкліканьня дэпутата, абранага па партыйным сьпісе, няма. Таму бязь зьмены Канстытуцыі гэтае пытаньне ня вырашыш».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG