Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пішуць у сьвеце пра Нобэля Алексіевіч: «Зь пясчынак яна стварае шторм»


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Сусьветныя СМІ актыўна камэнтуюць прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч.

БелаПАН прапануе вытрымкі зь некаторых публікацыяў.

Neue Zuercher Zeitung (Швайцарыя): «Зь вялікай бясстрашнасьцю апісвала Сьвятлана Алексіевіч жыцьцё ў посткамуністычнай Расеі. Таму Нобэлеўская прэмія зьяўляецца таксама палітычным знакам. У кастрычніку яна атрымала прэмію міру нямецкіх кнігавыдаўцоў, цяпер, праз два гады, рушыла ўсьлед наколькі правільнае, настолькі важнае рашэньне. Бо наўрад ці нехта іншы глыбей дасьледуе рускі сьвет пачуцьцяў, побытавыя настроі і сутыкненьне ідэалёгіяў... Калі мы сёньня расплюшчваем вочы праз агрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, то лепш за ўсё вучаць кнігі Алексіевіч: Homo soveticus са сваім смуткам па імпэрскай велічы ніколі не пераставаў існаваць... Тое, што на Алексіевіч на яе беларускай радзіме накладзенае таўро здрадніцы і свае кнігі яна можа выдаваць толькі за мяжой, сьведчыць аб дрэннай сытуацыі... Сьвятлана Алексіевіч — нязручны інтэрвіюер і неспакойная шукальніца праўды».

Сьвятлана Алексіевіч слухае тых, у каго няма голасу. Яна вучыць не забываць канкрэтных людзей.

Die Zeit (Нямеччына): «Сьвятлана Алексіевіч слухае тых, у каго няма голасу. Яна вучыць не забываць канкрэтных людзей. Нобэлеўская прэмія ёсьць знакам надзеі... Хто сёньня чытае яе кнігі, ведае: яна апісвае ня толькі гісторыю, але і сучаснасьць, магчыма, нават будучыню. „Усё паўтараецца“ — гэта таксама цытата з Алексіевіч. На літаратурнай сцэне яе ўзнагароджвалі шмат разоў. Аднак на радзіме, у Беларусі, кнігі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі забароненыя. Пасьля „Цынкавых хлопчыкаў“, кнігі пра аўганскую вайну СССР, на яе падавалі ў суд — праз дыскрэдытацыю Савецкай арміі... Сьвятлана Алексіевіч вырвала гісторыі [„маленькага чалавека“] зь нябыту і захавала ў сусьветнай літаратуры... Зь пясчынак яна стварае шторм».

Rzeczpospolita (Польшча): «Сьвятлана Алексіевіч — такая ж, як Беларусь — краіна на стыку сусьветаў, на скрыжаваньні культураў, зь вялікім досьведам савецкіх часоў. Нарадзілася ва Ўкраіне, ёсьць беларускай, піша па-расейску. Ніколі не хавала, што ў ёй дрэмле савецкі чалавек... Нобэлеўскі ляўрэат крытычная ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі. Але ў той жа час неаднаразова дэкляравала, што разумее складаную сытуацыю ў Беларусі, зьвяртала ўвагу на падтрымку Лукашэнкі грамадзтвам і нават яго заслугі перад краінай... Алексіевіч крытыкуе беларускую апазыцыю, якая ня толькі неэфэктыўная, але і далёкая ад народу. Вядома, узнагарода для Алексіевіч узмоцніць Беларусь. Нобэль будзе прадметам нацыянальнага гонару, падтрымае беларускую ідэнтычнасьць, нават калі гэтая беларускасьць вызначаецца Алексіевіч крыху інакш, чым таго хацелі б народ і патрыёты» (з гутаркі з палітолягам, намесьнікам Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Адамам Эбэрхардтам).

The Guardian (Вялікабрытанія): «Уладальнік Нобэлеўскай прэміі 2015 году па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч незнаёмая шматлікім англамоўным чытачам. Аднак яе творчасьць дала слова тым, хто выжыў у канфліктах і стыхійных бедзтвах па ўсім былым Савецкім Саюзе, праліваючы сьвятло на эмоцыі народа ад Чарнобыля да Кабула».

Алексіевіч часта падвяргала сябе небясьпецы, беручыся за спрэчныя моманты савецкай гісторыі і кідаючы выклік афіцыйнай трактоўцы ўплыву гэтых падзеяў на простых грамадзян

The New York Times (CША): «У яе працах часта зьмешваюцца літаратура і журналістыка... Яна часта падвяргала сябе небясьпецы, беручыся за спрэчныя моманты савецкай гісторыі і кідаючы выклік афіцыйнай трактоўцы ўплыву гэтых падзеяў на простых грамадзян».

Le Figaro (Францыя): «Беларускі ляўрэат напісала ўсяго шэсьць твораў, але іх адзначыла Шведзкая акадэмія. Зброя гэтай журналісткі і пісьменьніцы? Магнітафон і асадка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG