Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: ЦВК не ўспрыняла канкрэтныя доказы махлярства


Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сёньня быў ад першай да апошняй хвіліны на пасяджэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе разглядалася скарга Тацяны Караткевіч аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі. Спадар Губарэвіч так пракамэнтаваў Свабодзе адмоўны вэрдыкт Цэнтравыбаркаму:

«Нічога нечаканага не адбылося. Відавочна, што тыя сотні, а можа, і тысячы фактаў парушэньняў, якія адбываліся падчас выбарчай кампаніі, будуць адрынутыя прадстаўнікамі Цэнтральнай выбарчай камісіі. Камісія не ўспрымае канкрэтныя доказы. Яна мае заданьне, якое павінна выканаць — а менавіта, абвясьціць пераможцам Аляксандра Лукашэнку.

Адзіная інтрыга гэтых выбараў, калі браць маю асабістую думку, гэта тое, хто стане пераможцам выбарчага таталізатара руху „За свабоду“. То бок — хто найбольш наблізіцца да афіцыйных вынікаў, якія сёньня абвясьціла Цэнтральная выбарчая камісія.

Паводле папярэдніх зьвестак, дастаткова блізкія да афіцыйных паказьнікі маюць многія ўдзельнікі нашага таталізатара. І гэта зразумела, бо выбары ў Беларусі даўно перасталі быць інтрыгай. Яшчэ да іх завяршэньня відавочна, каго назавуць пераможцам і колькі працэнтаў улада дазволіць атрымаць іншым кандыдатам. Для многіх удзельнікаў нашага конкурсу было зразумела, што на другое месца будзе пастаўлены кандыдат „супраць усіх“. Таму нічога дзіўнага сёньня не адбылося.

Можна толькі шкадаваць, што такая велізарная колькасьць людзей уцягнутая ў мэханізм падману. Гэта пачынаючы ад шараговых сябраў участковых камісіяў і заканчваючы прадстаўнікамі абласных камісіяў і Цэнтральнай выбарчай камісіі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG