Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічбы назіральнікаў супярэчаць дадзеным ЦВК


Падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску
Падчас датэрміновага галасаваньня ў Менску

За два дні датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі на ўчасткі прыйшлі 10,94% выбарцаў, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія. У незалежных назіральнікаў, якія акрэдытаваныя на шэрагу ўчасткаў, іншыя дадзеныя.

Так, паводле назіральнікаў грамадзкай кампаніі «Права выбару — 2015», афіцыйная яўка на ўчастках, дзе прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, амаль у два разы меншая, чым на тых участках, дзе іх няма. «Гэта сьведчыць пра тое, што наяўнасьць незалежных назіральнікаў на выбарчых участках стрымлівае выбарчыя камісіі ад больш маштабнага завышэньня яўкі», — адзначаецца ў афіцыйнай справаздачы кампаніі.

Свае высновы актывісты «Права выбару — 2015», якія бесьперапынна лічаць выбарцаў на 626 участках, пацьвярджаюць канкрэтнымі лічбамі. У другі дзень датэрміновага галасаваньня да скрыняў рэальна прыйшлі 54 527 чалавек. А камісіі паказалі 57 541 чалавека. Такім чынам, разыходжаньне з афіцыйнымі зьвесткамі склала 3014 чалавек, альбо 5,5%.

Папярэдняе галасаваньне на выбарчых участках 24 і 19 у Менску. Заўвагі назіральнткаў Казлова і Ганчарык
Папярэдняе галасаваньне на выбарчых участках 24 і 19 у Менску. Заўвагі назіральнткаў Казлова і Ганчарык

Рэкорд датэрміновага галасаваньня 7 кастрычніка назіральнікі «Права выбару — 2015» зафіксавалі на ўчастку № 82 Заводзкага раёну Менску. Там прагаласавалі 18,2% ад агульнай колькасьці выбарцаў. Сакрэт масавай яўкі ў тым, што на тэрыторыі гэтага ўчастку — лётная вучэльня, навучэнцы якой і забясьпечылі такую масавасьць. А найменшая колькасьць тых, хто прагаласаваў, зафіксаваная ўчора на ўчастку № 50 у Мікашэвічах. Там бюлетэні ў скрыні апусьцілі ўсяго 4 чалавекі.

У справаздачы падкрэсьліваецца: «Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў, дзейная ўлада шырока выкарыстоўвае адміністрацыйны ціск на людзей з мэтай забесьпячэньня яўкі на датэрміновым галасаваньні. Такія факты фіксуюцца ва ўсіх рэгіёнах і носяць масавы характар».

А асаблівасьць сёлетняй кампаніі — тое, што праўладныя назіральнікі пад дыктоўку старшынь выбарчых камісіяў пішуць скаргі на незалежных назіральнікаў, каб тых пазбавілі акрэдытацыі. Дзеля гэтага ў іх ёсьць загадзя падрыхтаваныя блянкі скаргаў. За два дні акрэдытацыі былі пазбаўленыя чатыры назіральнікі кампаніі «Права выбару — 2015», а шэраг назіральнікаў ужо атрымалі вусныя папярэджаньні.

Характэрныя парушэньні на пераважнай бальшыні выбарчых участкаў — неналежнае захоўваньне скрынь для галасаваньня, неапячатваньне памяшканьня, дзе знаходзяцца гэтыя скрыні, а таксама прысутнасьць пабочных асобаў у памяшканьні для галасаваньня.

«Права выбару — 2015» выставіла найбольшую колькасьць назіральнікаў ад беларускіх дэмакратычных структураў на гэтых выбарах. У кампанію ўваходзяць восем палітычных структураў. Гэта — партыі БНФ і БСДП («Грамада»), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты па стварэньні партыяў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Свабоды і прагрэсу, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Пра вялікія разыходжаньні паміж афіцыйнымі дадзенымі і лічбамі незалежных назіральнікаў кажа і Віктар Карняенка, сустаршыня яшчэ адной грамадзкай кампаніі — «За справядлівыя выбары — 2015»:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

«Напрыклад, выбарчы ўчастак № 50 у Баранавічах, дзе розьніца складае пад 40%. На 15 і 16 участках, што ў Цэнтральным раёне Менску, розьніца 40 і 50%. У Чыгуначным раёне Гомеля разыходжаньне складае больш за 30%. Гэта як прыклады. І такіх участкаў нямала. Паводле нашых дадзеных, там фіксуецца завышаная яўка».

У кампанію «За справядлівыя выбары — 2015» найбольшую колькасьць назіральнікаў вылучылі Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя «Справядлівы сьвет», — кажа спадар Карняенка:

«Наша галоўная мэта — уцягнуць як мага болей назіральнікаў, у тым ліку шмат новых, у асноўны дзень галасаваньня. Думаю, што сёлета гэта будзе самае масавае назіраньне. Мы плянуем, каб 11 кастрычніка было задзейнічана ня меней за дзьве тысячы назіральнікаў. Бо галоўныя відавочныя парушэньні адбываюцца падчас падліку галасоў.

А на датэрміновым галасаваньні нам дастаткова мэтаду „пробы вады“. То бок мы бяром канкрэтныя ўчасткі і праводзім там назіраньні. Глядзім, якім чынам там адбываюцца працэдуры. І робім свае высновы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG